Top.Mail.Ru

Пасля звароту з Пасланнем да беларускага народа і парламента Аляксандр Лукашэнка адказаў на пытанні з залы


«Мы не пойдзем на тое, каб дапусціць яшчэ некалькі памылак і паўтарыць 2020 год»

Дэлегат УНС, член Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Палаты прадстаўнікоў, дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Вадзім Гігін спытаў кіраўніка дзяржавы аб стане беларуска-амерыканскіх адносін.

Прэзідэнт адзначыў, што ён прыхільнік таго, каб не ствараць лішняга шуму, пакуль пра нешта не дамовіліся. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, спектр тэм, якія абмяркоўваюцца з амерыканскім бокам, даволі шырокі: ад пытанняў мірнага ўрэгулявання ва Украіне да аднаўлення работы амерыканскага пасольства ў Мінску.

Пры гэтым кіраўнік дзяржавы падкрэсліў: «Мы не пойдзем на тое, каб дапусціць яшчэ некалькі памылак і паўтарыць 2020 год. 2020 года ў Беларусі больш не будзе. Мы ведаем пра свае інтарэсы. Мы не хочам, каб амерыканцы былі нашымі сапернікамі і ворагамі. У нас мэта — наладзіць з імі адносіны. Ужо просяць планаваць далейшыя сустрэчы і размовы. Усё ідзе, як яны сказалі, да вялікай здзелкі. Мы павінны з Трампам сустрэцца і дамовіцца. З іх боку яны гарантуюць зняцце ўсіх санкцый. Праўда на нашым баку, і час усё расставіць на свае месцы».

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што з амерыканцамі вядзём вельмі цяжкі дыялог. «Нам трэба з імі выбудоўваць адносіны (з ЗША). Як гэта робяць іншыя. Ні ў якім разе не за кошт іншых краін. Балазе, з Пуціным у нас поўнае разуменне таго, што адбываецца. Мы абмяркоўваем гэтыя праблемы, сустракаемся часта», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

«Нам навошта ваяваць, калі гэта могуць зрабіць іншыя?»

Палітолаг Юрый Васкрасенскі адзначыў, што апошнія памілаванні кіраўніка дзяржавы ў дачыненні да асоб, якія здзяйснялі тэрарыстычныя і экстрэмісцкія злачынствы ў Беларусі, выклікалі бурныя абмеркаванні ў грамадстве, асабліва сярод прыхільнікаў Прэзідэнта. Eн удакладніў, што людзі пытаюцца: чаму менавіта гэтыя верхаводы, а не асноўная маса, якая паддалася на заклікі і ў выніку была асуджаная, былі вызвалены. Больш за тое, на асобных рэсурсах з’яўляюцца каментарыі аб тым, што «ядзерны электарат» і сілавікі гэтае рашэнне нібыта не падтрымалі.

«Наконт „ядзернага электарату“, расколвання і гэтак далей... Ведаеце, гэта выдаванне жаданага за сапраўднае, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Чаму такія размовы ідуць? Яны проста не інфармаваныя ў дастатковай ступені».

Па словах кіраўніка дзяржавы, краіна нічога атрымае ад таго, калі той жа Бабарыка будзе ўтрымлівацца ў месцы пазбаўлення волі да таго, пакуль не сыдзе з жыцця натуральным шляхам. «Што мы выйграем ад гэтага? — пацікавіўся Прэзідэнт. — Дакладна так жа было пра гэтага сужэнца (Ціханоўскага. — „Зв.“). Eн, бедны, у яе (Святланы Ціханоўскай. — „Зв.“) затрымаўся на двое сутак. Цяпер жыве ў Амерыцы, часам туды-сюды перамяшчаецца, ужо адкрыў вайну супраць гэтага офіса ў Літве. А той офіс не ведае куды дзявацца: то ў Польшчу, то ў Літву. Хто гэта зрабіў? Сярожка. Ну нам навошта ваяваць, калі гэта могуць зрабіць іншыя?»

Што датычыцца рашэння аб памілаванні, па словах Аляксандра Лукашэнкі, яно было прынята ў рамках перагавораў з амерыканцамі. «Усе гэтыя абмены, размены — жаданне перагаворшчыкаў Злучаных Штатаў Амерыкі, — удакладніў ён. — Хочаце забіраць — забірайце. Можна было іх не выпускаць. Некаторыя ў нас там яшчэ знаходзяцца. Няхай там у сябе ў Германіі ствараюць дадатковы офіс, змагаюцца за гранты, змагаюцца за грошы ў Бруселі. Няхай змагаюцца. Гэта што — нам у шкоду? Навошта, каб яны выйшлі праз год-два і стваралі вам тут праблемы? Не толькі мне. Да нас яны не прыедуць».

Пры гэтым беларускі лідар папярэдзіў, што нашы грамадзяне не павінны дапусціць такой сітуацыі, каб яны да нас вярнуліся.

«Я ўсяляк спрабую пазбегнуць канфрантацыі»

Дэлегат УНС, член Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Аляксандр Шпакоўскі пацікавіўся ў кіраўніка дзяржавы, якім чынам неабходна ўзаемадзейнічаць з нашымі суседзямі, у прыватнасці з Літвой.

«Скажу шчыра: мая пазіцыя простая. Каб разабрацца з Літвой, шмат часу не трэба — любымі метадамі. Але крый божа развязаць нейкую вайнушку. Пытанне ж нават не ў вайне і не ў часе. Пытанне не ў гэтым. А пытанне ў тым, што (я амерыканцам спрабую ўкласці гэта ў галаву) вайна — гэта асаблівы перыяд у жыцці любога грамадства. Ну, гэта ж жыццё. Цяжкае жыццё. І ў гэтай сітуацыі нельга прадказаць да 100 працэнтаў, як будуць развівацца падзеі. Паварот можа быць самы неверагодны. Таму я ўсяляк спрабую пазбегнуць канфрантацыі», — падкрэсліў беларускі лідар.

Паводле слоў Прэзідэнта, нашы суседзі ведаюць, да чаго гэта можа прывесці, бачаць, што робіцца на поўдні нашай краіны. «Таму ніякай канфрантацыі няма. І потым, трэба разумець, што любая вайна не са стральбы пачынаецца. Вы паглядзіце: з расійскай мовы на Данбасе пачалося ўсё, а потым у Адэсе спалілі, а потым пераварот зладзілі, а потым Дэбальцава, там яшчэ ў аэрапорце Данецка стральба пачалася, колькі людзей загінула, загубілі... Вось так паволі гэта ўсё пачынаецца», — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.

«Таму я спрабую пазбегнуць усялякай эскалацыі ў палітыцы, дыпламатыі, у эканоміцы, — акцэнтаваў увагу кіраўнік дзяржавы. — Я сапраўды так лічу — трэба дамаўляцца. Трэба садзіцца, абмяркоўваць пытанні і дамаўляцца. Калі твой праціўнік не перайшоў чырвоную рысу, як у нас модна стала казаць. Ну калі чалавек перайшоў чырвоную рысу — гэта агрэсія супраць Беларусі. Для нас гэта немагчыма, мы адкажам».

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, нашы суседзі павінны выдатна разумець: ніякія немцы і амерыканцы за іх ваяваць не будуць.

«Нічога ў іх не атрымаецца»

Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы, дырэктар — галоўны рэдактар Выдавецкага дома «Беларусь сегодня» Дзмітрый ЖУК звярнуў увагу, што, дзякуючы збеглым, у палітычным ландшафце з’явіўся новы тэрмін — «палітычны махляр» або «палітычнае махлярства». «Так называюць людзей, якія, не маючы адносін да пэўных працэсаў, з усіх сіл да іх прымазваюцца», — удакладніў ён. Прывёўшы ў прыклад тых, хто спрабуе прыпісаць сябе дачыненне да беларуска-амерыканскіх перагавораў, Дзмітрый Жук пацікавіўся, як да гэтага адносіцца Прэзідэнт.

«Галоўнае для іх цяпер (і яны марнуюць на гэта, дурні, грошы) — паказаць, што яны вырашаюць пытанні: вызваленне гэтых палітзняволеных, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. — Дзякуй Коўлу (спецпасланніку ЗША ў Беларусі. — „Зв.“), які прама сказаў: „100 % гэта работа амерыканцаў“. Я б дадаў: „Не толькі амерыканцаў, але і беларусаў у тым ліку“. На нас немагчыма націснуць. Не таму, што мы такія героі. Мы ведаем сваіх сяброў. І ведаем, на каго абаперціся. Я вельмі часта абапіраюся на магутнасць Расіі, наша сяброўства з Сі Цзіньпінам, з Кітаем і многімі іншымі».

Тыя, хто перабольшвае сваю ролю ў беларуска-амерыканскіх перагаворах, прыстасоўваюцца да сітуацыі. «Яны гатовы лізаць любы бот, але толькі каб атрымаць нейкую капейку, — растлумачыў кіраўнік дзяржавы. — Шарлатаны. Правільна, махляры ад палітыкі. Гэта нармальны для іх тэзіс. І нічога ў іх не атрымаецца».

Па словах беларускага лідара, галоўнае для збеглых — выжыць, таму яны гатовы піярыцца. Прэзідэнт нагадаў і аб планах збеглых захапіць Кобрынскі раён, парэкамендаваўшы ім набрацца вопыту на фронце. «Ляпаюць языкамі, вы гэта бачыце, да справы не дойдуць, — канстатаваў ён. — Але іх заходнія спецслужбы ўжо падштурхоўваюць: «Хлопцы, размовы скончаны, трэба ўжо ваяваць, трэба нешта рабіць».

«Наша галоўная якасць — працаваць»

Член Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Алег Кузьмін пацікавіўся меркаваннем беларускага лідара наконт уцягвання падрастаючага пакалення да формы грамадска карыснай працы.

«Адназначна школьнікі павінны займацца грамадска карыснай працай, — перакананы Прэзідэнт. — Асабліва гарадскія».

Па словах кіраўніка дзяржавы, нават у сельскай мясцовасці людзі настолькі разленаваліся, што не хочуць на сваім падворку нават яблыню якую дзеля сваіх дзяцей пасадзіць. «Трэба працаваць, — падкрэсліў беларускі лідар. — Калі фізічнай працай ты ў школе, у маладосці не займаешся, з цябе толку не будзе. Што мы папракаем нашых дзяўчат? Ім замуж няма за каго выходзіць».

Па словах кіраўніка дзяржавы, усё пачынаецца з працы. «Гэта наша галоўная якасць, беларусаў, — працаваць, — падкрэсліў ён. — Страцім — хана нам. Таму трэба гэта зберагчы. Таму я адназначна настойваю, каб школьнікі, не гаворачы ўжо аб больш дарослых дзецях, займаліся працай. Праца надае высакароднасць чалавеку. Не я сказаў».

Ці можа штучны інтэлект прывесці да дзяржперавароту?

Дэпутат Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў, генеральны дырэктар інфармацыйнага агенцтва «Мінск-Навіны» Андрэй Крывашэеў спытаў у кіраўніка дзяржавы, як чалавеку канкурыраваць з нейрасеткамі?

Аляксандр Лукашэнка сказаў, што не верыць у тое, што штучны інтэлект зможа замяніць чалавека, і не хоча, каб гэта адбылося. «Не ведаю. Даўно спрабую адказаць сабе на гэтае пытанне», — адзначыў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы расказаў, што раней, падчас паездак у Эміраты, яго знаёмілі з развіццём гэтай сферы. Аднак ён пакуль не верыць, што штучны інтэлект можа перасягнуць чалавека. «Як большасць людзей, я пакуль у гэта не веру. Мне цяжка разважаць на тую тэму, бо я не ведаю. Пакуль гэта разважанні», — адзначыў ён.

Тым не менш пэўныя моманты, упэўнены кіраўнік дзяржавы, трэба ўлічваць. Ён нагадаў, напрыклад, пра распаўсюджанае ў інтэрнэце відэа, дзе з дапамогай штучнага інтэлекту было згенеравана яго выступленне у парламенце на французскай мове. «Прыгледзеўся — а міміка зусім іншая. А хто там з людзей будзе разбірацца... Гэта да чаго можа прывесці? Да дзяржаўнага перавароту. Перавярнуць краіну могуць. З гэтым трэба лічыцца», — адзначыў Прэзідэнт.

«Людзям трэба варушыцца, калі мы хочам добра жыць»

Дэпутат Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў, аглядальнік тэлеканала «СТБ» Яўген Пуставой спытаў у Прэзідэнта, як ён адносіцца да зваротаў да яго праз TіkTok, у якіх кіраўніка дзяржавы просяць пакасіць траву, выправіць сітуацыю з чэргамі на запраўках і нават просяць парад у выхаванні дзяцей. Дэпутат указаў і на такую з’яву, як утрыманства, і спытаў, як можна ад яе ўвогуле пазбавіцца.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што спрабуе рэагаваць на ўсё, што бачыць у тым ліку і ў інтэрнэце, хаця, па яго словах, гэта ўжо перабор. «Можна не рэагаваць, на пэўныя рэчы я не рэагую, — сказаў ён. — Дзесьці жорстка рэагую, але калі пачынаем разбірацца — хлусня». Пасля разбіральніцтваў па выніках тых ці іншых скаргаў у інтэрнэце высвятляецца, што і прозвішчаў такіх няма, і факту таксама. Іншая справа, калі факт пацвярджаецца.

Прэзідэнт перакананы, што віна прадстаўнікоў улады ў тым, што такія рэчы трэба папярэджваць. «Калі касіць, то старшыня сельскага Савета павінен касіць, —- канкрэтызаваў ён. — Або наперадзе ісці, а следам за ім талакой, натоўпам усе павінны ісці касіць. Тады людзі будуць разумець: пішы — не пішы, ён косіць — і я касіць пайду».

Такім прынцыпам Прэзідэнт заўжды кіраваўся будучы кіраўніком сельскагаспадарчага прадпрыемства. І цяпер нярэдка сам паказвае прыклад. «Цяпер трэба не ісці, а бегчы», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падтрымлівае, што ўтрыманства можа прывесці да сумных наступстваў. «Людзям трэба варушыцца, калі мы хочам добра жыць», — дадаў ён.

Якая самая моцная зброя ёсць у Трампа?

Ад палітыка Ганны Канапацкай прагучала пытанне, ці не варта заняцца рэпатрыяцыяй у Беларусь грамадзян, якія маюць беларускія карані. «Можа быць, пачнём з таго, што скарыстаемся вашымі добрымі адносінамі з амерыканскім прэзідэнтам і запросім сям’ю яго зяця Джарэда Кушнэра, які мае беларускія карані, напярэдадні значнага для яўрэйскага народа свята. Для таго, каб яны наведалі свае радавыя месцы», — прапанавала Ганна Канапацкая.

«Колькі б я ні стараўся, рэпатрыяваць Кушнэра ў Беларусь у мяне наўрад ці атрымаецца, — з доляй гумару адказаў Аляксандр Лукашэнка. — Я абавязкова буду старацца. Калі шчыра, я запрашаў праз Аляксандра Генрыхавіча (Прэм’ер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын. — «Зв.»). Ён у нас адтуль (продкі Джарэда Кушнэра з Навагрудскага раёна. — «Зв.»). Мы запрашалі амерыканскага пасла ў Францыі. Гэта бацька Кушнэра — Чарльз. Мы і яго запрашалі, падтрымліваем з ім адносіны, ён адгукаецца, мы размаўляем. Тое ж самае і з Кушнэрам. Ну, неяк ці не дайшоў да іх сігнал. Але пры сустрэчы з Трампам я абавязкова ад твайго імя яму пра гэта нагадаю.

Апошнім разам я Джону Коўлу (спецпасланнік ЗША па Беларусі. — «Зв.») сказаў: «Ты перадай Трампу, чаму вы не выкарыстоўваеце самую моцную зброю, якая ў яго ёсць? Меланія Трамп. Яна ж наш чалавек, яна славянка — са Славеніі. Яна шмат чаго магла б і ва ўкраінскім канфлікце, і ў Беларусі. Трэба яе выкарыстоўваць у гэтым плане. Я ім прапанаваў. Прычым сур’ёзна прапанаваў, каб Меланія больш удзельнічала ў вырашэнні палітычных пытанняў. Думаю, для Трампа гэта было б нядрэнна. Не толькі Кушнэра прыцягваць да вырашэння — у Газе, ва ўкраінскім канфлікце ж нямала зрабіў, шчыра кажучы. Не толькі Кушнэра, але і Меланію трэба прыцягваць».

