Урад удасканаліў парадак аказання платных медыцынскіх паслуг у дзяржаўных установах аховы здароўя.
Пасля паспяховага эксперымента, які праводзіўся з вясны 2022 года ў пары дзясяткаў дзяржустаноў, з бягучага года вырашана яго пашырыць на больш шырокае кола ўдзельнікаў. Па жаданні грамадзян дзяржаўныя медустановы могуць аказваць платныя паслугі ў выхадныя і святочныя дні, а колькасць такіх арганізацый павялічыцца да 265. Пералік саміх медыцынскіх паслуг таксама павялічваецца за кошт найбольш запатрабаваных медыцынскіх умяшанняў — пераважна хірургічнага профілю і дыягнастычных даследаванняў. Аказвацца яны будуць у дзяржустановах, якія маюць неабходную матэрыяльна-тэхнічную базу і кадравы патэнцыял.
Адпаведную пастанову днямі падпісаў прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка. Яе рэалізацыя дазволіць прапанаваць грамадзянам альтэрнатыву прыватным медыцынскім цэнтрам, што аказваюць платныя паслугі па высокіх цэнах, павысіць узровень заработнай платы медыцынскіх работнікаў, якія ўдзельнічаюць у аказанні такіх паслуг, а таксама больш эфектыўна выкарыстоўваць медыцынскае абсталяванне.
Пры гэтым гарантаваны аб’ём бясплатнай дапамогі, як адзначылі ў Міністэрстве аховы здароўя, не зменіцца: «Медыцынская дапамога, як і раней, будзе прадастаўляцца бесперашкодна, бясплатна ў поўным аб’ёме і на тых жа ўмовах, што дзейнічалі дагэтуль».
Сярод платных працэдур — гінекалагічныя, уралагічныя, афтальмалагічныя, нейрахірургічныя, атарыналарынгалагічныя, рэнтгенхірургічныя, рэканструктыўныя, артапедычныя, траўматалагічныя, сківічна-тваравыя, агульнахірургічныя, практалагічныя, эндаскапічныя. Дакумент таксама замацоўвае норму, якая дазваляе грамадзянам пры жаданні выкарыстоўваць анестэзіялагічную дапамогу пры атрыманні платных медпаслуг.
Фота БелТА