Top.Mail.Ru
204

Пашыраны пералік гарантый для работнікаў сферы транспарту і камунікацый

Аб гэтым дамовіліся Мінтранс і Беларускі прафсаюз работнікаў транспарту і камунікацый, падпісаўшы Тарыфнае пагадненне на 2025—2028 гады.

Дакумент стаў вынікам сумеснай работы сацыяльных партнёраў, накіраванай на павышэнне сацыяльнай абароненасці работнікаў, умацаванне кадравага патэнцыялу і стварэнне бяспечных умоў працы ў транспартнай галіне.

Нагадаем, што галіновае пагадненне вызначае прынцыпы працоўных і сацыяльна-эканамічных адносін, замацоўвае дадатковыя гарантыі для работнікаў галіны, а таксама прапісвае абавязацельствы і адказнасць бакоў сацыяльнага партнёрства. Акрамя таго, падпісанне Тарыфнага пагаднення з’яўляецца падставай для перагляду і калектыўных дагавораў арганізацый сферы транспарту і камунікацый: новыя дамоўленасці ўжо у хуткім часе знойдуць адлюстраванне ў лакальных дакументах.

Так, у абноўленым пагадненні з’явіліся новыя палажэнні, накіраваныя на пашырэнне ўдзелу работнікаў у праграме добраахвотнага назапашвальнага пенсіённага страхавання, павышэнне прэстыжу працоўных прафесій і скарачэнне дэфіцыту кадраў. Таксама Тарыфным пагадненнем прадугледжваецца ўстанаўленне аднаразовых выплат работнікам, у тым ліку пенсіённага ўзросту (запатрабаваных прафесій) пры заключэнні кантракта на максімальны тэрмін.

— У цэлым, дакумент узмоцнены шэрагам дадатковых нормаў, якія накіраваны на ўсебаковую сацыяльную абарону і падтрымку нашых работнікаў. Гэта рэальныя меры, якія дазволяць не толькі захаваць кадравы патэнцыял, але і будуць садзейнічаць у прыцягненні новых спецыялістаў у галіну, што асабліва актуальна сёння. Упэўнены, што новае пагадненне стане асновай для павышэння эфектыўнасці працы, умацавання сацыяльнай стабільнасці і, як вынік, далейшага развіцця транспартнага комплексу ў цэлым, — падкрэсліў старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў транспарту і камунікацый Уладзімір Федаровіч.

Міністр транспарту і камунікацый Аляксей Ляхновіч у сваю чаргу назваў новае Тарыфнае пагадненне самым важным дакументам для галіны на найбліжэйшыя тры гады. Ён падзякаваў галіноваму прафсаюзу за праведзеную эфектыўную работу і ўнесеныя прапановы.

Трэба адзначыць, што поўнасцю перагледжаны раздзел, які датычыцца падтрымкі моладзі. У дакумент былі ўнесены палажэнні, накіраваныя на стымуляванне працоўнай актыўнасці маладых людзей, пашырэнне практыкі інстытута настаўніцтва, стварэнне магчымасцяў для іх асабістага і прафесійнага росту. Так, напрыклад, прадугледжана павелічэнне даплат навучэнцам па запатрабаваных спецыяльнасцях, прадастаўленне кампенсацыйных выплат за наём жылля выпускнікам, размеркаваным на працу і інш.

Алена КРАВЕЦ


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю