Паведаміла намеснік генеральнага дырэктара ААТ «Магілёўаблаўтатранс», дэпутат Магілёўскага гарсавета па 36-й Перакопскай выбарчай акрузе Таццяна Ішчанка.
—На тэрыторыі маёй акругі дзве школы — №№ 20 і 34 і тры дзіцячых садка — №№ 47, 78 і 79, яны таксама трапілі пад удар стыхіі і мы ў першую чаргу дапамагалі ім, — расказвае Таццяна Уладзіміраўна. — Наша прадпрыемства аказвала дапамогу і жывой сілай, і грузавой тэхнікай. На мяжы з маёй акругай знаходзіцца Дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці № 7, які пацярпеў болей астатніх. На тэрыторыю нельга было зайсці, дрэвы ляжалі па крузе, быццам нейкая сіла спрабавала іх уцягнуць у варонку. Тры дні расчышчалі тэрыторыю. Зараз і людзі, і тэхніка «Магілёўаблаўтатранса» задзейнічаныя на іншых пляцоўках, дзе таксама работы хапае. Працуем на бульвары Непакораных, прыбіраем завалы ў жылым сектары.
Суразмоўніца прызнаецца, што пасля ўрагану ўсім прыходзіцца дзейнічаць з падвоенай сілай, каб жыццё горада хутчэй вярнулася ў прывычны рытм.
— Сёння вечарам пайду па акрузе глядзець, дзе яшчэ засталіся раскрытыя дахі, — кажа яна. —Нельга, каб людзі ў дождж засталіся пад адкрытым небам. Сама жыву ў прыватным сектары, на ўчастку ўраганам некалькі дрэў заваліла. Добра яшчэ, што дах вытрымаў націск буры, сур’ёзна не пацярпеў. З мужам крыху расчысцілі дарогу ад брамкі да дому і кінулі ўсё як ёсць. Няма пакуль часу асабістымі справамі займацца.
Таццяна Ішчанка прызнаецца, што быць народнай абранніцай не проста. Адчуваецца адказнасць за вялікую колькасць людзей. Добра, што хапае аднадумцаў, з якімі нават самыя сур’ёзныя пытанні магчыма вырашаць.

— А праблем у грамадзян хапае, нават самых нечаканых, — усміхаецца дэпутат. —. Уяўляеце, у нас на ўскрайку горада ёсць вуліца з незвычайнай назвай — Маркоўнае поле. Там раней, кажуць, моркву ў вытворчых маштабах вырошчвалі. Зараз на гэтым месцы прыгожыя катэджы пабудаваныя. Але жыць спакойна людзям перашкаджаюць бабры. Будуюць плаціны на невялічкай рачулцы і яна падтоплівае зямельныя ўчасткі жыхароў. Людзі скардзяцца, шукаюць ратунку. Разам шукаем выйсце.Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота з архіва Таццяны ІШЧАНКІ