Новая адміністрацыйная працэдура Міністэрства па надзвычайных сітуацыях цяпер даступна на «Е-Паслуга», расказалі ў Нацыянальным цэнтры электронных паслуг.
З 5 жніўня 2025 года на адзіным партале электронных паслуг «Е-Паслуга» даступная да замовы адміністрацыйная працэдура Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь. Гэта «Атрыманне заключэння аб адпаведнасці аб’екта будаўніцтва, што прымаецца ў эксплуатацыю, дазвольнай і праектнай дакументацыі (у частцы эксплуатацыйнай надзейнасці і прамысловай бяспекі)». Зараз атрымаць такі дакумент можна і ў аддаленым фармаце.
Перавод дзяржаўных сэрвісаў "у лічбу" праводзіцца ў Беларусі ўжо на працягу 13 гадоў: «Нацыянальны цэнтр электронных паслуг» развівае адзіны партал «Е-паслуга» і — з 2023 года — аднайменны мабільны дадатак, папаўняючы яго запатрабаванымі і важнымі для людзей электроннымі сэрвісамі, адзначае прэс-сакратар Дзяржаўнага прадпрыемства «НЦЭП» Мая Ендэладзэ. Сёння на партале ўжо больш за 770 сэрвісаў для самых розных катэгорый спажыўцоў — і для прадстаўнікоў бізнесу, і для арганізацый, і для грамадзян. Сэрвісы размеркаваны па 20 катэгорыях. Да найбольш запатрабаваных звычайнымі карыстальнікамі (то-бок грамадзянамі) катэгорый належыць, у прыватнасці, «ДАІ, транспарт»: тут можна атрымаць звесткі аб ДТЗ, вышуку аўто, дагаворах страхавання, дыягнастычных аглядах машыны, закладзе рухомай маёмасці, правах і абмежаваннях правоў на кіраванне аўтамабілем. У катэгорыі «Грамадзянства, пашпарт, ID-карта» акумулююцца паслугі, якія, у прыватнасці, даюць магчымасць праверыць легітымнасць дакументаў. У бізнесменаў адна з самых папулярных паслуг — па праверцы добранадзейнасці дзелавой рэпутацыі партнёра (паслуга знаходзіцца ў катэгорыі «Дакументы»). Яна дазваляе атрымаць інфармацыю аб арганізацыі — у тым ліку аб наяўнасці /адсутнасці запазычанасці перад бюджэтам, звесткі па справах аб эканамічнай неплацежаздольнасці (банкруцтве), відах падаткаў, што выплачваюцца і г. д.
— Сёлета мы назіраем істотны рост па пераводзе ў лічбавы фармат адміністрацыйных працэдур, у прыватнасці, у сферы ліцэнзавання, — расказала Мая Ендэладзэ. — Цяпер на партале 66 адміністрацыйных працэдур у гэтай галіне. З новых і найбольш цікавых — адміністрацыйныя працэдуры, якія дазваляюць атрымаць або змяніць ліцэнзію на ажыццяўленне адвакацкай дзейнасці.
Аляксандра Анцэлевіч.