Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь
Палаце прадстаўнікоў
Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь
Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу
Рэспублікі Беларусь
Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь
Палаце прадстаўнікоў
Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь
Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу
Рэспублікі Беларусь
Канстытуцыя як грамадскі дагавор мае галоўнай мэтай сцвярджэнне беларускай дзяржавы, у якой увасабляецца неад’емнае права народа Беларусі на самавызначэнне, забяспечваецца свабоднае развіццё кожнага і дабрабыт усяго грамадства. У гэтай якасці Канстытуцыя з’яўляецца сувязным звяном паміж пакаленнямі беларусаў, якіх аб’ядноўваюць нацыянальныя культурныя традыцыі і агульначалавечыя каштоўнасці, любоў да Радзімы і павага да суверэнных правоў іншых народаў і дзяржаў.
Канстытуцыя замацоўвае асноватворны абавязак Рэспублікі Беларусь як дэмакратычнай сацыяльнай прававой дзяржавы абараняць сваю незалежнасць і тэрытарыяльную цэласнасць, канстытуцыйны лад, забяспечваць законнасць і правапарадак. Грамадзяне Беларусі і ўсе дзяржаўныя інстытуты закліканы адстойваць выбраны шлях развіцця, суверэнітэт дзяржавы і іншыя канстытуцыйныя каштоўнасці.
Сучасная геапалітычная сітуацыя характарызуецца дэвальвацыяй міжнароднага права, дэградацыяй сістэмы міжнародных адносін, якая склалася пасля Другой сусветнай вайны, беспрэцэдэнтным умяшаннем асобных дзяржаў ва ўнутраныя справы іншых дзяржаў, у тым ліку з прымяненнем ваеннай сілы, адвольным устанаўленнем у аднабаковым парадку неправамерных абмежавальных мер (санкцый) з мэтай прымусу да змены ўнутранай і знешняй палітыкі.
У названых умовах усямернае забеспячэнне непахіснасці канстытуцыйнага ладу як найважнейшая задача дзяржавы, грамадства і кожнага грамадзяніна выяўляецца ў абароне суверэнітэту беларускай дзяржавы, умацаванні нацыянальнай бяспекі, рэальным увасабленні ў жыццё канстытуцыйнага прынцыпу народаўладдзя, у свабоднай рэалізацыі грамадзянамі гарантаваных дзяржавай канстытуцыйных правоў і свабод, а таксама ў няўхільным выкананні імі канстытуцыйных абавязкаў.
Паказчыкамі паступальнага развіцця канстытуцыйнага прынцыпу народаўладдзя і дэманстрацыяй суверэннай волі народа Беларусі з’явіліся значныя грамадска-палітычныя падзеі мінулага года.
26 студзеня 2025 г. беларускі народ выбраў Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнку.
У адпаведнасці з часткай чацвёртай артыкула 1161 Канстытуцыі Канстытуцыйны Суд па прапанове Прэзідыума Усебеларускага народнага сходу дае заключэнні аб канстытуцыйнасці правядзення выбараў Прэзідэнта, дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і членаў Савета Рэспублікі. Прэзідыум Усебеларускага народнага сходу з такой прапановай у Канстытуцыйны Суд не звяртаўся. Выбаршчыкі пацвердзілі прыхільнасць курсу кіраўніка дзяржавы, напраўленаму на ўмацаванне суверэнітэту, бяспекі і міжнародных пазіцый Рэспублікі Беларусь, забеспячэнне паступальнага сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны і павышэнне дабрабыту грамадзян. Выбарчая кампанія прайшла ў спакойнай грамадска-палітычнай абстаноўцы, грамадзяне Рэспублікі Беларусь прадэманстравалі высокі ўзровень правасвядомасці і прававой культуры.
На другім пасяджэнні сёмага Усебеларускага народнага сходу 18–19 снежня 2025 г.
упершыню рэалізаваны новыя канстытуцыйныя паўнамоцтвы найвышэйшага прадстаўнічага органа народаўладдзя Рэспублікі Беларусь: зацверджана Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2026–2030 гады, абноўлены склад Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь і Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь.
Прававой асновай прыярытэтаў і мер сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны з’яўляюцца канстытуцыйныя палажэнні, якія абвяшчаюць чалавека, яго правы і свабоды найвышэйшай каштоўнасцю і мэтай грамадства і дзяржавы і ўстанаўліваюць дзяржаўныя гарантыі рэалізацыі канстытуцыйных правоў і свабод асобы.
Рэалізацыя Усебеларускім народным сходам паўнамоцтва па выбранні Старшыні, намесніка Старшыні і суддзяў Канстытуцыйнага Суда ўмацоўвае незалежнасць Канстытуцыйнага Суда як канстытуцыйнага арбітра, садзейнічае эфектыўнасці яго дзейнасці па абароне канстытуцыйнага ладу, правоў і свабод грамадзян, гарантаваных Канстытуцыяй.
Прынятыя Усебеларускім народным сходам рашэнні накіраваны на кансалідацыю грамадства і падтрымку стабільнасці дзяржаўнага развіцця.
Залогам непахіснасці канстытуцыйнага ладу з’яўляецца народнае адзінства, якое праяўляецца ў яднанні грамадзян Беларусі ўсіх пакаленняў, нацыянальнасцяў, сацыяльных слаёў і рэлігійных канфесій на аснове захавання гістарычнай памяці, цвёрдага прытрымлівання культурных і духоўных традыцый і маральных каштоўнасцяў беларускага грамадства.
Сумеснымі намаганнямі дзяржаўных органаў, грамадзянскай супольнасці і кожнага грамадзяніна Рэспубліка Беларусь паспяхова супрацьстаіць выклікам і пагрозам, якія ўзнікаюць, і ўпэўнена рухаецца па шляху пабудовы дэмакратычнай сацыяльнай прававой дзяржавы. Такая калектыўная дзейнасць, накіраваная на забеспячэнне росквіту краіны, з’яўляецца рэальным праяўленнем народнага адзінства і заканамерна цягне ўстанаўленне асобага палітыка-прававога рэжыму канстытуцыйнай бяспекі — стану абароненасці жыццёва важных інтарэсаў асобы, грамадства і дзяржавы ад унутраных і знешніх пагроз, якім прадвызначаецца непахіснасць канстытуцыйнага ладу і немагчымасць яго змены нелегітымным шляхам, забяспечваецца тэрытарыяльная цэласнасць краіны, дзяржаўны суверэнітэт, народаўладдзе, належнае функцыянаванне інстытутаў дзяржаўнай улады, канстытуцыйныя правы і свабоды асобы, стабільнае і ўстойлівае развіццё грамадства і дзяржавы на аснове грамадзянскай згоды, сацыяльнай справядлівасці і нацыянальна-культурнай самабытнасці.
Раздзел І. Абарона канстытуцыйнага ладу
1.1. Вызначальным сацыяльна-палітычным фактарам непахіснасці канстытуцыйнага ладу і ўмовай фарміравання народнага адзінства выступае ідэалогія беларускай дзяржавы, якая распаўсюджваецца і замацоўваецца ў грамадскай свядомасці з дапамогай выхавання і адукацыі праз асветніцкія ўстановы і дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі. Пры гэтым вырашальнае значэнне для пазітыўнага ўспрымання ідэалогіі ўсімі членамі грамадства мае тое, наколькі яна адказвае ідэям, уяўленням і спадзяванням грамадзян. У свядомасці сацыяльных груп і асобных індывідаў ідэалогія культывуе адказнае стаўленне да сацыяльнай рэчаіснасці, выхоўвае ў грамадзян перакананасць у правільнасці выбранага шляху грамадскага развіцця і заахвочвае іх да ўсвядомленай дзейнасці па дасягненні дабрабыту кожнага, росквіту грамадства і дзяржавы.
Ідэалогія беларускай дзяржавы, якая атрымала найвышэйшую легітымацыю ў артыкуле 4 Канстытуцыі, па сваёй сутнасці з’яўляецца агульнанароднай ідэалогіяй.
У развіццё палажэнняў Асноўнага Закона Дырэктывай Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 9 красавіка 2025 г. № 12 зацверджаны Асновы ідэалогіі беларускай дзяржавы. Абапіраючыся на палажэнні Канстытуцыі і Дырэктывы № 12, Канстытуцыйны Суд адносіць да канстытуцыйных асноў ідэалогіі беларускай дзяржавы прынцыпы і нормы Канстытуцыі, якія адлюстроўваюць базавыя пачаткі арганізацыі жыццядзейнасці грамадзян, грамадскіх і дзяржаўных інстытутаў, спосабы іх узаемадзеяння і перспектывы развіцця.
Такімі базавымі пачаткамі з’яўляюцца:
неадчужальнасць дзяржаўнага суверэнітэту, якая выяўляецца ў тэрытарыяльнай цэласнасці і непарушнасці дзяржаўных граніц Рэспублікі Беларусь, яе палітычнай незалежнасці і эканамічнай самастойнасці;
паўната народаўладдзя як свабоднае і бесперашкоднае ажыццяўленне народам Беларусі дзяржаўнай улады шляхам непасрэднай і прадстаўнічай дэмакратыі;
неад’емнасць правоў і свабод чалавека і грамадзяніна, якая прадугледжвае паслядоўнае забеспячэнне правоў і свабод ва ўсіх сферах жыццядзейнасці грамадства і дзяржавы праз дзейсную сістэму мер прававой аховы і судовай абароны правоў і свабод;
няўхільнасць выканання грамадзянінам сваіх канстытуцыйных абавязкаў як аснова сацыяльнай адказнасці асобы за паступальнае развіццё грамадства і дзяржавы;
пераемнасць нацыянальнай ідэнтычнасці, якая выяўляецца ў захаванні культурных і духоўных традыцый, павазе да маральна-духоўных каштоўнасцяў народа Беларусі;
свяшчэннасць гістарычнай памяці аб гераічным мінулым беларускага народа, якая прадугледжвае глыбокія веды аб шматвяковай гісторыі развіцця беларускай дзяржаўнасці і пачуццё гонару за дасягненні і подзвігі продкаў.
Няўхільнае прытрымліванне названых канстытуцыйных асноў ідэалогіі беларускай дзяржавы ў дзейнасці грамадзян, дзяржаўных органаў, арганізацый і службовых асоб дазваляе дасягнуць такой канстытуцыйна значнай мэты, як пабудова прававой дзяржавы і сацыяльна справядлівага грамадства.
1.2. Палажэнні Канстытуцыі аб шматвяковай гісторыі развіцця беларускай дзяржаўнасці, аб абавязку дзяржавы забяспечваць захаванне гістарычнай праўды і памяці аб гераічным подзвігу беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, аб канстытуцыйным абавязку кожнага грамадзяніна Рэспублікі Беларусь захоўваць гістарычную памяць актуалізуюць асобую функцыю Канстытуцыі, накіраваную на ўвекавечанне дасягненняў продкаў як духоўнай асновы выхавання будучых пакаленняў грамадзян Беларусі і перадумовы фарміравання нацыянальна-дзяржаўнай ідэнтычнасці і яе найважнейшага складніка — канстытуцыйнай ідэнтычнасці.
Канстытуцыйны Суд разглядае канстытуцыйную ідэнтычнасць як сукупнасць актуалізаваных у грамадскай правасвядомасці ідэй, уяўленняў і ведаў аб асноватворных прыкметах канстытуцыйнага ладу, якія вызначаюць унікальны характар беларускай дзяржавы, яе палітыка-прававую самабытнасць, адрозніваюцца гістарычнай пераемнасцю і маюць эвалюцыйную ўстойлівасць.
Канстытуцыйная ідэнтычнасць увасоблена ў фундаментальных палажэннях Канстытуцыі, якія ўстанаўліваюць неадчужальнасць суверэнітэту, непахіснасць канстытуцыйнага ладу, народаўладдзе, прыярытэт правоў і свабод асобы, сацыяльную справядлівасць, роўнасць правоў і магчымасцяў, сацыяльную адказнасць, абавязак захавання нацыянальных культурных і духоўных традыцый.
Апошнія геапалітычныя падзеі з новай сілай актуалізавалі праблематыку канстытуцыйнай ідэнтычнасці, па сутнасці надаўшы дадзенай катэгорыі функцыю дактрынальна-прававога і ідэалагічнага інструмента забеспячэння непахіснасці канстытуцыйнага ладу і неадчужальнасці суверэнітэту Рэспублікі Беларусь. Асобнымі дзяржавамі ігнаруюцца асноўныя прынцыпы міжнароднага права, замацаваныя ў Статуце Арганізацыі Аб’яднаных Нацый 1945 года і Дэкларацыі аб прынцыпах міжнароднага права, якія датычацца дружалюбных адносін і супрацоўніцтва паміж дзяржавамі ў адпаведнасці са Статутам Арганізацыі Аб’яднаных Нацый 1970 года: суверэнная роўнасць дзяржаў, непрымяненне сілы або пагрозы сілай, мірнае вырашэнне міжнародных спрэчак, неўмяшанне ва ўнутраныя справы, раўнапраўе і самавызначэнне народаў, добрасумленнае выкананне міжнародных абавязацельстваў.
Парушэнне названых прынцыпаў сведчыць аб разбурэнні асноў міжнароднага права, што незваротна цягне прыніжэнне прынцыпаў законнасці, справядлівасці і разумнасці як базавых пачаткаў міжнародна-прававога рэгулявання, параджае непрадказальнасць развіцця міжнародных адносін. У гэтых умовах Рэспубліка Беларусь як суверэнная дзяржава і паўнапраўны член міжнароднай супольнасці ажыццяўляе комплекс неабходных мер, якія спрыяюць умацаванню суверэнітэту і абараназдольнасці дзяржавы, захаванню міжнароднага міру і правапарадку.
У адпаведнасці з часткай шостай артыкула 22 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў Канстытуцыйны Суд па прапановах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу, Савета Міністраў выкладае сваю пазіцыю аб дакументах, якія прыняты (выдадзены) замежнымі дзяржавамі, міжнароднымі арганізацыямі і (або) іх органамі і закранаюць інтарэсы Рэспублікі Беларусь, у частцы адпаведнасці гэтых дакументаў агульнапрызнаным прынцыпам і нормам міжнароднага права. Названае паўнамоцтва Канстытуцыйнага Суда з’яўляецца значным юрыдычным інструментам, які дазваляе дзяржаўным органам выпрацоўваць у выпадку неабходнасці ўзгодненую дзяржаўную пазіцыю па абароне нацыянальных інтарэсаў Рэспублікі Беларусь у міжнародных адносінах.
Канстытуцыйная ідэнтычнасць з’яўляецца безумоўнай канстытуцыйнай каштоўнасцю. Яе праявай у індывідуальнай правасвядомасці выступае канстытуцыйны патрыятызм, які выяўляецца ва ўсведамленні чалавекам сваёй грамадзянскай сувязі з грамадствам і дзяржавай, што дазваляе яму эфектыўна карыстацца канстытуцыйнымі правамі і выконваць канстытуцыйныя абавязкі, правільна ацэньваць змест дзяржаўна-ўладных загадаў, замацаваных у заканадаўстве, быць актыўным суб’ектам палітычных працэсаў і ўдзельнічаць у кіраванні справамі грамадства і дзяржавы.
Канстытуцыйны Суд падкрэслівае, што на канстытуцыйныя каштоўнасці і прынцыпы, якія ўтвараюць нацыянальную канстытуцыйную ідэнтычнасць, распаўсюджваецца асобы рэжым канстытуцыйна-прававой аховы — гарантыя недатыкальнасці, якая вынікае з палажэнняў Канстытуцыі аб адказнасці народа за сучаснасць і будучыню Беларусі, аб яго неад’емным праве на самавызначэнне. Сутнасць дадзенай гарантыі заключаецца ў тым, што палажэнні Канстытуцыі, якія ўстанаўліваюць суверэннае права народа Беларусі самастойна вызначаць свой шлях развіцця, прыярытэт канстытуцыйных правоў і свабод грамадзян, дэмакратычны, сацыяльны і прававы характар беларускай дзяржавы, не могуць скасоўвацца або прыніжацца ні міжнародным правам, ні нацыянальным заканадаўствам.
Раздзел ІІ. Захаванне канстытуцыйных правоў і свабод чалавека і грамадзяніна
2.1. У адпаведнасці з Канстытуцыяй чалавек, яго правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі з’яўляюцца найвышэйшай каштоўнасцю і мэтай грамадства і дзяржавы. Такім чынам, устанаўленне эфектыўных механізмаў рэалізацыі канстытуцыйных правоў і свабод павінна быць прыярытэтным кірункам у дзейнасці органаў заканадаўчай, выканаўчай і судовай улады.
Асноўная дзейнасць Канстытуцыйнага Суда па абароне гарантаваных Канстытуцыяй правоў і свабод чалавека і грамадзяніна ў 2025 годзе заключалася ў ажыццяўленні канкрэтнага канстытуцыйнага кантролю па канстытуцыйных скаргах грамадзян.
Інстытут канстытуцыйнай скаргі з’яўляецца эфектыўным сродкам абароны канстытуцыйных правоў грамадзян, які забяспечвае ім прамы доступ да канстытуцыйнага правасуддзя. Пры разглядзе канстытуцыйных скаргаў Канстытуцыйны Суд правярае канстытуцыйнасць нормаў закона і прадухіляе скажэнне іх канстытуцыйна-прававога сэнсу пры прымяненні.
У 2025 годзе ў Канстытуцыйны Суд паступіла 70 канстытуцыйных скаргаў грамадзян, што сведчыць аб запатрабаванасці ў грамадстве дадзенага інстытута і пацвярджае асобае месца Канстытуцыйнага Суда ў механізме абароны канстытуцыйных правоў і свабод грамадзян як органа, які аказвае ў пэўных выпадках вырашальнае ўздзеянне на прававую сітуацыю.
Па выніках разгляду канстытуцыйных скаргаў, якія адпавядалі патрабаванням заканадаўства аб канстытуцыйным судаводстве, Канстытуцыйным Судом прыняты рашэнні аб канстытуцыйнасці законаў, прымененых судамі ў канкрэтных справах, і аб неабходнасці ўстаранення канстытуцыйна значных прабелаў у прававым рэгуляванні. У выпадках адсутнасці прыкмет парушэння канстытуцыйных правоў і свабод заяўнікаў Канстытуцыйны Суд адмаўляў ва ўзбуджэнні вядзення справы.
На аснове сістэмнага аналізу заканадаўства ў рашэннях і вызначэннях Канстытуцыйнага Суда сфармуляваны адрасаваныя заканадаўцу і правапрымяняльніку прававыя пазіцыі, у якіх раскрываецца змест канстытуцыйных нормаў і канстытуцыйна-прававы сэнс палажэнняў правераных нарматыўных прававых актаў, што дзейнічаюць у розных сферах грамадскіх адносін: пры прыцягненні да адміністрацыйнай адказнасці і накладанні адміністрацыйнага спагнання; у сферы падаткаабкладання даходаў фізічных асоб; пры рэалізацыі права ўласнасці на жылое памяшканне, атрыманае ў спадчыну; пры рэалізацыі правоў на судовую абарону і юрыдычную дапамогу і інш.
У мэтах забеспячэння комплекснага падыходу да выключэння прававой нявызначанасці Канстытуцыйны Суд правяраў канстытуцыйнасць не толькі законаў, прымененых у канкрэтных справах з удзелам грамадзян, але і канстытуцыйнасць падзаконных актаў, заснаваных на законах, што абскарджваюцца, і сістэмна ўзаемазвязаных з імі. Пры гэтым Канстытуцыйны Суд зыходзіў з прэзумпцыі канстытуцыйнасці нормаў закона, дыскрэцыі заканадаўцы пры ажыццяўленні заканатворчай дзейнасці, балансу канстытуцыйных каштоўнасцяў пры іх развіцці ў заканадаўчым рэгуляванні.
2.2. Палажэнні Канстытуцыі аб праве на роўную абарону без усялякай дыскрымінацыі правоў і законных інтарэсаў грамадзян, аб праве на судовую абарону паслядоўна рэалізуюцца Канстытуцыйным Судом у рашэннях па канстытуцыйных скаргах грамадзян.
Рашэннем Канстытуцыйнага Суда ад 26 чэрвеня 2025 г. № Р-1309/2025 палажэнні артыкула 12 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб асновах сістэмы прафілактыкі безнагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх» прызнаны не адпаведнымі Канстытуцыі ў той меры, у якой яны ў парушэнне прынцыпу вяршэнства права не забяспечваюць рэалізацыю грамадзянамі канстытуцыйнага права на судовую абарону.
У рашэнні ад 30 студзеня 2025 г. № Р-1306/2025 Канстытуцыйны Суд указаў на неабходнасць прыцягнення асоб да адміністрацыйнай адказнасці на аснове забеспячэння балансу правоў і свабод правапарушальнікаў і публічнага інтарэсу, які заключаецца ў абароне правоў, свабод і інтарэсаў асобы, грамадства і дзяржавы ад супрацьпраўных замахаў.
Канстытуцыйны Суд прызнаў адпаведным Канстытуцыі артыкул 12.4 Працэсуальнавыканаўчага кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях (далей — ПВКаАП) у частцы ўстанаўлення магчымасці злучэння ў адным адміністрацыйным працэсе спраў аб некалькіх адміністрацыйных правапарушэннях.
Пры гэтым на аснове ўстаноўленай сістэмнай узаемасувязі палажэнняў артыкула 12.4 ПВКаАП і правілаў накладання адміністрацыйнага спагнання, прадугледжаных артыкулам 7.4 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях (далей — КаАП), выяўлены прабел прававога рэгулявання, які не дазваляе ў поўнай меры забяспечыць накладанне адміністрацыйнага спагнання з улікам патрабаванняў указанага артыкула КаАП. Заканадаўцу прапанавана ўстараніць выяўлены прабел з улікам прававых пазіцый Канстытуцыйнага Суда.
2.3. Разглядаючы канстытуцыйныя скаргі грамадзян, якія датычацца захавання іх права ўласнасці і права на жыллё, Канстытуцыйны Суд зыходзіць з прынцыпу прававой забяспечанасці, які з’яўляецца неад’емнай часткай канстытуцыйнага прынцыпу вяршэнства права (частка першая артыкула 7 Канстытуцыі) і прадугледжвае паўнату і канкрэтнасць рэгулявання грамадскіх адносін, і з неабходнасці падтрымання балансу канстытуцыйна абароненых каштоўнасцяў.
У рашэнні ад 25 чэрвеня 2025 г. № Р-1308/2025 Канстытуцыйны Суд прызнаў адпаведным Канстытуцыі пункт 2 артыкула 275 «Правы членаў сям’і ўласніка жылога памяшкання» Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь, які прадугледжвае захаванне права карыстання жылым памяшканнем за членамі сям’і ранейшага ўласніка пры пераходзе права ўласнасці на жылы дом або кватэру да іншай асобы.
Па меркаванні Канстытуцыйнага Суда, устаноўленае абскарджанай нормай абмежаванне права ўласнасці не носіць абсалютнага (безумоўнага) характару, паколькі дапускае іншае рэгуляванне ў жыллёвым заканадаўстве. Пры гэтым, кіруючыся прынцыпам вяршэнства права, Канстытуцыйны Суд прызнаў наяўнасць канстытуцыйна значнага прабелу ў прававым рэгуляванні, які пацягнуў прававую нявызначанасць узаемазвязаных палажэнняў пункта 2 артыкула 275 Грамадзянскага кодэкса і артыкула 89 Жыллёвага кодэкса Рэспублікі Беларусь, і адзначыў, што ў мэтах забеспячэння збалансаванага прававога рэгулявання неабходна ўстанавіць прававы механізм, які дазваляе выкарыстоўваць дыферэнцыраваны падыход да ацэнкі жыццёвых сітуацый пры разглядзе патрабаванняў аб высяленні членаў сям’і ранейшага ўласніка.
2.4. У сілу канстытуцыйных прынцыпаў вяршэнства права і роўнасці ўсіх перад законам, як неаднаразова зазначаў Канстытуцыйны Суд, усякае абмежаванне правоў грамадзяніна не павінна быць адвольным, парушаць раўнавагу паміж патрабаваннямі інтарэсаў грамадства і дзяржавы і неабходнымі ўмовамі абароны правоў асобы, што прадугледжвае разумную суразмернасць сродкаў, якія выкарыстоўваюцца, і мэты прававога рэгулявання.
У рашэнні ад 27 сакавіка 2025 г. № Р-1307/2025 Канстытуцыйны Суд прызнаў узаемазвязаныя палажэнні частак дзявятай — дванаццатай пункта 19 артыкула 208 і артыкула 731 Падатковага кодэкса Рэспублікі Беларусь не адпаведнымі Канстытуцыі ў той меры, у якой яны ў парушэнне прынцыпаў вяршэнства права і справядлівасці дапускаюць у выпадку правядзення камеральнай праверкі адпаведнасці расходаў даходам ускладанне на фізічную асобу абавязку па выплаце падаходнага падатку з даходаў, атрыманых на працягу падатковых перыядаў, у якіх названыя даходы былі ва ўстаноўленым законам парадку вызвалены ад падаходнага падатку.
У рашэнні ад 12 верасня 2025 г. № Р-1310/2025 Канстытуцыйны Суд праверыў палажэнні падпункта 14.5 пункта 14 артыкула 731 Падатковага кодэкса і пацвердзіў канстытуцыйнасць устаноўленага ў ім парадку ўліку расходаў на будаўніцтва фізічнымі асобамі аб’ектаў нерухомасці (жылых дамоў) без забудоўшчыка або падрадчыка для мэт падатковага кантролю.
Пры гэтым Канстытуцыйны Суд указаў на ўстаноўлены ў нормах Падатковага кодэкса гнуткі падыход да ўліку такіх расходаў, уключаючы права грамадзяніна прадставіць заключэнне аб незалежнай рынкавай ацэнцы аб’ектаў нерухомасці, і на тое, што ўстаноўлены парадак дазваляе пазбягаць суб’ектывізму пры прыняцці падатковымі органамі рашэнняў аб уліку расходаў грамадзян і абмяжоўвае меркаванне правапрымяняльніка разумнымі рамкамі.
У вызначэнні ад 12 чэрвеня 2025 г. № О-7/2025 Канстытуцыйны Суд адзначыў, што зыходзячы з канстытуцыйна-прававога сэнсу нормаў Закона Рэспублікі Беларусь «Аб выканаўчым вядзенні спраў» прымусовая рэалізацыя маёмасці ў рамках выканаўчага вядзення спраў звязана з абмежаваннем права ўласніка валодаць, карыстацца і распараджацца маёмасцю, прадугледжанага часткай другой артыкула 44 Канстытуцыі.
Канстытуцыйны Суд канстатаваў, што ў сілу палажэнняў Канстытуцыі ажыццяўленне права ўласнасці не павінна ўшчамляць правы і ахаваныя законам інтарэсы іншых асоб, такім чынам, права ўласнасці не з’яўляецца абсалютным і можа быць абмежавана. Адпаведна, рэалізацыя маёмасці даўжніка, кошт якой перавышае памер запазычанасці, забяспечвае баланс правоў і законных інтарэсаў як спагнанніка, так і даўжніка і не парушае прынцып суадноснасці аб’ёму патрабаванняў спагнанніка і мер прымусовага выканання.
2.5. Пры праверцы канстытуцыйнасці юрыдычных забарон і абмежаванняў Канстытуцыйны Суд суадносіць іх з патрабаваннямі артыкула 23 Канстытуцыі і абумоўлівае іх неабходнасцю паслядоўнага забеспячэння ў заканадаўчым рэгуляванні інтарэсаў нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку, абароны правоў і свабод грамадзян.
Адмаўляючы ва ўзбуджэнні вядзення справы вызначэннем ад 26 красавіка 2025 г.
№ О-5/2025 з прычыны адсутнасці прыкмет парушэння канстытуцыйных правоў заяўніка ў выніку прымянення да яго мер абмежавальнага характару, устаноўленых Законам Рэспублікі Беларусь «Аб мерах па прадухіленні легалізацыі даходаў, атрыманых злачынным шляхам, фінансавання тэрарыстычнай дзейнасці і фінансавання распаўсюджвання зброі масавага паражэння», Канстытуцыйны Суд указаў, што замарожванне сродкаў як забарона на распараджэнне, карыстанне сродкамі асоб, уключаных у пералік арганізацый і фізічных асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці, не звязана з пазбаўленнем права ўласнасці і маёмасных правоў уладальнікаў на гэтыя сродкі і носіць часовы характар.
У той жа час, зважаючы на высокую ступень грамадскай небяспекі фінансавых аперацый, звязаных з фінансаваннем тэрарыстычнай дзейнасці, такія меры з’яўляюцца аб’ектыўна абумоўленымі, накіраванымі на забеспячэнне нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку, абарону здароўя насельніцтва, правоў і свабод іншых асоб, адказваюць прынцыпу прапарцыянальнасці і адпавядаюць Канстытуцыі.
У вызначэнні ад 26 красавіка 2025 г. № О-4/2025 Канстытуцыйны Суд падкрэсліў, што ўстанаўленне юрыдычных забарон на ўчыненне супрацьпраўных дзеянняў, накіраваных супраць бяспекі руху і эксплуатацыі транспарту, уключаючы забарону на ўжыванне кіроўцам алкагольных, слабаалкагольных напояў або піва пасля ўчынення дарожна-транспартнага здарэння (далей — ДТЗ), і наступнае прыцягненне да адміністрацыйнай адказнасці за іх парушэнне вызначаюцца характарам адносін, якія складваюцца паміж кіроўцам, што кіруе транспартным сродкам як крыніцай павышанай небяспекі, і іншымі ўдзельнікамі дарожнага руху.
Адзначыўшы, што норма часткі 4 артыкула 18.15 КаАП з’яўляецца юрыдычнай гарантыяй захавання кіроўцамі сваіх абавязкаў, Канстытуцыйны Суд пацвердзіў правамернасць устаноўленых забарон як абумоўленых патрабаваннямі забяспечыць бяспеку дарожнага руху, аб’ектыўнае і ўсебаковае ўстанаўленне ўсіх акалічнасцей здарэння і абарону правоў грамадзян, якія пацярпелі ў ДТЗ.
У вызначэнні ад 10 ліпеня 2025 г. № О-10/2025 Канстытуцыйны Суд, кіруючыся падставамі абмежавання правоў і свабод асобы, замацаванымі ва ўзаемазвязаных палажэннях часткі шостай артыкула 44 і часткі першай артыкула 23 Канстытуцыі, адзначыў, што адміністрацыйная адказнасць за невыкананне абавязку дэкларавання накіравана на забеспячэнне бяспекі дзяржавы і грамадзян з дапамогай кантролю за паходжаннем і выкарыстаннем значных грашовых сум, што перамяшчаюцца праз мытную мяжу, і не ставіць суб’ектаў адміністрацыйнай адказнасці ў становішча, якое не дазваляе ім прадбачыць прававыя наступствы сваіх дзеянняў.
У вызначэнні ад 22 мая 2025 г. № О-6/2025 Канстытуцыйны Суд адзначыў, што Канстытуцыя разам з замацаванай у артыкуле 26 прэзумпцыяй невінаватасці дапускае ў частцы першай артыкула 23 магчымасць абмежавання правоў і свабод асобы ў выпадках, прадугледжаных законам, у інтарэсах нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку, абароны маралі, здароўя насельніцтва, правоў і свабод іншых асоб.
Не знайшоўшы прыкмет парушэння канстытуцыйных правоў і свабод заяўніка нормамі артыкулаў 2.4 і 10.4 ПВКаАП, што выключаюць абавязак службовай асобы органа, які вядзе адміністрацыйны працэс, даказваць вінаватасць асобы ва ўчыненні адміністрацыйнага правапарушэння супраць бяспекі дарожнага руху і эксплуатацыі транспарту, зафіксаванага спецыяльнымі тэхнічнымі сродкамі, якія працуюць у аўтаматычным рэжыме, Канстытуцыйны Суд указаў, што для павышэння эфектыўнасці аховы абароненых Канстытуцыяй каштоўнасцей ад супрацьпраўных замахаў заканадаўца мае права ўлічыць сучасны ўзровень развіцця тэхнічных сродкаў выяўлення правапарушэнняў і вызначыць такі спосаб фіксацыі парушэнняў правілаў дарожнага руху — з даваннем уласніку (уладальніку) транспартнага сродку магчымасці даказваць сваю невінаватасць у тым ліку і ў судовым парадку.
2.6. У рашэннях Канстытуцыйнага Суда, якія прымаюцца па выніках канкрэтнага канстытуцыйнага кантролю, раскрываюцца сацыяльна-прававыя механізмы дзеяння нормаў Канстытуцыі ў розных сферах грамадскіх адносін. Улік заканадаўцам прававых пазіцый Канстытуцыйнага Суда, своечасовае ўнясенне неабходных змяненняў у заканадаўства спрыяе ўмацаванню канстытуцыйнага правапарадку, належнай рэалізацыі гарантаваных Асноўным Законам правоў і свабод чалавека і грамадзяніна.
Канкрэтны канстытуцыйны кантроль уключае як праверку канстытуцыйнасці законаў, прымененых у канкрэтнай справе, па скаргах грамадзян, так і праверку канстытуцыйнасці нарматыўных прававых актаў, якія падлягаюць прымяненню пры разглядзе спраў судамі агульнай юрысдыкцыі, па запытах судоў.
Канстытуцыйны Суд падкрэслівае, што права грамадзян на доступ да канстытуцыйнага правасуддзя з’яўляецца найважнейшай юрыдычнай гарантыяй забеспячэння прававога статусу асобы, абароненасці канстытуцыйных правоў і свабод чалавека і грамадзяніна.
У адпаведнасці з нормамі Закона Рэспублікі Беларусь «Аб канстытуцыйным судаводстве» суд мае права звярнуцца ў Канстытуцыйны Суд з запытам аб праверцы канстытуцыйнасці нарматыўнага прававога акта, які падлягае прымяненню пры разглядзе судом канкрэтнай справы, на падставе хадайніцтваў асоб, якія ўдзельнічаюць у справе, або па сваёй ініцыятыве. Аднак суды з такімі запытамі ў Канстытуцыйны Суд не звярталіся, нягледзячы на хадайніцтвы грамадзян.
Канстытуцыйны Суд лічыць, што для забеспячэння больш высокага ўзроўню судовай абароны канстытуцыйных правоў і свабод грамадзян патрабуецца выпрацоўка дзейсных прававых механізмаў рэалізацыі запыту суда агульнай юрысдыкцыі ў Канстытуцыйны Суд, якія гарантуюць асобам, якія ўдзельнічаюць у справе, ускосны доступ да канстытуцыйнага правасуддзя.
Раздзел ІІІ. Забеспячэнне вяршэнства і прамога дзеяння Канстытуцыі. Выкананне рашэнняў Канстытуцыйнага Суда
3.1. Дасягненне вызначаных у Асноўным Законе фундаментальных канстытуцыйных мэт, такіх як пабудова сацыяльна справядлівага грамадства, забеспячэнне міру і грамадзянскай згоды, дабрабыту грамадзян, народаўладдзя, незалежнасці і росквіту Рэспублікі Беларусь, прадугледжвае належнае функцыянаванне ўсіх дзяржаўных інстытутаў. Базавымі канстытуцыйна-прававымі сродкамі, якія забяспечваюць узгодненую дзейнасць дзяржаўных органаў па дасягненні канстытуцыйных мэт, з’яўляецца вяршэнства права і дыялектычна звязанае з ім вяршэнства Канстытуцыі.
Вяршэнства права служыць асновай, якая акумулюе прававыя ідэалы і дасягненні чалавецтва: роўнасць і адказнасць перад законам, падзел уладаў, справядлівы суд, недапушчэнне самавольства, належны баланс свабоды і ўлады. Праз паслядоўнае ажыццяўленне ўсіх элементаў вяршэнства права ў дзяржаве гарантуецца развіццё дэмакратыі, забеспячэнне правоў і свабод чалавека. Канстытуцыйны Суд лічыць, што вяршэнства права ў сучасную эпоху набывае рысы не проста юрыдычнага прынцыпу, але палітыка-прававога і філасофскага канцэпту, які шмат у чым вызначае змест ідэалогіі беларускай дзяржавы.
Апорнай канструкцыяй прынцыпу вяршэнства права, яго ключавым элементам выступае прынцып вяршэнства Канстытуцыі, які прадугледжвае, што Канстытуцыя мае найвышэйшую юрыдычную сілу і прамое дзеянне на ўсёй тэрыторыі Рэспублікі Беларусь; прававыя акты павінны змястоўна, у адзінстве і літары, і духу, адпавядаць палажэнням Асноўнага Закона; усе суб’екты праваадносін — грамадзяне, службовыя асобы дзяржаўных органаў і арганізацый павінны дзейнічаць строга ў рамках канстытуцыйных прадпісанняў; прававыя акты, прызнаныя ва ўстаноўленым законам парадку супярэчнымі палажэнням Канстытуцыі, не маюць юрыдычнай сілы; заключэнне міжнародных дагавораў, якія супярэчаць Асноўнаму Закону, не дапускаецца.
Паслядоўная рэалізацыя ў нарматворчасці і правапрымяненні прынцыпу вяршэнства Канстытуцыі прадугледжвае ўстанаўленне ў дзяржаве асобага прававога рэжыму — рэжыму канстытуцыйнай законнасці.
3.2. Парламентам — Нацыянальным сходам Рэспублікі Беларусь у 2025 годзе прынята 75 законаў, якія рэгулююць найбольш важныя грамадскія адносіны і накіраваны на паслядоўную рэалізацыю канстытуцыйных прынцыпаў і нормаў у розных сферах жыццядзейнасці грамадства і дзяржавы.
Упаўнаважаныя суб’екты — Прэзідэнт, Прэзідыум Усебеларускага народнага сходу, Палата прадстаўнікоў, Савет Рэспублікі, Вярхоўны Суд, Савет Міністраў на падставе частак першай — чацвёртай артыкула 1161 Канстытуцыі з прапановамі аб праверцы канстытуцыйнасці нарматыўных прававых актаў або па іншых канстытуцыйных спрэчках у Канстытуцыйны Суд не звярталіся.
Канстытуцыйны Суд на падставе абзаца другога часткі пятай артыкула 1161 Канстытуцыі па канстытуцыйных скаргах грамадзян вынес пяць рашэнняў аб канстытуцыйнасці законаў, прымененых у канкрэтнай справе. Выяўленыя пры гэтым неканстытуцыйныя прававыя нормы, а таксама канстытуцыйна значныя прабелы з’яўляюцца адзінкавымі ў заканадаўчым рэгуляванні грамадскіх адносін і не сведчаць аб сістэмнай няўзгодненасці заканадаўчых нормаў і палажэнняў Канстытуцыі. Заканадаўчае рэгуляванне Рэспублікі Беларусь забяспечвае непахіснасць канстытуцыйнага ладу, паўнавартасную рэалізацыю канстытуцыйных правоў і свабод чалавека і грамадзяніна.
3.3. Істотным элементам у механізме забеспячэння вяршэнства і прамога дзеяння Канстытуцыі з’яўляецца выкананне рашэнняў Канстытуцыйнага Суда, з дапамогай якога нормы Канстытуцыі імплементуюцца ў акты заканадаўства рознага ўзроўню, а таксама пераводзяцца ў плоскасць канкрэтных праваадносін, ствараючы ўмовы для рэальнай абароны правоў, свабод і законных інтарэсаў фізічных і юрыдычных асоб. Своечасовае і ў поўным аб’ёме выкананне рашэнняў Канстытуцыйнага Суда не толькі забяспечвае эфектыўнасць і дзейснасць канстытуцыйнага правасуддзя ў мэтах абароны правоў грамадзян і законных інтарэсаў арганізацый, але і ўмацоўвае давер грамадзян да прававой сістэмы дзяржавы.
У 2025 годзе рэалізавана палажэнне канцэптуальнага характару, сфармуляванае ў Пасланні Канстытуцыйнага Суда «Аб стане канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь» (рашэнне ад 5 сакавіка 2024 г.). Рашэнне Канстытуцыйнага Суда па пытаннях падаткаабкладання выканана ў поўным аб’ёме, па пытаннях прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці — у частцы перагляду судовай пастановы.
3.3.1. У Пасланні Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь і палатам Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь «Аб стане канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь» (рашэнне ад 5 сакавіка 2024 г.) Канстытуцыйны Суд адзначыў, што патрабуецца выпрацоўка эфектыўных прававых механізмаў, якія забяспечваюць рэалізацыю палажэння Канстытуцыі аб ідэалогіі беларускай дзяржавы ў мэтах процідзеяння насаджэнню чужой і разбуральнай для нашага грамадства сістэмы ідэй і псеўдакаштоўнасцей.
Дадзенае палажэнне канцэптуальнага характару рэалізавана ў Дырэктыве Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 9 красавіка 2025 г. № 12 «Аб рэалізацыі асноў ідэалогіі беларускай дзяржавы».
3.3.2. У рашэнні ад 27 сакавіка 2025 г. № Р-1307/2025 Канстытуцыйны Суд прызнаў узаемазвязаныя палажэнні частак дзявятай — дванаццатай пункта 19 артыкула 208 і артыкула 731 Падатковага кодэкса не адпаведнымі Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, яе артыкулам 7, 13, 44, 56, 58, 104, у той меры, у якой яны ў парушэнне прынцыпаў вяршэнства права і справядлівасці дапускаюць у выпадку правядзення камеральнай праверкі адпаведнасці расходаў даходам ускладанне на фізічную асобу абавязку па выплаце падаходнага падатку з даходаў, атрыманых ад рэалізацыі прадукцыі раслінаводства да 1 студзеня 2022 г.
на працягу падатковых перыядаў, у якіх названыя даходы былі ва ўстаноўленым законам парадку вызвалены ад падаходнага падатку.
У мэтах выканання рашэння Канстытуцыйнага Суда Законам Рэспублікі Беларусь ад 30 снежня 2025 г. № 127-З «Аб змяненні законаў па пытаннях падатковых праваадносін» унесены змяненні ў пункт 19 артыкула 208 Падатковага кодэкса, у адпаведнасці з якімі выключана палажэнне аб прызнанні датай фактычнага атрымання даходаў дня прадстаўлення плацельшчыкам тлумачэнняў аб крыніцах даходаў, а таксама ўстаноўлена, што палажэнні частак дзявятай — трынаццатай названага пункта распаўсюджваюцца на падатковыя перыяды падаходнага падатку з фізічных асоб плацельшчыкаў, у дачыненні да якіх праводзіцца камеральная праверка адпаведнасці расходаў даходам фізічнай асобы ў адпаведнасці з артыкулам 731 Падатковага кодэкса і якія ў тлумачэннях пра крыніцы даходаў паказваюць даходы, вызначаныя ў частцы першай дадзенага пункта, незалежна ад даты фактычнага атрымання імі такіх даходаў.
Канстытуцыйны Суд лічыць, што выкананне нарматворчымі і судовымі органамі рашэнняў, а таксама рэалізацыя ў заканадаўчых актах прававых пазіцый і канцэптуальных прапаноў Канстытуцыйнага Суда сведчаць аб захаванні прынцыпу вяршэнства права, аб належным прававым рэгуляванні на аснове прынцыпаў і нормаў Канстытуцыі, спрыяюць павышэнню даверу грамадзян да інстытутаў публічнай улады, умацаванню іх упэўненасці ў гарантаванні дзяржавай рэалізацыі і абароны правоў і свабод чалавека як найвышэйшай мэты грамадства і дзяржавы, сцвярджэнню канстытуцыйнай законнасці.
Заключэнне
Сістэмны аналіз заканадаўства, дакументаў праграмна-стратэгічнага характару, разгледжаных спраў і матэрыялаў дае Канстытуцыйнаму Суду падставы для наступных высноў і прапаноў па ўдасканаленні прававой сістэмы дзяржавы і дзейнасці дзяржаўных органаў.
1. Дзейнасць дзяржаўных органаў сведчыць аб сцвярджэнні ў нарматворчай і правапрымяняльнай практыцы вяршэнства Канстытуцыі і яе прамога дзеяння на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, аб захаванні належнага балансу ўладных функцый органаў дзяржаўнай улады ў мэтах выканання канстытуцыйнага прынцыпу падзелу ўладаў.
Канстытуцыйны Суд канстатуе, што належны рэжым канстытуцыйнай законнасці забяспечваецца ўсімі суб’ектамі канстытуцыйных адносін, якія дзейнічаюць у адпаведнасці са сваімі канстытуцыйнымі паўнамоцтвамі, падтрымліваючы канстытуцыйны правапарадак у краіне. Прызнаныя неканстытуцыйнымі прававыя нормы, а таксама выяўленыя канстытуцыйна значныя прабелы ў заканадаўчым рэгуляванні грамадскіх адносін з’яўляюцца адзінкавымі, што сведчыць аб адсутнасці сістэмнай няўзгодненасці заканадаўчых нормаў і Канстытуцыі. Заканадаўчае рэгуляванне ў Рэспубліцы Беларусь у належнай меры забяспечвае рэалізацыю канстытуцыйных правоў і свабод чалавека і грамадзяніна.
2. Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу дзяржаўных органаў і грамадзян на тое, што непахіснасць канстытуцыйнага ладу ў палітыка-прававой сістэме Рэспублікі Беларусь выступае вызначальнай умовай паступальнага развіцця дзяржавы і грамадства і дасягнення асноватворных канстытуцыйных мэт: сцвярджэння правоў і свабод чалавека і грамадзяніна, асноў прававой дзяржавы і сацыяльна справядлівага грамадства, устанаўлення міру і грамадзянскай згоды, дабрабыту грамадзян, народаўладдзя, незалежнасці і росквіту Рэспублікі Беларусь. Забеспячэнне непахіснасці канстытуцыйнага ладу з’яўляецца найважнейшай функцыяй усіх дзяржаўных органаў, а яго абарона ўсімі даступнымі сродкамі — галоўнай задачай іх дзейнасці і абавязкам кожнага грамадзяніна.
Асновы ідэалогіі беларускай дзяржавы, зацверджаныя Дырэктывай Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 9 красавіка 2025 г. № 12, з’яўляюцца настаўленнем да дзеяння для ўсіх дзяржаўных органаў і арганізацый пры рэалізацыі імі сваіх паўнамоцтваў.
Канстытуцыйны Суд разглядае Асновы ідэалогіі беларускай дзяржавы як праграмны палітыка-прававы дакумент, які акумулюе шматвяковы досвед духоўнага, сацыяльнага, палітычнага і эканамічнага развіцця народа Беларусі, устанаўлівае маральна-духоўныя імператывы фарміравання беларускага грамадства як аб’яднання свабодных і роўных у сваіх правах грамадзян, а таксама вызначае светапоглядны базіс паступальнага развіцця Рэспублікі Беларусь як суверэннай дэмакратычнай сацыяльнай прававой дзяржавы на доўгатэрміновую перспектыву. У гэтай якасці Асновы ідэалогіі беларускай дзяржавы змястоўна развіваюць палажэнні Канстытуцыі.
3. Захаванне гістарычнай праўды і памяці аб гераічным подзвігу беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны з’яўляецца асобым кірункам дзяржаўнай палітыкі, закліканым забяспечыць грамадзянскую згоду, адзінства народа, сацыяльны мір і салідарнасць беларускага грамадства. Разам з гэтым захаванне гістарычнай памяці аб гераічным мінулым беларускага народа, патрыятызм з’яўляюцца абавязкам кожнага грамадзяніна Рэспублікі Беларусь.
Канстытуцыйны Суд адзначае, што ўзровень грамадскай свядомасці і прававой культуры, стваральная творчая актыўнасць грамадзян Беларусі сведчаць аб эфектыўнай дзейнасці дзяржаўных і грамадскіх інстытутаў па фарміраванні аб’ектыўных гістарычных ведаў, захаванні гістарычнай праўды і памяці ў мэтах выхавання канстытуцыйнага патрыятызму.
Канстытуцыйны Суд лічыць, што для выпрацоўкі і падтрымання ў грамадстве імунітэту да спроб скажэння і фальсіфікацыі гістарычнай праўды патрабуецца арганізацыя далейшай сістэмнай работы па захаванні і папулярызацыі ведаў аб гісторыі нашай краіны ва ўзаемадзеянні з інстытутам сям’і, установамі адукацыі, дзяржаўнымі органамі, навуковымі і грамадскімі арганізацыямі, сродкамі масавай інфармацыі, грамадзянамі. Юрыдычнымі сродкамі процідзеяння скажэнню гістарычнай праўды служаць законы Рэспублікі Беларусь «Аб генацыдзе беларускага народа», «Аб недапушчэнні рэабілітацыі нацызму», якія неабходна разглядаць як палітыка-прававыя скрэпы грамадскай згоды і ўстойлівасці дзяржавы.
4. Развіццё беларускага канстытуцыяналізму ідзе па шляху няўхільнага пашырэння дэмакратычных формаў удзелу грамадзян у кіраванні справамі дзяржавы і грамадства. Значнай вехай канстытуцыйнага развіцця Рэспублікі Беларусь з’яўляецца наданне канстытуцыйнага статусу Усебеларускаму народнаму сходу — найвышэйшаму прадстаўнічаму органу народаўладдзя Рэспублікі Беларусь, які вызначае стратэгічныя кірункі развіцця грамадства і дзяржавы і забяспечвае непахіснасць канстытуцыйнага ладу, пераемнасць пакаленняў і грамадзянскую згоду.
19 снежня 2025 г. Усебеларускі народны сход, рэалізоўваючы свае канстытуцыйныя паўнамоцтвы, зацвердзіў Праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2026–2030 гады. Канстытуцыйны Суд адзначае, што ў цэнтры Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця знаходзіцца чалавек, яго правы і свабоды. Адпаведна, пры распрацоўцы нарматыўных прававых актаў у мэтах выканання названай праграмы ўпаўнаважаным дзяржаўным органам неабходна кіравацца канстытуцыйнымі нормамі, якія замацоўваюць правы і свабоды асобы як найвышэйшыя каштоўнасці і мэты грамадства і дзяржавы і ўстанаўліваюць гарантыі іх рэалізацыі.
5. Сучасная міжнародная абстаноўка імкліва ўскладняецца новымі геапалітычнымі выклікамі і пагрозамі. У свеце перманентна ўзнікаюць маштабныя ваенныя і іншыя канфлікты, руйнуюцца асновы міжнароднага правапарадку, нівеліруецца роля міжнароднага права.
Рэспубліка Беларусь, якая стаяла каля вытокаў утварэння Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, на канстытуцыйным узроўні прызнала прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права і ўзяла на сябе абавязацельства забяспечваць адпаведнасць нацыянальнага заканадаўства названым прынцыпам. Такі падыход спрыяе падтрыманню міжнароднага правапарадку і, па меркаванні Канстытуцыйнага Суда, садзейнічае ўсебаковаму ўмацаванню міжнароднага права як універсальнага рэгулятара міжнародных адносін.
Ва ўказаным кантэксце Канстытуцыйны Суд выдзяляе значнасць актыўнага ўдзелу Рэспублікі Беларусь у развіцці міжнародна-прававых механізмаў забеспячэння міру і бяспекі, у выпрацоўцы на міжнародным узроўні кансалідаваных падыходаў да захавання агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права і ўмацавання ролі імператыўных нормаў міжнароднага права. Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу на безумоўную важнасць мірных сродкаў урэгулявання міжнародных спрэчак, выключэння з міжнароднай практыкі прымянення сілы або пагрозы сілай і любых формаў умяшання ва ўнутраныя справы дзяржаў, якімі б прычынамі і мэтамі такое ўмяшанне ні апраўдвалася.
6. Артыкул 51 Канстытуцыі, які абавязвае дзяржаву садзейнічаць развіццю навуковых і тэхнічных даследаванняў, укараненню інавацый на карысць агульных інтарэсаў, вызначае базавыя ўмовы сучаснага развіцця, у тым ліку лічбавізацыі грамадскіх адносін і ўкаранення тэхналогій штучнага інтэлекту ў жыццядзейнасць дзяржавы, грамадства і грамадзян.
У развіццё дадзенага канстытуцыйнага палажэння Канстытуцыйны Суд адзначае, што прававое рэгуляванне лічбавай сферы павінна ажыццяўляцца на аснове прынцыпаў захавання правоў і свабод, павагі да годнасці асобы, бяспекі інавацый для чалавека і навакольнага асяроддзя, забеспячэння рэжыму «лічбавай гігіены», забароны на змяненне лічбавымі тэхналогіямі сацыяльна-біялагічнай прыроды чалавека і на маніпуляванне чалавечай свядомасцю, комплекснай і сістэмнай абароны персанальных даных ад супрацьпраўнага выкарыстання, забеспячэння кібербяспекі і інфармацыйнага суверэнітэту Рэспублікі Беларусь.
Канстытуцыйны Суд канстатуе, што грамадскія адносіны, якія фактычна склаліся ў лічбавай сферы, значна апярэджваюць нарматыўна-прававое рэгуляванне, ствараючы перадумовы для ўзнікнення прабелаў, супярэчнасцей, недасканаласці заканадаўства, што мае прамое стаўленне да абароны гарантаваных Канстытуцыяй правоў і свабод чалавека і грамадзяніна. Дадзеныя акалічнасці патрабуюць адаптацыі нарматворчасці і правапрымянення да новых сацыяльна-эканамічных рэалій у мэтах дасягнення балансу паміж развіццём інавацыйных тэхналогій і абаронай гарантаваных правоў і свабод чалавека і грамадзяніна.
7. У якасці судовага органа канстытуцыйнага кантролю Канстытуцыйны Суд ажыццяўляе асобыя канстытуцыйна значныя функцыі, забяспечваючы канстытуцыйную законнасць і канстытуцыйны правапарадак праз канстытуцыйнае судаводства.
Прымаючы пад увагу практыку канстытуцыйнага судаводства, Канстытуцыйны Суд лічыць, што ў Закон «Аб канстытуцыйным судаводстве» неабходна ўнесці змяненні, якія будуць накіраваны на аптымізацыю крытэрыяў дапушчальнасці канстытуцыйных скаргаў у частцы вычарпання ўсіх іншых сродкаў судовай абароны, будуць вызначаць у мэтах аднаўлення парушаных правоў грамадзян прававыя наступствы выяўлення канстытуцыйна значных прабелаў і прававой нявызначанасці ў прававых прадпісаннях, будуць устанаўліваць прававыя механізмы належнага выканання заключэнняў і рашэнняў Канстытуцыйнага Суда. Дадзеныя заканадаўчыя навелы будуць спрыяць павышэнню эфектыўнасці канстытуцыйнага кантролю і ўмацаванню прававога рэжыму канстытуцыйнай законнасці.
8. Прадастаўленне грамадзянам эфектыўнай судовай абароны іх правоў і законных інтарэсаў забяспечваецца вынясеннем законнай, абгрунтаванай і справядлівай судовай пастановы па справе, што звязана ў тым ліку з вырашэннем пытання аб канстытуцыйнасці нарматыўнага прававога акта, які падлягае прымяненню пры разглядзе справы.
Накіраванне ў Канстытуцыйны Суд судамі агульнай юрысдыкцыі запытаў аб праверцы канстытуцыйнасці нарматыўнага прававога акта, які падлягае прымяненню пры разглядзе судом канкрэтнай справы на любой стадыі судаводства, служыць дадатковай дзяржаўнай гарантыяй рэальнай абароны канстытуцыйных правоў і свабод асобы, з’яўляецца дзейсным інструментам увасаблення прынцыпу вяршэнства Канстытуцыі ў правапрымяняльнай практыцы і ў цэлым спрыяе ўмацаванню канстытуцыйнай законнасці.
У мэтах далейшай канстытуцыяналізацыі правапрымянення ўяўляецца неабходнай дзейсная рэалізацыя пракурорамі права на заяву хадайніцтва аб праверцы канстытуцыйнасці нарматыўнага прававога акта, які падлягае прымяненню ў канкрэтнай справе, як асобамі, упаўнаважанымі забяспечваць вяршэнства права, законнасць і правапарадак, абараняць правы і законныя інтарэсы грамадзян.
9. Няўхільнае выкананне ў жыцці грамадства і дзяржавы прававога рэжыму, пры якім дзяржава, усе яе органы, службовыя асобы, арганізацыі і грамадзяне дзейнічаюць у межах Канстытуцыі і прынятых у адпаведнасці з ёй актаў заканадаўства, непазбежна цягне ўстанаўленне канстытуцыйнага правапарадку як сістэмы грамадскіх адносін, заснаваных на вяршэнстве Канстытуцыі, гарантаваным забеспячэнні канстытуцыйных правоў і свабод асобы, паўнаце народаўладдзя. Падтрыманне ўстойлівага канстытуцыйнага правапарадку — ключавая ўмова паступальнага развіцця дзяржавы і грамадства, дасягнення грамадзянскай згоды і народнага адзінства, дабрабыту і высокай якасці жыцця грамадзян, непахіснасці канстытуцыйнага ладу, незалежнасці і росквіту Рэспублікі Беларусь.
Гэта Пасланне прынята на пасяджэнні Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь 12 сакавіка 2026 г.
Старшынствуючы —Старшыня Канстытуцыйнага СудаРэспублікі Беларусь С. М. Сівец