Top.Mail.Ru

Пасля выбараў Польшчу можа чакаць «палітычная грамадзянская вайна» і «нарастаючы параліч»

Гульні з электаратам

Так выказаўся прэм’ер-міністр краіны-суседкі Дональд Туск пра вынікі нядаўняга сацапытання даследчага цэнтра Opіnіa24, што датычылася прыхільнасці палякаў да кандыдатаў, якія прэтэндуюць на вышэйшую палітычную пасаду ў краіне. Аднак пра ўсё па парадку.

«Будзе нейкая бойка»

Апошняе апытанне, дзе адлюстраваны ўзровень падтрымкі кандыдатаў на пасаду прэзідэнта краіны, якія прайшлі ў другі тур выбараў, што прызначаны на 1 чэрвеня, паказаў нязначную перавагу Караля Наўроцкага — кандыдата ад апазіцыйнай дзейнай улады партыі «Права і справядлівасць».

Як паведамляе агенцтва PAP, на пытанне «Які кандыдат вам бліжэй за ўсё?» 47 % рэспандэнтаў адказалі, што выбралі б Караля Наўроцкага, а 45 % — Рафала Тшаскоўскага, дзейнага мэра Варшавы і кандыдата ад партыі «Грамадзянская кааліцыя». Акрамя таго, 8 % рэспандэнтаў не змаглі вызначыцца з адказам.

Прычым сацыялагічныя апытанні, якія праводзіліся ў сакавіку—красавіку, паказвалі перавагу мэра Варшавы Рафала Тшаскоўскага над Наўроцкім. Аднак цяперашняе апытанне ўпершыню вывела Наўроцкага на першае месца. Гэты расклад паказвае — зыход будучых прэзідэнцкіх выбараў можа быць непрадказальным, бо невялікая перавага Тшаскоўскага (31,36 %) над Наўроцкім (29,54 %) у першым туры (18 мая) менш чым за тыдзень растала, як дым.

Таму, што перавага хіснулася на карысць іншага кандыдата, безумоўна, паспрыялі скандалы і выкрыцці, агучаныя ў польскай прэсе: незаконнае фінансаванне выбарчай праграмы кандыдата ад «Грамадзянскай платформы» праз фонды, звязаныя з сорасаўскімі «дабрадзеямі»; стварэнне ў Інтэрнэце хейт-машыны ў дачыненні да сапернікаў — Наўроцкага і Ментцэна (адсеянага па выніках першага тура). Карацей, як бачым, такія падыходы палякам не вельмі спадабаліся, і яны яшчэ больш пачалі сімпатызаваць апазіцыі.

Дзейны прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск, каментуючы РАР вынікі апытання, заўважыў, што, калі прэзідэнцкае крэсла дастанецца Наўроцкаму, «у нас будзе два з паловай гады да наступных парламенцкіх выбараў, і замест таго, каб ісці наперад, будаваць поўную бяспеку Польшчы на аснове салідарнасці, будзе нейкая бойка».

Палітык не перабольшвае ў памеры трагедыі: сутычка прэм’ера і прэзідэнта, якія прадстаўляюць розныя палітычныя партыі і рэалізуюць розныя падыходы ўнутранай і знешняй палітыкі, будзе адбівацца не толькі на палітычных элітах, але і простых грамадзянах.

— Уявіце сабе Польшчу ў гэтым даволі драматычным кантэксце, якая зноў стане краінай на чале з урадам, што пастаянна блакіруецца пасланнікам Качыньскага (Леха Качыньскага, былога прэзідэнта Польшчы. — Заўв. аўт.), — цытуе яго словы БелТА са спасылкай на РАР. — Мы павінны называць яго сваім імем — спадар Наўроцкі, наняты Качыньскім для вядзення вайны супраць польскага ўрада. Яны ж гэтага і не хаваюць.

Цяперашні прэм’ер павесіў нос, гледзячы на электаральныя перавагі палякаў, і агучыў меркаваны сцэнарый развіцця падзей.

— Думаю, вам не трэба моцна напружваць уяўленне, і мяне нават не трэба пытацца, як я ўяўляю сабе гэтыя два з паловай гады, бо прасцей за ўсё сказаць: гэта выбар паміж вайной і мірам, — адзначыў ён і канкрэтызаваў: — Я гавару пра тое, што нас можа чакаць, — зноў жа, значна больш сур’ёзная версія гэтай палітычнай грамадзянскай вайны і нарастаючы параліч.

Еўра або злоты?

Цікава, што, акрамя нядаўніх выкрыццяў каманды Тшаскоўскага, якія сыгралі на руку Наўроцкаму, сам ён таксама не спіць у шапку і сыпле абяцаннямі. Адным з іх у выпадку выбрання на вышэйшую дзяржаўную пасаду кандыдат ад «Права і справядлівасці» называе захаванне ўласнай нацыянальнай валюты ў Польшчы. Нягледзячы на тое, што краіна з’яўляецца членам Еўрасаюза, плацежная адзінка ў выглядзе злотага дагэтуль дзейнічае ў краіне-суседцы. Караль Наўроцкі ў сацсетцы Х заявіў, што не мае намеру адмаўляцца ад польскай нацыянальнай валюты і пераходзіць на еўра.

«Еўра або польскі злоты? Асабіста я — праціўнік ліквідацыі польскай валюты. Увядзенне еўравалюты будзе азначаць рост цэн і адмову ад грашовага суверэнітэту», — агучыў сваю пазіцыю кандыдат у сацыяльнай сетцы. Таксама ён мяркуе, што павінна адбыцца перадача часткі «фінансавых рэзерваў Еўрапейскаму цэнтральнаму банку ў Германіі».

Але гэта яшчэ не ўсё. Яго пазіцыя па беспрацоўных грамадзянах Украіны таксама закліканая зарабіць дадатковыя палітычныя пункты ў прэзідэнцкай гонцы. На яго думку, украінцы, якія жывуць у Польшчы і нідзе не працуюць, не павінны карыстацца роўным з палякамі доступам да сацыяльнай падтрымкі.

— Я лічу, што тыя ўкраінцы, якія не працуюць і не ўносяць уклад у польскі ВУП, не павінны карыстацца такой жа сацыяльнай падтрымкай, як грамадзяне польскай дзяржавы, — заявіў ён падчас свайго выступлення перад выбаршчыкамі.

Дарэчы, у Польшчы пражывае каля мільёна грамадзян Украіны, якія маюць спецыяльны статус і карыстаюцца сацыяльнымі льготамі.

Як гэтыя абяцанні дапамогуць Наўроцкаму заняць жаданае крэсла, цяпер сказаць складана. Інтрыга вырашыцца пасля другога тура выбараў — г. зн. пасля 1 чэрвеня.

А пакуль адны абяцаюць, іншыя... іх абяцанням не вераць. Паводле звестак апытання, праведзенага даследчым цэнтрам Pollster для газеты Super Express, амаль 60 % выбаршчыкаў не вераць абяцанням кандыдатаў у прэзідэнты.

У прыватнасці, 59 % рэспандэнтаў лічаць, што прэтэндэнты на вышэйшую дзяржаўную пасаду не будуць выконваць свае абяцанні, якія яны даюць падчас перадвыбарнай кампаніі. Толькі 28 % удзельнікаў апытання заявілі, што вераць абяцанням кандыдатаў. 13 % сказалі, што не маюць уласнага меркавання на гэты конт.

Ну што ж, інтрыга павінна вырашыцца крыху больш чым за тыдзень. Пажывём — пабачым.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю