Пад стратэгічным кіраўніцтвам Старшыні КНР Сі Цзіньпіна і Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі кітайска-беларускія адносіны ўсепагоднага і ўсебаковага стратэгічнага партнёрства захоўваюць добрую дынаміку развіцця. Аб гэтым заявіў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Чжан Вэньчуань на ўрачыстым мерапрыемстве з нагоды 77-й гадавіны ўтварэння Кітайскай Народнай Рэспублікі.
Як падкрэсліў кіраўнік дыпламатычнай місіі, палітычны ўзаемны давер паглыбляецца, супрацоўніцтва ў розных галінах прыносіць плённыя вынікі, і аб’ём двухбаковага гандлю пастаянна дасягае новых максімумаў. «У чэрвені гэтага года Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка здзейсніў свой семнаццаты візіт у Кітай, і правёў важную сустрэчу са старшынёй Сі Цзіньпінам, падчас якой лідары сумесна распрацавалі новы план развіцця двухбаковых адносін, — адзначыў Чжан Вэньчуань. — Нядаўна кіраўнікі дзвюх дзяржаў разам прынялі ўдзел у саміце ШАС».
Нягледзячы на складаную знешнюю абстаноўку, кітайская эканоміка вытрымала ціск і працягнула рух наперад: у першым паўгоддзі ВУП Кітая вырас на 4,7% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года, а аб’ём знешняга гандлю ўпершыню за ўсю гісторыю перавысіў 25 трыльёнаў юаняў, што складае звыш 3,6 трыльёна долараў ЗША. «Мы ўпэўнены, што зможам дасягнуць гадавых мэт і забяспечыць добры старт 15-й пяцігодкі. Кітай, які паслядоўна прытрымліваецца курсу на высакаякаснае развіццё і адкрытасць на высокім узроўні, абавязкова дасць больш магчымасцяў для развіцця ўсім краінам свету», — падкрэсліў кіраўнік дыпламатычнай місіі.
Як адзначыў Чжан Вэньчуань, уступіўшы ў новую эпоху, пад кіраўніцтвам Старшыні Сі Цзіньпіна, Кітай атрымаў перамогу ў барацьбе з беднасцю, поўнасцю пабудаваў грамадства сярэдняй заможнасці і паспяхова стаў на шырокі шлях кітайскай мадэрнізацыі. Зараз Кітай трывала займае другое месца ў свеце па аб’ёме эканомікі, а па аб’ёме гандлю таварамі, золатавалютных рэзерваў і маштабах апрацоўчай прамысловасці ўжо доўгі час утрымлівае першае месца ў свеце. «Узровень жыцця насельніцтва значна павысіўся, створаны найбуйнейшыя ў свеце сістэмы адукацыі, сацыяльнага забеспячэння і аховы здароўя. Кітай паскарае прарывы ў сферы тэхналагічных інавацый і ўвайшоў у першую дзясятку Глабальнага інавацыйнага індэксу. У такіх галінах, як штучны інтэлект, квантавыя тэхналогіі і пілатуемая касманаўтыка, пастаянна дасягаюцца новыя вынікі», — заўважыў пасол.
Як падкрэсліў кіраўнік дыпламатычнай місіі, на працягу 77 гадоў, як бы ні змянялася міжнародная абстаноўка, Кітай нязменна і цвёрда праводзіць незалежную і самастойную мірную знешнюю палітыку, рашуча адстойвае міжнародную справядлівасць і адкрыта выступае супраць гегемоніі і палітыкі сілы. «Кітай актыўна садзейнічае пабудове Супольнасці адзінага лёсу чалавецтва, вылучыў Ініцыятыву па глабальным развіцці, Ініцыятыву па глабальнай бяспецы, Ініцыятыву па глабальнай цывілізацыі і Ініцыятыву па глабальным кіраванні, а таксама актыўна прасоўвае высакаякаснае сумеснае будаўніцтва ініцыятывы „Адзін пояс, адзін шлях“. Гэтыя ініцыятывы атрымалі шырокую падтрымку і водгук з боку многіх краін, у тым ліку Беларусі. Сваімі ўласнымі намаганнямі Кітай працягвае прыўносіць каштоўную стабільнасць і дакладнасць у неспакойны свет», — адзначыў Чжан Вэньчуань.
Кітай і Беларусь падтрымліваюць цесную каардынацыю ў рамках шматбаковых арганізацый, у тым ліку ААН, сумесна прасоўваючы сапраўдную шматбаковасць і ўносячы пазітыўны ўклад у забеспячэнне міжнароднай справядлівасці, а таксама ва ўмацаванне рэгіянальнага і глабальнага міру і стабільнасці. "Стоячы на новым гістарычным этапе, Кітай гатовы разам з усімі краінамі свету, уключаючы Беларусь, будаваць светлую будучыню — будучыню, заснаваную на міры, бяспецы, росквіце і прагрэсе, — адзначыў пасол. — Жадаю адносінам паміж Кітаем і Беларуссю — усепагоднаму і ўсебаковаму стратэгічнаму партнёрству — дынамічнага развіцця!
Мікалай ЛІТВІНАЎ