Беларускія мытнікі канфіскавалі 154 кг псіхатропу 4-ВМС, які мелі намер завезці на тэрыторыю ЕАЭС, паведамілі БелТА ў Гродзенскай рэгіянальнай мытні.
Польскі транспартны сродак са схаванай партыяй псіхатропнага рэчыва прыбыў у Беларусь праз пункт пропуску «Казловічы». Для перагрузкі зборнага грузу 44-гадовы беларус, кіроўца грузавіка, прайшоў у пункт пропуску «Брузгі». Тут аўто агледзелі з ужываннем інспекцыйна-надгляднага комплексу і пры далейшым надглядзе дасталі са схованак, абсталяваных у таварах, псіхатроп.
Пры правядзенні аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў і неадкладных следчых дзеянняў на тэрыторыі Расіі супрацоўнікамі Федэральнай мытнай службы (ФМС) РФ затрыманыя трое грамадзян, якія маюць дачыненне да рэалізацыі злачыннай схемы. У аднаго з іх канфіскавана яшчэ 6 кг гашышу і 20 г какаіну.
Гродзенскай рэгіянальнай мытняй і ФМС Расіі распачатыя крымінальныя справы за кантрабанду наркотыкаў у асабліва буйным памеры. Санкцыі артыкулаў прадугледжваюць пазбаўленне волі на тэрмін ад 10 да 20 гадоў.
4-ВМС адносіцца да досыць маладых «дызайнерскіх» псіхатропаў. У наркагандлі ён прадстаўлены з 2011 года, па дзеянні падобны да амфетаміну і МДМА. Колькасці, што перавозілася, хапіла б на 700 тыс. доз, а кошт такой партыі на чорным рынку складае $10 млн.