Беларуска-расійскае супрацоўніцтва развіваецца ў пазітыўным ключы. Аб гэтым заявіў пасол Беларусі ў Расіі Юрый Селіверстаў, паведамляе БелТА.
Па словах пасла, беларуска-расійскае супрацоўніцтва рэалізуецца ў рабочым рэжыме. «Сітуацыя стабільная. З пункту гледжання тавараабароту нам хацелася б усё ж прырастаць. Задачы пяцігодкі, якія пастаўлены, несумненна ёсць», — сказаў дыпламат.
Ён адзначыў наяўнасць шэрагу пытанняў, якія прапрацоўваюцца з улікам укаранення спецыяльных кантрольных сістэм у Расійскай Федэрацыі, каб абяліць унутраны тавараабарот: «Мы з калегамі зараз абмяркоўваем гэта, якім чынам мы будзем працаваць у гэтых умовах».
«Мы ў рамках Саюзнай дзяржавы шырэй прасунуліся, чым у пяцёрцы (Еўразійскім эканамічным саюзе. — Заўв. БелТА). У нас больш інтэграцыя. У цэлым усё рухаецца ў пазітыўным ключы», — заявіў Юрый Селіверстаў.
Аднак, заўважыў ён, гэта не значыць, што трэба расслабляцца. «Задачы стаяць сур’ёзныя. І нам трэба павышаць і якасць. І, на жаль, ёсць у нашых вытворцаў пытанні, што ў сувязі з больш цвёрдай грашова-крэдытнай палітыкай складаней браць у Расіі спажыўцам нашы тавары. Але і нам не трэба ў гэтым плане адставаць. Мы таксама працуем на беларускім баку, каб прапанаваць свае схемы. Каб тыя аб’ёмы тавараабароту, якія былі дасягнуты ў мінулым годзе — пад $54 млрд, — былі і сёлета як мінімум такія ж і нават большыя».
Юрый Селіверстаў пацвердзіў, што па шэрагу напрамкаў ёсць некаторае прасяданне на рынку Расійскай Федэрацыі, аб чым у тым ліку пішуць у расійскіх СМІ. Напрыклад, гэта датычыцца паставак прадукцыі машынабудавання, тых ці іншых прадуктаў, якія патрабуюць вялікіх інвестыцый.
«Вядома, гэта не можа не адбіцца на нас. Але тая доля, якую мы займаем на расійскім рынку, можа нам дазволіць шляхам паляпшэння якасці, прапановы сэрвісу і фінансавых паслуг не дапусціць падзення», — сказаў пасол.
Адзін з кірункаў работы ў гэтым напрамку — адкрыццё сучасных мультыбрэндавых цэнтраў, дзе ў адным месцы засяроджана шырокая лінейка прамысловых тавараў.
Як паведамлялася БелТА, у ходзе рабочага візіту Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў Расію плануецца сустрэча з Прэзідэнтам Уладзімірам Пуціным. Кіраўнікі дзяржаў абмяркуюць шырокае кола пытанняў двухбаковага супрацоўніцтва, міжнародны парадак дня і абстаноўку ў рэгіёне.