Top.Mail.Ru

Пасля вайны ў Доме Урада абясшкодзілі больш за 180 авіяцыйных бомб

Сімвал, што цудам ацалеў

Адзін з сімвалаў сталіцы і наогул Беларусі — Дом Урада — сведка вялікіх і драматычных падзей, ён здолеў перажыць Вялікую Айчынную вайну, і нават герб 1927 года захопнікі не змаглі зняць. Ён і цяпер застаецца на тым жа месцы, толькі зверху «накрыты» сучасным гербам незалежнай Рэспублікі Беларусь.

Пра гэта распавядае выставачная экспазіцыя, створаная супрацоўнікамі Прэзідэнцкай бібліятэкі, якая месціцца ў гэтым жа будынку, як калісьці і ўрадавая бібліятэка імя Горкага. Падчас капрамонту будынка ў 2015-м годзе гісторыя адкрыла старонкі, якія хацелася б забыць, але не атрымліваецца: частка калючага дроту, гільзы ад куль, лісты на нямецкай, пачкі з-пад цыгарэт... Знаходкі, што не дазваляюць забыць пра гады акупацыі, змешчаны на выстаўцы, як і бібліятэчныя кнігі, якія былі вывезены ў Германію.

...Архітэктар Лангбард быў летуценнікам, якога, відаць, падтрымлівалі нябёсы — ніводзін аб’ект, пабудаваны ў Мінску па яго праекце, не быў пашкоджаны. Будынак Дома Урада ўзводзіўся чатыры гады, тады без тэхнікі 

людзі падымалі груз на сабе з дапамогай спецыяльных страховачных рамянёў — адзін такі знаходзіцца пад шклом на выстаўцы як сімвал нашай моцы (зроблены з беларускага льну). Будынак выстаяў у ваеннае ліхалецце, падчас бамбардзіровак цудам ацалеў. Захапіўшы Мінск, немцы размясцілі тут штабы СС, сховішчы, галоўнае ўпраўленне чыгункі і пошту. Ёсць фота, як нацысты разняволена сядзяць у Авальнай зале. У жніўні 1941 года ў Мінск прыбыў Гімлер і наведаў плошчу Леніна і Дом Урада — усё павінна было сведчыць пра новы парадак. Герб узору 1927 года адразу ж спрабавалі зняць, разбурыць, абстрэльвалі як мішэнь, а ён ацалеў — вымушаны былі замаскіроўваць тканінай. А вось помнік Леніну адразу ж дэмантавалі і накіравалі ў Германію на пераплаўку.

— Нават заняўшы Дом Урада, яны не адчувалі сябе ў бяспецы. Пра гэта сведчыць ліст нямецкай тэлеграфісткі Ханы, надрукаваны на машынцы 17 студзеня 1942 года, але так і не адпраўлены. Яна піша, што вакол будынка пастаянна ходзіць ахова, чуваць стрэлы, — гаворыць Дар’я КРАСОЎСКАЯ, намеснік загадчыка аддзела бібліятэчнага маркетынгу. — А мяне найбольш уразіў ліст савецкай дзяўчыны, які яна адрасавала свайму каханаму — салдату Аляксандру. Яна ведала, дзе ён ваюе, і з неверагоднай душэўнай цеплынёй пісала пра тое, што верыць у Перамогу.

Пры адыходзе захопнікі напоўнілі будынак Дома Урада ўзрыўчаткай. Больш 180 авіябомб тут выявілі і абясшкодзілі. Архіўныя дакументы сведчаць, што менавіта дзякуючы брыгадзе сапёраў, якая размініравала Дом Урада ў Мінску ў межах аперацыі «Баграціён», будынак змог ацалець. Каб цалкам яго аднавіць пасля вайны, спатрэбілася нямала часу і каласальныя рэсурсы. А помнік Леніну вярнуўся на плошчу ўжо да мая 1945 года. У майстэрні аўтара, Генрыха Манізера, знайшліся формы, па якіх яго адлівалі, дзякуючы ім скульптуру змаглі аднавіць. І ў 1945-м помнік стаў героем фота беларускіх газет, у тым ліку «Звязды», якая выходзіла ў вайну і адна з першых вітала Перамогу.

Больш складана было з бібліятэчным фондам, частка якога апынулася ў Германіі. Тым не менш 25 000 кніг, на якіх быў штамп урадавай бібліятэкі імя Горкага, вярнуліся з палону. Праўда, на тых асобніках засталіся ваенныя «шрамы» — пячаткі фашысцкай Германіі і нямецкіх бібліятэк. Пасля нашы супрацоўнікі іх альбо зафарбоўвалі, альбо наогул выразалі з кніг...

Толькі 4 чалавекі з усіх бібліятэкараў, якія працавалі тут да вайны, вярнуліся пасля Перамогі. Каб захаваць імёны ўсіх, хто працаваў ва ўрадавай бібліятэцы, распачалі лічбавы праект, прысвечаны бібліятэкарам-героям.

— На цяперашні момант мы атрымалі інфармацыю пра 25 супрацоўнікаў, якія ўдзельнічалі ў Вялікай Айчыннай вайне, — удакладняе Элеанора ГУРЫНОВІЧ, намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці Прэзідэнцкай бібліятэкі. — Адна з іх — Надзея Белагурская, супрацоўніца ўрадавай бібліятэкі з 1939 года, ваявала ў 278 атрадзе, узнагароджана медалём Айчыннай вайны другой ступені. Яна адна з тых, што займаліся аднаўленнем бібліятэчнага фонду.

Дырэктар Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь Алена СЯКАЧ адзначае:

— Галоўная наша задача — захаванне гістарычнай памяці, выхаванне пакалення патрыётаў, доступ да праўдзівай інфармацыі з пункту гледжання нашага народа-пераможца. Таму музейна-выставачную экспазіцыю можа наведаць як любы грамадзянін Рэспублікі Беларусь, так і госці краіны.

Ларыса ЦІМОШЫК, фота аўтара


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю