Цяжка ацаніць глабальную з’яву, калі яна — звыклы фон твайго жыцця. Калі я была вучаніцай сярэдняй школы, іх песні ўвесь час гучалі па радыё і тэлебачанні і можна было папросту сустрэць артыстаў на вуліцах сталіцы.
Праектамі, прысвечанымі Уладзіміру Мулявіну і «Песнярам», Беларускі дзяржаўны інстытут праблем культуры, дзе я працавала ў рэдакцыйнавыдавецкай лабараторыі, займаўся ў 2005–2008 гг. Мне ўручылі стос публікацый аб легендарным ансамблі і яго кіраўніку з просьбай напісаць тэкст. Здзівіла, што ў артыкулах быў разнабой у датах нейкіх падзей. Адкінула ўсе звесткі пра пазасцэнічнае жыццё артыстаў, якімі шчодра дзяліліся з прэсай у гады перабудовы. Хацелася пакінуць галоўнае — тое, што стала і застанецца здабыткам гісторыі беларускай культуры.
Пачатак
Нарадзіўся ў Свярдлоўску ў студзені 1941 года, за паўгода да пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Часцінка вялікага народа, пакутніка і пераможцы, ён вучыцца жыць і думаць у маштабах велізарнай гераічнай краіны.
Інтэрв’ю з самім Мулявіным і яго сучаснікамі, якія ўспамінаюць пра гэтага чалавека, выхопліваюць розныя грані яго натуры. У 7 гадоў трапіў на рэпетыцыю і запісаўся ў струнны аркестр. Потым — ва ўсе аркестры недалёка ад дома. У шматлікіх інтэрв’ю Мулявін адзначаў, што яму пашанцавала: Аляксандр Іванавіч Наўроцкі — выдатны педагог, выхаванец Харкаўскага інстытута культуры, рэпрэсіраваны — займаўся з будучым песняром па 6–7 гадзін у суткі.
З ранніх гадоў Уладзіміру Мулявіну ўласцівая самастойнасць: зарабляць на хлеб пачаў у 11–12 гадоў, іграючы на самых розных інструментах на вуліцы, каля цягнікоў... У 1956-м паступіў у Свярдлоўскае музычнае вучылішча. У 15 гадоў спрабаваў стварыць джаз-бэнд. Дзевяць аднадумцаў адлічаны з вучылішча «за захапленне заходняй музыкай». Раз’ехаўшыся па родных гарадах, паступілі зноў... Уладзіміра Мулявіна неўзабаве аднавілі ў Свярдлоўскім музвучылішчы…
У 1959 годзе ён атрымаў запрашэнне ад Беларускай філармоніі і прыехаў у Мінск. Тут яшчэ няма джаза, але адкрыў для сябе фолк-рок.
Пра службу ў войску (1960–1962 гг.) пазней Мулявін казаў: «„Лявоны“-салдаты да гэтага часу аказваюць вялікі ўплыў на артыстаў-„Песняроў“... У замежных гастролях мы пачуваемся байцамі савецкага войска мастацтваў...» Звольніўшыся ў запас, Уладзімір Георгіевіч вярнуўся на працу ў Белдзяржфілармонію.
Першая ступень да славы
Служба ў Чырванасцяжнай Беларускай ваеннай акрузе стала важнай вяхой у лёсе Уладзіміра Мулявіна: у 1960 годзе ён знаёміцца з Леанідам Тышко, Уладзіславам Місевічам і Уладзімірам Яшкіным. У той перыяд Мулявін адточвае майстэрства саліста і гітарыста, стварае першыя аранжыроўкі народных песень. Куміры 1960-х — вакальныя квартэты: вядома ж, «Бітлз», уплыву якога не пазбеглі нашы героі, грузінскі «Арэра», азербайджанскі «Гайна»…
Мулявіна і таварышаў аб’ядноўваюць цікавасць да беларускага песеннага фальклору, вялізная працавітасць і жаданне спасцігаць новае. З акампаніруючай групы танцавальнага ансамбля «Лявоніха» нараджаецца квартэт «Лявоны». У 1969-м у калектыў прыйшлі Валерый Мулявін (рытм-гітара) і Аляксандр Дзямешка (ударныя). У іх рэпертуары — і савецкая класіка, і заходнія хіты. Спалучыўшы гітарна-ўдарны склад з дудачкай, цымбаламі, лірай, скрыпкай, «Лявоны» падышлі да свайго чытання беларускага песеннага фальклору.
Першаму канцэрту папярэднічалі паўгода рэпетыцый — і поспех!
Прачнуліся знакамітымі
На пытанне «За што вы палюбілі народную песню?» Уладзімір Мулявін у адным з інтэрв’ю адказаў: «За наіўнасць і адначасова за глыбіню тэксту. Там каласальная паэзія, а якая філасофія!»
Грунтоўным быў падыход гурта да свайго рэпертуару, старанна абдумвалася і назва — утульную «Лявоны» вырашылі змяніць на больш маштабную — «Песняры». Гэта шмат да чаго абавязвала, патрабавала сучаснага прачытання народнай песні і грамадзянскага гучання астатняга рэпертуару. У канцы 1969-га ў ансамбль прыходзіць Уладзімір Мікалаеў: у палітру «Песняроў» уплятаюцца арган і трамбон.
IV Усесаюзны конкурс артыстаў эстрады ў кастрычніку 1970-га ў Маскве адбыўся пасля 12-гадовага перапынку. «Песняры» прыехалі за ўласны кошт, на свой страх і рызыку (ні пра якую падтрымку не магло быць і гаворкі, вакальна-інструментальны жанр з вялікай цяжкасцю прабіваў шлях на эстраду), і прадставілі на суд патрабавальнага журы і слухачоў у першым туры песні «Трубачы», «Цёмная ноч», а таксама баладу «Хатынь», спецыяльна напісаную для іх Ігарам Лучанком. У другім туры «Песняры» раскрылі багаты дыяпазон беларускай лірычнай песні: «Ты мне вясною прыснілася» (Ю. Семянякі), «Ой, рана на Івана», «Аve Maria» (М. Танка). «На галаву вышэй за іншых», «калектыў, незвычайны ва ўсіх адносінах», «яны заваююць увесь свет» — прэса не скупілася на добрыя словы.
Крыніца творчасці
З’яўленню шматлікіх песень у рэпертуары ансамбля папярэднічалі фальклорныя экспедыцыі, адкрыцці варыянтаў выканання адной і той жа песні ў розных рэгіёнах рэспублікі. Аранжыроўка выконвалася далікатна — «Песняры» імкнуліся захаваць і выявіць усю прыгажосць меладычнага малюнка. «Гэта не стылізацыя „пад народ“ і не механічнае перанясенне песень на сёлетнюю эстраду. Цяжка вельмі, — прызнаваўся Уладзімір Георгіевіч, — але вынік акупляе ўсё шматкроць».
Уладзімір Мулявін элегантна і вельмі гарманічна спалучыў архаічныя пласты музыкі з сучаснымі, стварыўшы зусім новы напрамак у савецкай эстрадзе — неафалькларызм. У прэсе, тым не менш, спачатку разгарэліся дэбаты аб этычнасці «такога вольнага абыходжання з фальклорам», артыстаў нават абвінавацілі ў тым, што яны «каламуцяць празрыстую ваду народных песенных крыніц».
Іх задачай пры запісе другога альбома было вяртанне слухачам традыцыйнай каляндарна-абрадавай песні. Прытрымліваючыся народнага календара, творча перапрацоўваючы зыходны матэрыял, кампазітар-аранжыроўшчык і музыканты ствараюць яркія запамінальныя вобразы: гулкія поклічы прыроды, якая прачынаецца, у вясновай песні «Жавароначкі, прылятайце», пастараль летняй купальскай песні з прадчуваннем чарадзейства, вясёлая святочнасць жніўных песень...
Гастролі
У «Песняроў» шчаслівы гастрольны лёс: Германія, Польшча, Чэхаславакія, Румынія, Францыя…
У адным з інтэрв’ю Анатоль Кашапараў успамінаў: «Позняй восенню 1971-га паступіла прапанова ад Мулявіна працаваць у ансамблі. Згадзіўся і ўжо праз тры дні паехаў з калектывам у Чэхаславакію. Гэта была падзея нешараговая, паколькі дазволаў на падобныя паездкі ў той час даводзілася чакаць да паўгода».
У Канах у 1975-м іх пачуў амерыканскі імпрэсарыа Сід Гарыс, які пажадаў аб’яднаць у адным канцэрце амерыканскае (група New Christy Minstrels) і беларускае кантры. Нягледзячы на афармленне дакументаў, узгадненні і іншую бюракратычную цяганіну, што заняло цэлы год, «Песняры» атрымалі візы ў Амерыку. 1976 год, першае заакіянскае турнэ, маленькія мястэчкі Поўдня заваяваны беларускай лірыкай. Фірма «Каламбія» запісала дыск, куды ўвайшлі «Купалінка», «Касіў Ясь канюшыну», «Вераніка»... Праз год — другая паездка ў Штаты. Гастралявалі ў гарадах Індыі і ў краінах Афрыкі.