«Толькі мірнае вырашэнне ўкраінскага пытання для нас карысць»

Намеснік начальніка факультэта па вучэбнай і навуковай рабоце — начальнік вучэбна-метадычнага аддзела факультэта Генеральнага штаба Узброеных Сіл Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь, палкоўнік Андрэй Багадзель спытаў у Прэзідэнта, калі, на яго думку, скончыцца канфлікт ва Украіне. Ён таксама звярнуў увагу на пазіцыю некаторых нашых ворагаў, якія кажуць пра тое, што Прэзідэнту Беларусі і ваенна-палітычнаму кіраўніцтву нашай краіны нібыта нявыгадна заканчэнне канфлікту ва Украіне.

«Гэта людзі, якія не думаюць, — адказаў Аляксандр Лукашэнка. — Для мяне вельмі небяспечна падаўжэнне гэтага канфлікту. Гэта можа такі паварот быць, які нам і не сніўся».

У сувязі з гэтым Прэзідэнт падзяліўся адным інсайдам, расказаўшы, што зусім нядаўна ўкраінцы папярэдзілі нас па каналах спецслужбаў, што яны будуць збіваць расійскія беспілотнікі, якія залятаюць на нашу тэрыторыю. У адказ Аляксандр Лукашэнка папрасіў перадаць, што гэта будзе мець далёка ідучыя наступствы: «Што, яны абсалютна перакананыя, што гэта будуць расійскія ці нямецкія беспілотнікі? Над намі лётаюць не толькі расійскія, але і ўкраінскія беспілотнікі. Я гэта кажу да таго, каб вы разумелі, які паварот можа адбыцца — мы можам адказваць. Цішыня. Разумеюць. Але вы разумееце, у што гэта можа ператварыцца. Таму для мяне вельмі нязручны працяг і асабліва эскалацыя гэтай вайны. Калі раскінуць мазгамі, нам, Беларусі, гэта не трэба. Наадварот, калі вайна скончыцца, мне гэта вельмі выгадна, бо я займаю міралюбную пазіцыю. Мы заўсёды займалі і займаем гэту пазіцыю. Толькі мірнае вырашэнне ўкраінскага пытання для нас карысць».

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што і Украіна без нас таксама не абыдзецца, таму што ніякія амерыканцы і еўрапейцы без выгады для сябе аднаўляць краіну не будуць. Гэтым будуць займацца Беларусь і Расія. Што датычыцца канца вайны, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што бакі як ніколі блізкія да мірнага вырашэння: «Трэба дамаўляцца. Гэта мая сапраўдная пазіцыя», — падкрэсліў беларускі лідар.

«Да іх трэба адносіцца як да беларусаў, як да сваіх людзей»

Старшыня Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Палаты прадстаўнікоў Мікалай Бузін агучыў пытанне, якое, па яго словах, хвалюе людзей: працоўная міграцыя ў інтарэсах нашай эканомікі. На гэтай тэме, па меркаванні дэпутата, некаторыя спрабуюць атрымаць палітычныя дывідэнды, каб раскачаць краіну на гэтай тэме. Мікалай Бузін пацікавіўся стратэгіяй дзяржавы па лініі працоўнай міграцыі на бліжэйшую пяцігодку.

«Вы бачыце, на 9,5 мільярда, а то і 10 (мільярдаў. — „Зв.“) прадуктаў харчавання прадалі», — канстатаваў беларускі лідар, удакладніўшы, што далёка не ўсе нашы суайчыннікі хочуць працаваць у сельскай гаспадарцы, чаго не скажаш аб мігрантах.

Па словах Прэзідэнта, сярод працоўных мігрантаў у нашай краіне — у асноўным, прадстаўнікі постсавецкіх краін, у якіх няма праблем з нараджальнасцю. «Гэта нашы людзі», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, кажучы аб мігрантах. Пры гэтым кіраўнік дзяржавы адзначыў, што, перад тым як трапіць да нас на работу, яны праходзяць праверку, найперш па лініі міліцыі.

Па словах Прэзідэнта, працавітасці мігрантаў можна пазайздросціць. Гледзячы на іх, падцягваюцца і некаторыя беларусы, якія не хацелі працаваць. «Яны прыехалі — няхай працуюць, — сказаў беларускі лідар. — Але галоўнае (стратэгія мая) — да іх трэба адносіцца як да беларусаў, як да сваіх людзей. Гэта датычыцца і аказання медыцынскіх, і адукацыйных паслуг».

Па словах кіраўніка дзяржавы, хочам мы таго ці не, а вымушаны будзем прыцягваць мігрантаў. «Трэба ўзяць пад кантроль любыя працэсы, пакуль нам удаецца гэта», — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка, маючы на ўвазе, што так ці інакш міграцыя непазбежная.

Па словах Прэзідэнта, многія мігранты працуюць так, што нашы людзі так працаваць не хочуць. У якасці прыкладу кіраўнік дзяржавы прывёў Віцебшчыну, дзе ўскрываюцца жудасныя факты халатных адносін да сваіх абавязкаў.

«Дык хутчэй бы прыехалі гэтыя туркмены, узбекі, жыллё дадзім, будзем падтрымліваць, галоўнае, каб працавалі тут і вынік пэўны давалі, каб вёска жыла, — акцэнтаваў увагу беларускі лідар. — Вось мая стратэгія. А не таму, што я хачу запаланіць Беларусь пакістанцамі. Такой мэты няма. Але трэба трымаць усё пад кантролем і па-чалавечы да іх аднесціся. І будзе вынік».

«Нам у плане этыкі сямейнага жыцця трэба працаваць»

Дэпутат Столінскага раённага Савета дэпутатаў, дырэктар Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, старшыня раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын Людміла Малышава (шматдзетная маці) пацікавілася, як у краіне стымуляваць нараджальнасць. Яна перакананая, што нараджэнне вялікай колькасці дзяцей магчыма толькі пры вялікай любові да Радзімы, і да моладзі гэта трэба даносіць.

«Ну, ведаеш, мне з табой цяжка паспрачацца. Калі ў цябе пяцёра дзетак, ну што ты скажаш? І калі ты кажаш пра тое, што патрыятызм ляжыць у аснове, любоў да Радзімы... Я ўжо не ведаю, што можа быць лепш гэтага», — сказаў беларускі лідар.

Што датычыцца прапаганды і агітацыі за вялікую сям’ю, Прэзідэнт працытаваў аднаго з рэжысёраў, які казаў: «Калі няма пасцельнай сцэны і камусьці морду не разбілі да крыві, то гэта не кіно, яго ніхто глядзець не можа». Са слоў кіраўніка дзяржавы, мы адышлі ад тых савецкіх прынцыпаў, якія былі нармальнымі. «Нам у гэтым кірунку трэба працаваць, у плане этыкі сямейнага жыцця, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Я згодны, што этыка сямейнага жыцця — гэта вельмі важна. Але як гэта выкарыстоўваць і дзе — мы пра гэта падумаем».

У завяршэнне першага дня Сходу Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што пасяджэнне прайшло дэмакратычна: усе, хто хацеў задаць пытанні, гэта зрабілі. «Я здзіўляюся вашаму гераізму, хоць я таксама з вамі гэты ўвесь час быў, — канстатаваў Прэзідэнт. — Мы абмеркавалі ўсе пытанні, якія вызначылі. Прэм’ер-міністр заўтра нам даложыць праграму, па якой мы будзем жыць найбліжэйшыя пяць гадоў. Я прасіў, каб гэта праграма была канкрэтнай, зразумелай для людзей, каб усе бачылі, у якім кірунку будзе развівацца Беларусь».

Рэзюмуючы, беларускі лідар выказаў удзячнасць аўдыторыі за цеплыню, якая адчувалася ў зале падчас першага дня пасяджэння УНС. «Вы ў сваёй большасці — тыя людзі, за якімі будучыня нашай краіны і будучыня нашых дзяцей, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Давайце зробім тое, што мы павінны зрабіць. Дзякуй вам».

Вераніка КАНЮТА, Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю