Пасажырапаток на трансгранічных прыгарадных чыгуначных маршрутах паміж Смаленскам, Віцебскам і Оршай паказвае ўпэўнены рост. Аб гэтым заявілі ў ААТ «РЧ», паведамляе БелТА.
Паводле даных перавозчыка, за тры месяцы работы трансгранічных прыгарадных маршрутаў паяздамі скарысталіся больш як 25 тыс. пасажыраў. З іх на напрамку Смаленск — Віцебск — амаль 15 тыс.
«Пры гэтым, калі за красавік прыгарадны пасажырапаток з Беларуссю склаў звыш 5,5 тыс. чалавек, то ў маі і чэрвені ён кожны месяц дасягаў ужо каля 10 тыс., што сведчыць аб амаль двухразовым росце. Асаблівай папулярнасцю маршруты карыстаюцца ў выхадныя дні. Напрыклад, у першыя доўгія выхадныя мая і ў Дзень Расіі толькі прыгараднымі паяздамі ў Віцебск скарысталіся прыкладна па 1,5 тыс. чалавек», — адзначылі ў РЧ.
Маршруты Смаленск — Віцебск і Смаленск — Орша былі запушчаны 2 красавіка па рашэнні Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы. Яны забяспечваюць прамыя чыгуначныя зносіны паміж гарадамі без перасадак з эканоміяй больш як паўтары гадзіны ў дарозе. На лініі Смаленск — Віцебск працуюць сучасныя рэйкавыя аўтобусы РА-3, да Оршы курсіруюць электрапаязды ЭП3Д. На абодвух напрамках у летні перыяд прадугледжана да трох пар паяздоў у суткі. Паязды рухаюцца штодзённа, а ў перыяды павышанага попыту назначаюцца дадатковыя рэйсы.