Top.Mail.Ru

Парламенцкія чытанні на тэму «Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь – гісторыя і сучаснасць (з 1996 года па цяперашні час)» прайшлі ў Палаце прадстаўнікоў

Рашаць надзённыя задачы заканадаўча

Сустрэча, якая стала працягам цыкла парламенцкіх чытанняў, прымеркаваных да 30-годдзя Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, атрымалася ўнікальнай — упершыню ў ёй узялі ўдзел дэпутаты адразу васьмі скліканняў. Ва ўрачыстай атмасферы прагучалі тэматычныя даклады — у тым ліку аб фарміраванні прававога фундамента суверэннай Беларусі, рэалізацыі вынікаў рэферэндуму 2022 года ў заканатворчай дзейнасці.

Мерапрыемству папярэднічалі дзве сустрэчы на знакавых для нашай краіны пляцоўках. У Полацкім дзяржаўным універсітэце імя Еўфрасінні Полацкай абмяркоўвалі вытокі беларускага народаўладдзя — ад вечавых традыцый да пачатку XX стагоддзя, а пра ўклад дэпутатаў Вярхоўнага Савета БССР першага склікання ў Перамогу і аднаўленне краіны ў пасляваенныя гады гаварылі ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. А завяршыўся цыкл разглядам пытання аб развіцці Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу за 30 гадоў, адзначыў Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар СЕРГЯЕНКА:

— Дзякуючы Прэзідэнту, яго нязломнай волі і палітычнаму досведу, дзякуючы працавітасці і вернасці беларускага народа, мы захавалі краіну, стварылі сучасную заканадаўчую базу для комплекснага развіцця галін эканомікі і ўпэўнена глядзім у будучыню, — падкрэсліў Ігар Сергяенка.

Старшыня Палаты прадстаўнікоў таксама зачытаў віншаванне Прэзідэнта з 30-годдзем з дня ўтварэння Нацыянальнага сходу.

Паводле слоў Ігара Сергяенкі, перад кожным скліканнем стаялі свае спецыфічныя задачы, прадыктаваныя духам часу: дэпутаты займаліся пытаннямі станаўлення, развіцця эканомікі, гарантавання нацыянальнай бяспекі. Сёння ўзнікаюць новыя выклікі і пагрозы, на якія таксама неабходна своечасова рэагаваць, забяспечваць іх рашэнне заканадаўча:

— Галоўная мэта — паказаць нашаму грамадству, нашым людзям тое, чым займаецца сёння найвышэйшы заканадаўчы орган нашай краіны, паказаць пераемнасць у дзейнасці парламентарыяў, — падкрэсліў Ігар Сергяенка. — Таму што будучыня і сучаснасць узаемазвязаны, па-іншаму быць не можа.

Са знамянальнай датай беларускіх калег у сваім прывітальным слове павіншаваў Старшыня Дзяржаўнай Думы Федэральнага сходу Расійскай Федэрацыі, Старшыня Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі Вячаслаў ВАЛОДЗІН:

— Мы разам будуем Саюзную дзяржаву, робім усё для таго, каб грамадзяне нашых краін ад гэтага выйгравалі. Дзейнічаем у інтарэсах сваіх дзяржаў, увесь час знаходзімся ў дыялогу. Таму віншуем нашых калег з такой падзеяй. Спадзяёмся на далейшае плённае ўзаемадзеянне ў інтарэсах нашых грамадзян кожнай краіны. І, вядома, пастараемся са свайго боку рабіць усё для таго, каб адносіны развіваліся.

«Нацыянальны сход — гэта не проста орган, які прымае законы. Гэта орган, які забяспечвае стабільнасць», — падкрэсліў Аляксандр СЯГОДНІК, старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў пятага склікання. Ён таксама адзначыў, што работа ў парламенце былі для яго адной з самых цікавых, бо ахоплівала адразу мноства кірункаў, у тым ліку з нарматыўнай базай, галіновымі міністэрствамі, з выбаршчыкамі ў рэгіёнах.

Увогуле 30-гадовы шлях заканадаўчай сістэмы нашай краіны быў насычаным і інтэнсіўным, бо стваралася база, фундамент беларускага заканадаўства, падкрэсліла Валянціна РАЖАНЕЦ, дэпутат Палаты прадстаўнікоў шостага і сёмага склікання, якая была старшынёй і намеснікам старшыні Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі. «Мы, прыйшоўшы ў Палату прадстаўнікоў, працягнулі гэтую маштабную, тытанічную працу, не губляючы сувязі з нашымі выбаршчыкам, — сказала яна. — Усе праўкі, якія адносіліся да заканадаўства, ішлі ад жыцця людзей, бо прыярытэтам была работа ў акрузе. І затым, сканцэнтраваўшы ўсе прапановы, пажаданні, спадзяванні, клопаты і трывогі нашых выбаршчыкаў, мы ўвасаблялі іх у рабоце над законапраектамі».

Шмат у чым законапраекты павінны быць накіраваны не столькі на ўжо існуючыя праблемы, колькі на апярэджанне, прафілактыку іх у будучыні, зазначыла Вольга ПАЛІТЫКА, якая была намеснікам старшыні Пастаяннай камісіі па прамысловасці, паліўна-энергетычным комплексе, транспарце і сувязі ў Палаце прадстаўнікоў пятага і шостага скліканняў: «Заканатворчая дзейнасць — гэта вельмі важная школа жыцця. Працуючы над законапраектамі, ты бачыш праблемы поўнасцю, у дзяржаўным маштабе. Разумееш, як узаемазвязаны паміж сабой розныя галіны заканадаўства, як гэта ўплывае на жыццё і канкрэтных рэгіёнаў, і канкрэтных прадпрыемстваў».

Аміна НАЗАРАВА

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю