Складана сказаць, чым скончыцца крызіс у Персідскім заліве. У пытанні разблакіроўкі гэтай воднай артэрыі зацікаўленых дастаткова шмат. Але ў першую чаргу гэта дзяржавы Паўднёвай і Паўднёва-Усходняй Азіі. У тым ліку і такія цэнтры сучаснай эканамічнай сілы, як Кітай, Індыя, Інданезія. Акрамя ўсяго іншага, у гэтых дзяржаў няма ніякіх супярэчнасцяў з Тэгеранам. Наадварот, у многіх з Іранам выбудаваны цалкам эфектыўныя эканамічныя адносіны, паглыбленню якіх перашкаджаюць толькі санкцыйныя рэжымы заходніх дзяржаў. Таму дыпламатычныя дамоўленасці магчымыя і рэалістычныя. Але тады энергетычны рынак практычна перастане з’яўляцца глабальнай велічынёй. А забеспячэнне сыравінай будзе ажыццяўляцца ў большай ступені праз фарміраванне шматбаковых стратэгічных альянсаў, чым на сусветных біржах. І, як бачыцца, для Еўразійскага рэгіёна (за выключэннем Еўропы) такі варыянт з’яўляецца аптымальнай варыяцыяй развіцця падзей.
Калі паглядзець на аб’ектыўныя лічбы, то заходні свет мінімальна залежыць ад багаццяў Персідскага заліва. ЗША з’яўляюцца чыстым імпарцёрам нафты і газу. Еўрапейскі саюз на Блізкім Усходзе закупляе энерганосьбіты, але ў адносна невялікіх аб’ёмах. Доля нафты з гэтага рэгіёна ў еўрапейскім імпарце складае 4-5 %, газу — каля 5 %. Доля звадкаванага прыроднага газу (ЗПГ) некалькі вышэйшая — 8-9 %. Ключавымі пастаўшчыкамі вуглевадародаў у ЕС з’яўляюцца Нарвегія, ЗША, Алжыр і... Расія. Пасля ўвядзення санкцый роля апошняй на еўрапейскім рынку знізілася. Але яе долю рынку асвоілі амерыканскія вытворцы. Расійскі газ займае да 15 % ад еўрапейскага імпарту. І ў сакавіку аб’ёмы паставак павялічыліся. Прычым і па трубаправодах (на 22 %) і ЗПГ (на 38 %).
Лічбы значныя, але не катастрафічныя. Праз Армузскі праліў праходзіць каля 20 % сусветнай здабычы нафты і каля 30 % ЗПГ. Але асноўныя аб’ёмы плывуць не на Захад, а на Усход: Кітай, Індыю, Пакістан, Інданезію, Філіпіны і іншыя дзяржавы Паўднёвай і Паўднёва-Усходняй Азіі.
Таму калі Дональд Трамп намякае: аднаўленне суднаходства ў Армузскім праліве з’яўляецца клопатам дзяржаў, якія атрымліваюць з Персідскага заліва вуглевадароды, то гэта ён пра Азіяцкі рэгіён. Несумненна, Еўропа пацярпела ад драматычных сакавіцкіх падзей на Блізкім Усходзе. Але не столькі з-за фізічнага дэфіцыту вуглевадароднай сыравіны, колькі з-за павышэння каціровак на міжнародных біржах. А таксама з-за спекуляцыі нафтатрэйдараў і перапрацоўшчыкаў. З чыста эканамічнага пункту гледжання інтарэсы еўрапейскіх сталіц у Персідскім заліве (прынамсі, з пункту гледжання паставак нафты і газу) мінімальныя. Іншае пытанне, што той жа Лондан, мяркуючы па ўсім, адчувае дэжавю і марыць адрадзіць хаця б частковы кантроль над таннай нафтай у Персідскім заліве, як гэта было ўжо ў 1950-я. Праўда, для гэтага Уінстану Чэрчылю пры падтрымцы і ўдзеле Вашынгтона прыйшлося здзейсніць дзяржаўны пераварот у Тэгеране. Справакаваць масавыя беспарадкі, у выніку якіх страціў сваю ўладу Махамед Масадык, які нацыяналізаваў здабыўны сектар і гатовы быў выбудоўваць з заходнім светам камерцыйныя адносіны. Але Брытаніі для аднаўлення эканомікі пасля вайны былі неабходныя не проста танныя рэсурсы, а па цэнах ніжэй не прыдумаеш. Сёння справы ў Англіі з пункту гледжання эканомікі развіваюцца не лепшым чынам. Ваенная разруха адсутнічае, але праведзеная Маргарэт Тэтчэр дэіндустрыялізацыя дае свае вынікі. Для адраджэння прамысловага патэнцыялу патрэбны рэсурсы. Пажадана недарагія. Мабыць, таму Лондан актыўна ўзяўся за агучванне блізкаўсходніх ініцыятыў. Нават спрабуе прыцягнуць да іх больш чым 40 дзяржаў.
Іншае пытанне — наколькі каштоўная і неабходная кіруючая роля Брытаніі ў сучасных рэаліях? Пекін, Нью-Дэлі, Ісламабад і Джакарта здольныя і тэхнічна, і дыпламатычна забяспечыць вырашэнне няпростай сітуацыі па суднаходстве ў Армузскім праліве. У адрозненне ад Лондана ў гэтых краін ёсць ужо паспяховыя кейсы дыпламатычных кантактаў па гэтай тэме. У абмежаванай колькасці, але Іран прапускаў танкеры і газавозы ва ўсходнім напрамку. І практыка можа быць пашырана, аж да поўнага аднаўлення лагістычнага маршруту. Больш за тое, ключавыя пакупнікі блізкаўсходняй нафты ўваходзяць у Шанхайскую арганізацыю супрацоўніцтва і БРІКС, а таксама Іран. У БРІКС уваходзяць Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, а таксама была запрошана Саудаўская Аравія. Словам, існуе інстытуцыянальнае асяроддзе для забеспячэння не толькі бяспекі суднаходства, але і фарміравання базісу для эканамічнай стабільнасці. Уласна кажучы, у гэтым ключы БРІКС і развіваўся апошнія гады. Крызіс у Персідскім жа заліве можа паглыбіць стратэгічнае партнёрства ў частцы сыравіннай стабільнасці. Не выключана, што да такой ініцыятывы могуць далучыцца, акрамя ААЭ, і іншыя манархіі ў рэгіёне. Бо яны сталі заложнікамі сітуацыі: эканоміка гэтых дзяржаў залежыць ад экспарту нафты і газу не ў меншай ступені, чым азіяцкія эканомікі ад іх імпарту. Але ў гэтым выпадку глабальны рынак вуглевадародаў будзе цалкам дэвальваваны. І вялікая верагоднасць, што адбудзецца канчатковы падзел на стратэгічныя альянсы: БРІКС — з аднаго боку, ЗША, ЕС і іх партнёры — з другога. Вядома, будуць працаваць біржы, высвечвацца каціроўкі, але ключавыя сыравінныя патокі размяркуюцца ўнутры макрарэгіёнаў. А сыравіннае партнёрства цягне за сабой інтэграцыю па іншых эканамічных складніках. Словам, нельга выключаць, што падзеі вакол Армузскага праліва з’яўляюцца эпахальнымі. І эканамічная карта свету падзеліцца на два паўшар’і: заходняе і ўсходняе. А канцэпцыя глабальных рынкаў канчаткова ператворыцца ў анахранізм.
Уладзімір ВАЛЧКОЎ