У мінскім метро пасажыр хацеў купіць адразу 3 тыс. жэтонаў, паведамілі БелТА ў прэс-службе метрапалітэна.
«У сувязі са змяненнем з 27 сакавіка кошту праезду ў пасажырскім грамадскім транспарце з 21 сакавіка назіраўся павышаны попыт на набыццё жэтонаў. Быў зафіксаваны выпадак, калі грамадзянін звярнуўся з просьбай аб набыцці 3 тыс. жэтонаў», — расказалі ў прэс-службе.
Там нагадалі, што ў адпаведнасці з правіламі перавозак пасажыраў жэтон вяртанню не падлягае.
«Ёсць альтэрнатыва — праязныя дакументы на пэўную колькасць паездак, дзе закладзена зніжка, таму кошт адной паездкі танней за кошт жэтона. Маецца магчымасць набыцця адзінага праязнога дакумента на ўсе віды гарадскога пасажырскага транспарту», — праінфармавалі ў сталічнай падземцы.
Як паведамлялася, у сталіцы павялічыўся кошт праезду ў гарадскім пасажырскім транспарце на 0,15 рубля. Праезд у аўтобусе, тралейбусе, трамваі цяпер складае 1,1 рубля, у метрапалітэне — 1,15 рубля. Кошт адзінага праязнога дакумента на месяц — 65,84 рубля.