Top.Mail.Ru

Пасля 39 гадоў аварыi на ЧАЭС распалася больш за 60 % стронцыю-90 i цэзiю-137

Узровень забеспячэння радыяцыйнай бяспекi з крынiцамi iанiзавальнага выпраменьвання за мiнулы год у краiне ацэньваецца як добры. 


Пра гэта заявiў намеснiк начальнiка Дзяржатамнагляду Рыгор Асташка. 

Нiякiх радыяцыйных аварый, перавышэнняў дапушчальных доз апраменьвання не зафiксавана. Назiраецца ўстойлiвая тэндэнцыя да знiжэння выяўленых парушэнняў i недахопаў на прадпрыемствах, што кантралююцца Дзяржатамнаглядам.

Усяго ў рэспублiцы знаходзiцца на ўлiку каля 24 тысяч крынiц iанiзаванага выпраменьвання, якiя выкарыстоўваюць больш за 1800 суб’ектаў гаспадарання. Частка з iх задзейнiчаны ў сiстэме аховы здароўя i выкарыстоўваюцца для дыягностыкi i лячэння. Пры гэтым неабходна адзначыць, што з развiццём тэхнiчнага прагрэсу вядзецца працэс па вывадзе з эксплуатацыi абсталявання з небяспечнымi радыенуклiднымi крынiцамi i замене iх на тыя, дзе будуць больш бяспечныя крынiцы генерацыi. Так нядаўна вывелi з выкарыстання самую магутную ў краiне гама-ўстаноўку для апраменьвання матэрыялаў «Попел», якая знаходзiлася на Нясвiжскiм заводзе медпрэпаратаў.

У сваю чаргу намеснiк начальнiка ўпраўлення па абыходжаннi з радыеактыўнымi адходамi i аб’ектамi ядзернай спадчыны Дзяржатамнагляду Кацярына Шмялёва акцэнтавала ўвагу на наступствах Чарнобыльскай аварыi. I ў гэтым кантэксце значная роля Палескага радыяцыйна-экалагiчнага запаведнiка. На яго тэрыторыi засяроджана 97 % плутонiю, якi выпаў, 73 % стронцыю. Да аб’ектаў ядзернай спадчыны таксама аднесены тэрыторыi, з якiх адселена насельнiцтва i дзе ўстаноўлены кантрольна-прапускны рэжым. Размова iдзе аб васьмi раёнах Гомельскай i пяцi раёнах Магiлёўскай абласцей агульнай плошчай 4,3 тыс. кв. км (уключаючы Палескi РЭЗ). Радыяцыйная бяспека там забяспечваецца шляхам абмежавання доступу. Для наведвання патрабуецца спецыяльны пропуск. Яго атрыманне — адмiнiстрацыйная працэдура, якую можна займець праз Адзіны партал электронных паслуг «Е-Паслуга».

Што да iншых тэрыторый, якiя падверглiся радыяцыйнаму забруджванню, дзе пражываюць грамадзяне i вядзецца гаспадарчая дзейнасць, паводле слоў Кацярыны Шмялёвай, абстаноўка там застаецца стабiльнай. Праз 39 гадоў пасля аварыi на ЧАЭС распалася 60 % ад цэзiю-137, якi выпаў, каля 62 % — ад стронцыю-90. Агульная плошча радыеактыўнага забруджвання складае каля 25 тысяч кв. км. Паляпшаецца радыяцыйнае становiшча на забруджаных землях, удасканальваецца сiстэма навукова абгрунтаваных ахоўных мер, якая дазволiла скарацiць i звесцi да мiнiмуму вытворчасць прадукцыi з перавышэннем зацверджаных нормаў бяспекi. Напрыклад, калi ў 2020–2022 гг. яшчэ адзначалiся адзiнкавыя выпадкi вытворчасцi малака на прыватных падворках з перавышэннем нарматываў па цэзiю, то за апошнiя два гады такiх фактаў не ўстаноўлена.

Аднак значны ўзровень радыеактыўнага забруджвання захоўваецца ў дарунках лесу — грыбах, ягадах, мясе дзiкiх жывёл. Таму неабходна адказна ставiцца да выбару месца збору дзiкаросаў, кiравацца iнфармацыяй, размешчанай на сайтах дзяржорганаў, i абавязкова ажыццяўляць радыяцыйны кантроль сабраных грыбоў i ягад. Варта памятаць, што нават пры адносна нiзкiх узроўнях забруджвання тэрыторый, напрыклад, пласцiнiстыя грыбы, такiя як грузды, сыраежкi, акумулююць радыеактыўны цэзiй. Спецыялiсты Дзяржатамнагляду настойлiва рэкамендуюць праводзiць радыяцыйны кантроль такой прадукцыi. Зрабiць гэта можна ў лясгасах i цэнтрах гiгiены i эпiдэмiялогii, дзе ёсць для гэтага ўсе ўмовы i магчымасцi.

Як адзначыў першы намеснiк начальнiка Дзяржатамнагляду Леанiд Дзедуль, рэалiзуецца ўжо шостая дзяржаўная праграма па пераадоленнi наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. «Каля 60 % сродкаў накiроўваецца менавiта на сацыяльную падтрымку грамадзян. Гэта льготы, бясплатнае харчаванне дзяцей, санаторна-курортнае аздараўленне. Каля 22 % ад усяго аб’ёму сродкаў iдзе на пытаннi радыяцыйнай абароны, звязаныя з атрыманнем нарматыўна чыстай прадукцыi, з кантролем утрымання радыенуклiдаў, выкананнем адпаведных мерапрыемстваў. Таксама сродкi накiроўваюцца на сацыяльна-эканамiчнае развiццё. Сёння можна казаць нават не пра аднаўленне, а пра развiццё тэрыторый, якiя пацярпелi ў вынiку аварыi на ЧАЭС. Ужо ацэнены ўсе рызыкi, зразумелы парадак дзеянняў», — адзначыў першы намеснiк начальнiка Дзяржатамнагляду.

Працягваецца рэалiзацыя мерапрыемстваў, накiраваных на паскоранае сацыяльна-эканамiчнае развiццё шляхам арганiзацыi сучасных вытворчасцяў, накiраваных на стварэнне камфортнага асяроддзя, якiя гарантуюць годную аплату за эфектыўную работу.

Выдаткi рэспублiканскага бюджэту на пераадоленне наступстваў аварыi паступова скарачаюцца. «У пачатку 1990-х доля сродкаў на пераадоленне наступстваў даходзiла да 22 % бюджэту краiны. У наступныя пяцiгодкi — да 11 %. З пачатку 2000-х мы ацэньвалi гэтыя лiчбы ў 3 % бюджэту, а сёння яны складаюць крыху больш за 1 %. Пры гэтым акцэнт у большай ступенi робiцца на сацыяльную абарону. Дзяржава клапоцiцца аб людзях», — падкрэслiў Леанiд Дзедуль.

На Радаўнiцу традыцыйна будзе дзейнiчаць беспрапускны рэжым для наведвання могiлак у адселеных вёсках, але для атрымання больш дэталёвай iнфармацыi трэба звяртацца ў аблвыканкамы на месцах.

Андрэй АКIМАЎ, Сяргей КУРКАЧ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю