Парламенцкія чытанні «Дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР першага склікання ў гады Вялікай Айчыннай вайны» праходзяць у Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, перадае БелТА.
Гэта тэма працягнула цыкл парламенцкіх чытанняў, прысвечаны 30-годдзю з дня ўтварэння Палаты прадстаўнікоў. На першым мерапрыемстве, якое прайшло ў пачатку верасня ў Полацку, абмеркавалі тэму вытокаў беларускага народаўладдзя.
Слухачамі другога мерапрыемства цыкла, акрамя дэпутатаў і работнікаў Сакратарыята Палаты прадстаўнікоў, сталі курсанты Ваеннай акадэміі, Акадэміі МУС, Інстытута пагранічнай службы, Універсітэта грамадзянскай абароны МНС.
«У Полацку мы праводзілі першыя чытанні, прысвечаныя вытокам беларускай дзяржаўнасці, — адзначыў Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергяенка, адкрываючы мерапрыемства. — Сёння мы звяртаемся да тэмы дзейнасці дэпутатаў Вярхоўнага Савета Беларускай ССР першага склікання».
Ён паведаміў, што, згодна з праведзенымі даследаваннямі, у гады вайны загінулі і зніклі без вестак 94 дэпутаты гэтага склікання.