На работніцу, якая адпрацавала год у адной з арганізацый Магілёва, па выніках рэвізіі «спісалі» недастачу. Акрамя таго, на працягу некалькіх месяцаў з яе даходу ўтрымліваліся сумы за тавары са скончаным тэрмінам прыдатнасці. Не прызнаўшы віны, жанчына звярнулася ў Міжгаліновы маніторынгавы цэнтр Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.
Для высвятлення абставін прававы інспектар працы Магілёўскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў гандлю, спажывецкай кааперацыі і прадпрымальніцтва Алена Ільюшчанка выехала ў арганізацыю для маніторынгу. Аналіз разліковых лісткоў паказаў: толькі за тры месяцы ў работніцы з заробку было ўтрымана больш за 290 рублёў.
Пры гэтым наймальнік не змог прадаставіць ніводнага распараджэння або пісьмовай згоды работніка, на падставе якіх праводзіліся вылікі.
Трэба адзначыць, па законе вылічэнне з заробку (у памеры да трох сярэднямесячных заробкаў) магчымае толькі па распараджэнні наймальніка. Пры гэтым зрабіць гэта трэба не пазней за два тыдні з дня выяўлення шкоды. Таксама па заканадаўстве да выдання загада ў работніка абавязкова павінны запатрабаваць пісьмовае тлумачэнне. У дадзеным выпадку неабходнай працэдуры выканана не было.
У цэлым утрыманне грашовых сродкаў з заробку за пратэрмінаваныя прадукты без згоды работніка ў большасці выпадкаў неправамернае. Наймальнік не можа прымушаць работнікаў выкупляць прадукцыю са скончаным тэрмінам прыдатнасці. Таксама, як і не можа вылічваць сродкі за такія тавары. Утрыманні магчымыя толькі пры даказанай віне работніка і наяўнасці дагавора аб матэрыяльнай адказнасці. У выпадках, калі па халатнасці работніка тавар сапсаваўся (напрыклад, не выконваліся ўмовы захоўвання), то наймальнік можа ўтрымаць урон.
— На жаль, сітуацыі, калі наймальнікі спрабуюць пакрыць страты ці спісаць недастачы за кошт работніка, у практыцы яшчэ сустракаюцца. Нярэдка гэта робіцца без афіцыйнага распараджэння і без атрымання пісьмовай згоды работніка. Людзі часцей за ўсё мяркуюць, што «так трэба», і не заўсёды ведаюць, што закон абмяжоўвае права наймальніка на такія вылікі. Наша задача — нагадаць: любы матэрыяльны ўрон павінен быць даказаны, а парадак яго спагнання — строга выкананы, — адзначыла прававы інспектар працы Магілёўскай абласной арганізацыі галіновага прафсаюза Алена Ільюшчанка.
Па выніках маніторынгу наймальніку выдадзена рэкамендацыя аб устараненні парушэнняў і вяртанні незаконна ўтрыманых сродкаў у поўным аб’ёме.
Нагадаем, па кансультацыю ці іншую юрыдычную падтрымку можна звярнуцца па адзіным нумары — 8 801 100 1111. Прафсаюзныя спецыялісты прымаюць звароты з 8.00 да 20.00 штодня. Акрамя таго, ужо менш як праз тыдзень, 30 красавіка, адбудзецца выязны прававы прыём. Месца і час правядзення можна даведацца на сайтах абласных (Мінскага гарадскога) аб’яднання прафсаюзаў. Такая практыка — гэта не толькі асабістыя кансультацыі па працоўнай тэматыцы, але і практычная падтрымка. Пры неабходнасці прафсаюзныя юрысты суправаджаюць заяўнікаў і на наступных этапах урэгулявання працоўных пытанняў.
Алена КРАВЕЦ