Top.Mail.Ru
336

Пасол: Беларусь і Турцыя ўзаемна патрэбны адзін аднаму

Беларусь і Турцыя ўзаемна патрэбны адзін аднаму. Аб гэтым заявіў пасол Беларусі ў Турцыі Анатоль Глаз, паведамляе БелТА.



Анатоль Глаз звярнуў увагу, што тавараабарот Беларусі з Турцыяй, паводле турэцкай статыстыкі, набліжаецца да $2 млрд. Гэта вельмі значная лічба і для Беларусі, і для Турцыі, падкрэсліў пасол.


«Мы ўзаемна патрэбны адзін аднаму. Калі б не перашкаджалі нам некаторыя іншыя краіны, то гэта лічба была б яшчэ большай. Але ў нас ёсць поўнае разуменне з турэцкім бокам, з партнёрамі з Турцыі, і наш тавараабарот мы будзем павялічваць і такім чынам паляпшаць дабрабыт нашых грамадзян, развіваць бізнесы нашых краін», — запэўніў Анатоль Глаз.


На бліжэйшую перспектыву ў дзвюх краін ужо запланаваны шэраг дзелавых кантактаў, пачнуць працаваць механізмы двухбаковага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. Беларускі дыпламат дадаў, што ў Мінску разлічваюць на рэалізацыю гэтых ініцыятыў ужо ў гэтым годзе.

«Будуць візіты дзелавых колаў. Таму наш парадак дня вельмі аптымістычны і актыўны», — сказаў кіраўнік дыпмісіі.

Анатоль Глаз заявіў, што высокі ўзровень адносін паміж Беларуссю і Турцыяй грунтуецца перш за ўсё на вельмі цесных, блізкіх і дружалюбных адносінах кіраўнікоў дзвюх дзяржаў.

Паводле слоў пасла, Прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган у час сустрэчы з ім асабліва падкрэсліў свае адносіны да Прэзідэнта Беларусі і перадаў яму прывітанне. «Дружбу прэзідэнтаў, нам, дыпламатам, трэба апраўдаць, гэта асноўная мэта нашай работы», — падкрэсліў пасол.

Анатоль Глаз дадаў, што ў Беларусі прытрымліваюцца класічнай дыпламатыі, такой жа, якой прытрымліваюцца ў Турцыі. «Мы займаемся дыпламатыяй для таго, каб развіваць, паглыбляць і актывізаваць адносіны паміж краінамі на карысць народаў. Мы не прыходзім некага вучыць. Мы не ўмешваемся ва ўнутраныя справы, мы не расказваем у краіне знаходжання, як ім патрэбна жыць, што рабіць або як праводзіць выбары. Проста цяпер шэраг краін, асабліва краін Захаду, грашаць гэтым, а дакладней, іх дыпламатыя займаецца тым, што вучыць іншыя краіны, як ім жыць», — звярнуў увагу кіраўнік дыпмісіі.

Анатоль Глаз падкрэсліў, што і Беларусь, і Турцыя з’яўляюцца прыхільнікамі класічнай школы і лічаць, што дыпламатыя павінна працаваць на карысць. «Гэта наша асноўная мэта. Беларуская дыпламатыя ў першую чаргу займаецца пытаннямі гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва», — адзначыў ён.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю