Беларусь зацікаўлена ў пастаўках у Яраслаўскую вобласць розных відаў тэхнікі і ліфтаў. Аб гэтым заявіў намеснік Прэм’ер-міністра Беларусі Віктар Каранкевіч у час сустрэчы з губернатарам Яраслаўскай вобласці Міхаілам Яўраевым, перадае БелТА.
«Беларусь разглядае Яраслаўскую вобласць як надзейнага гандлёва-эканамічнага партнёра. За апошнія пяць гадоў узаемны тавараабарот вырас у 1,7 раза і па выніках 2024 года дасягнуў рэкорднага значэння $370 млн. Гэты рэзультат стаў магчымы ў тым ліку дзякуючы рэалізацыі праграмы развіцця двухбаковага супрацоўніцтва паміж урадамі Беларусі і Яраслаўскай вобласці на 2024—2025 гады. Для захавання такой дадатнай тэндэнцыі неабходна прадоўжыць ствараць спрыяльныя ўмовы для пашырэння ўзаемадзеяння, тым больш што патэнцыял для гэтага далёка не вычарпаны. У нас ёсць яшчэ шмат напрамкаў для росту», — сказаў Віктар Каранкевіч.

Адным з ключавых напрамкаў ён назваў прамысловасць і вытворчую кааперацыю. «Паміж беларускімі і яраслаўскімі вытворцамі ўстаноўлены трывалыя доўгатэрміновыя сувязі. У якасці прыкладу можна прывесці сумесную работу ААТ „БАТЭ“ і Барысаўскага завода агрэгатаў з ПАТ „Аўтадызель“, „Гомсельмаша“ з Тутаеўскім маторным заводам, БМЗ з „Кардыянтам“. У ходзе нашай сустрэчы хацелася б дэталёва абмеркаваць магчымыя аспекты, якія датычацца парку абнаўлення пасажырскай тэхнікі Яраслаўскай вобласці за кошт сучасных мадэлей, якія выпускаюцца беларускімі заводамі — МАЗам, „Белкамунмашам“. Гэта датычыцца аўтобусаў, тралейбусаў, трамваяў. Мы ўжо маем вопыт супрацоўніцтва ў гэтым напрамку», — адзначыў віцэ-прэм’ер.
Беларусь таксама зацікаўлена ў пашырэнні супрацоўніцтва ў частцы паставак запатрабаваных у Яраслаўскай вобласці сельскагаспадарчай і грузавой тэхнікі, дарожна-будаўнічых машын, ліфтавага абсталявання. «Гэта шырока вядомыя брэнды МАЗ, „Гомсельмаш“, МТЗ, „АМКАДОР“, „Магілёўліфтмаш“, рэалізацыя прадукцыі якіх гарантавана суправаджаецца і сучасным якасным сэрвісным абслугоўваннем», — падкрэсліў Віктар Каранкевіч.
Таксама ён акцэнтаваў увагу на станкабудаванні. Беларускія станкабудаўнічыя заводы маюць вопыт паспяховай работы ў Яраслаўскай вобласці і зацікаўлены ў прадаўжэнні ўдзелу ў тэхнічным пераўзбраенні прамысловых прадпрыемстваў расійскага рэгіёна праз пастаўку, мадэрнізацыю і абслугоўванне высокатэхналагічных станкоў.
У галіне сельскай гаспадаркі ў Беларусі ёсць сучасныя напрацоўкі навукова-практычных цэнтраў у сферах раслінаводства і жывёлагадоўлі, механізацыі сельскай гаспадаркі, якімі беларускі бок гатовы падзяліцца з аграпрамысловымі прадпрыемствамі Яраслаўскай вобласці. Таксама Беларусь гатова прэзентаваць праекты малочнатаварных ферм — абсталявання і тэхналогій. У краіны ёсць і вопыт паставак тэхнікі для правядзення меліярацыйных работ.
«У якасці рэальнай магчымасці для паглыблення нашага ўзаемадзеяння ў бліжэйшыя гады бачым таксама рэалізацыю праектаў у жыллёва-камунальнай гаспадарцы, будаўніцтве. Гатовы ўдзельнічаць ва ўзвядзенні новых аб’ектаў у рамках дзяржпраграм, што рэалізуюцца ў рэгіёне, а таксама дзяліцца вопытам і тэхналогіямі ў галіне перапрацоўкі адходаў і рэканструкцыі сістэм водазабеспячэння», — дадаў віцэ-прэм’ер.
Увага ўдзяляецца і гуманітарнаму складніку супрацоўніцтва — правядзенню сумесных культурных, спартыўных і адукацыйных мерапрыемстваў. «Запрашаю вашых спартсменаў удзельнічаць ва ўсіх спаборніцтвах, якія праводзяцца ў Беларусі, а таксама актыўна выкарыстоўваць патэнцыял нашых спартыўных баз для падрыхтоўкі да буйных міжнародных стартаў. Мы шырока адкрываем дзверы для жыхароў Яраслаўскай вобласці: Беларусь — краіна з цікавай гісторыяй, багатымі традыцыямі, цудоўнай прыродай, дзіўнай архітэктурай і гасціннымі людзьмі.У нас ёсць чым здзівіць турыстаў», — зрабіў акцэнт Віктар Каранкевіч.