Самым адказным момантам «Песняры» лічылі выступленне ў канферэнц-зале ААН, дзе прадстаўлялі культурную праграму, прысвечаную 100-годдзю Максіма Багдановіча. Гэты час нарадзіў дзве легенды: «Слухаць „Песняроў“ завяшчаў вялікі Ленан» і «Пол Макартні зайздросціў „Песнярам“».
У садружнасці
Героіка-патрыятычная тэма — другі краевугольны камень славы «Песняроў». У іх рэпертуары новае гучанне набывае «Цёмная ноч» М. Багаслоўскага, з іх лёгкай рукі сталі папулярныя «Дразды» У. Шаінскага... Своеасаблівай застаўкай канцэртаў стала «Беларусь» А. Пахмутавай на вершы М. Дабранравава, спадабалася слухачам і «Белавежская пушча».
Асобна варта згадаць у гэтым «зорным» шэрагу Ігара Лучанка. Супрацоўніцтва кампазітара і «Песняроў» падарыла слухачам 24 песні.
«Не трэба думаць, што ўсё ідзе гладка. Слухач бачыў толькі айсберг, а велізарная крыга „адпрацаванага“ матэрыялу, дзясяткі варыянтаў, якія чамусьці не задавальнялі нас ці кампазітараў, спрэчкі, а часам і сваркі застаюцца за дзвярыма творчай лабараторыі. Песня не павінна, не можа прыстасоўвацца да ансамбля, ёй <...> неабходна быць выпакутаванай і ім, і кампазітарам», — гэтыя словы Уладзіміра Георгіевіча цалкам справядлівыя ў адносінах сумеснай творчасці з Ігарам Лучанком.
Буйныя канцэртныя формы
Велізарны творчы патэнцыял ансамбля, артыстызм, уменне музычнымі сродкамі раскрываць разнапланавыя характары падштурхнулі «Песняроў» да работы над буйнымі канцэртнымі формамі.
Першай стала опера-прытча «Песня пра долю», у аснове якой ляжалі раннія творы народнага паэта Беларусі Янкі Купалы (лібрэта і пастаноўка Валерыя Яшкіна). «Песняры» разважалі пра лёс беларускага селяніна, асуджанага з маленства на беспрасветную галечу…
Паспрабаваўшы сілы, перайшлі да больш складанага твора — паэмы «Курган», спецыяльна для гэтай мэты пашырыўшы склад ансамбля.
Дыпломнай работай І. Лучанка была Кантата для сімфанічнага аркестра, хору і салістаў, напісаная па матывах паэмы Купалы. Створаны на музыку Лучанка ў аранжыроўцы Мулявіна спектакль ішоў з вялікім поспехам. Прэм’ера «Гусляра» адбылася ў 1979 годзе.
З таго часу выступленні «Песняроў» праходзілі наступным чынам: адно аддзяленне — тэатралізаваная кампазіцыя, другое — песеннае.
Праграму «Праз усю вайну» рыхтавалі ў садружнасці з паэтам Валянцінам Тарасам. Звярнуліся да творчасці Янкі Купалы, А. Твардоўскага, А. Пракоф’ева, С. Гудзенкі, Н. Кісліка, Э. Агняцвет. У выніку жорсткага адбору ў новай кампазіцыі засталося 17 песень (напісана было значна больш). Прысвечаная 40-годдзю вызвалення Беларусі ад фашыстаў, праграма стварыла вобраз радавога героя вайны.
Між тым праграма «Вольнасць» была прысвечана тэме аб’яднання славянства (праваслаўных украінскага, рускага і беларускага народаў) і ўключала песні на трох мовах.
Аб’ект даследавання
Пра такую з’яву, як «Песняры», нельга было не казаць — ансамблем заняліся не толькі журналісты, але і музыказнаўцы-аналітыкі. Старанна разбіраліся прыступкі да славы, усебакова разглядалася кожная праграма, яе плюсы і недахопы.
Прысвечаныя творчасці «Песняроў» аналітычныя матэрыялы адзначалі велізарную ролю калектыву ў тым, што на адной шостай частцы свету абудзілася цікавасць да беларускай песні. Адзначаючы яркую індывідуальнасць кожнага музыканта, не скупіліся на кампліменты Уладзіміру Мулявіну: яго спевы — адметная асаблівасць ансамбля, аранжыроўкі — узор высокага мастацтва. Любімай тэмай аналітычных работ былі традыцыі народнай песеннай культуры ў творчасці калектыву.
Аўтары гэтых работ аднадушныя ў высновах: ансамбль «Песняры» стаў адным з першых калектываў рэспублікі, які на аснове беларускай народнай песні пад уплывам сучасных плыняў — джаза і рока, а таксама савецкай песеннай класікі сфарміраваў нацыянальны песенны стыль, які арганічна ўліўся ў музычную культуру Беларусі.
Вольга ПАЎЛЮЧЭНКА