Top.Mail.Ru

Паспрабуем абысці самыя цікавыя месцы Магілёва за адзін дзень

Магілёў — горад з багатай гісторыяй, утульнымі вулачкамі і асаблівым шармам. Калі ў вас ёсць час з раніцы да вечара, каб палюбіць яго, трэба дзейнічаць па дэталёва прадуманым плане. Адчуць рытм абласнога цэнтра і пабачыць яго галоўныя скарбы дапаможа складзены намі маршрут.




12 крэслаў на Ленінскай

Перш за ўсё мы накіруемся ў самае сэрца горада — на пешаходную вуліцу Ленінскую, якую часта называюць магілёўскім Арбатам.

А яшчэ тут знаходзіцца візітная картка горада — скульптура Астролага і 12 крэслаў па крузе, кожнае з якіх сімвалізуе адпаведны знак задыяка. Дарэчы, з Астролагам звязана мясцовая студэнцкая прыкмета: калі пацерці вялікі палец на яго назе, сесію можна лёгка здаць з першага разу. Таму не трэба здзіўляцца, што гэты палец нацёрты да бляску. Цікава, няўжо і сапраўды магілёўскія студэнты ніколі не завальваюць сесію?

Падчас прагулкі па Ленінскай мы звярнулі ў Пажарны завулак, дзе таксама цікава. Тут ёсць утульны дворык з катамі на лаўках і знаходзіцца самая старая пажарная часць у горадзе. А праз дарогу — прыгожы Чырвоны дворык.

Пад мелодыю Магіслава

Вуліца Ленінская прывяла нас на галоўную гістарычную плошчу. Адсюль адкрываецца шыкоўны краявід на раку Днепр. Тут і ратуша. Абавязкова трэба зайсці ўнутр яе — там працуе музей гісторыі Магілёва. А на вежы ратушы ўсталяваны механічны гадзіннік з фігуркай трубача Магіслава, які кожны дзень а 12-й гадзіне выконвае прыгожую мелодыю.

Ад плошчы ўніз па сходах можна выйсці да падземнага перахода, які стаў сапраўднай міні-галерэяй. На яго сценах размешчана рэтраспектыва Магілёва розных эпох.

Па дарозе ў манастыр

Недалека ад плошчы Славы — парк Падміколле. Гэта цудоўнае месца для адпачынку на беразе Дняпра. Галоўная жамчужына гэтага месца — Свята-Мікалаеўскі жаночы манастыр XVІІ стагоддзя. Яго царква славіцца ўнікальным чатырох’ярусным драўляным іканастасам, выкананым ў тэхніцы ажурнай разьбы. Храм унесены ЮНЕСКА ў рэестр найбольш каштоўных збудаванняў Еўропы ў стылі барока.

Тэатр-прыгажун і «Аптэка для душы»

Калі дазваляе час, абавязкова купіце білет у абласны драматычны тэатр. Ці проста пагуляйце каля яго — гэта архітэктурны і культурны брыльянт горада. Будынак з чырвонай цэглы, узведзены ў канцы XІX стагоддзя на ахвяраванні мясцовых жыхароў, зачароўвае сваёй прыгажосцю і захоўвае непаўторную атмасферу мінулых стагоддзяў.

А за будынкам драмтэатра, у зацішным і маляўнічым Тэатральным скверы, утульна размясціўся ўнікальны арт-аб’ект — бібліятэка пад адкрытым небам «Аптэка для душы», якая прапануе асаблівыя «лекі» — кнігі. Яна працуе па прынцыпе кнігаабмену: кожны жадаючы можа бясплатна ўзяць пачытаць тое, што яму спадабалася, або пакінуць уласную цікавую кнігу для іншых.

Сустрэнемся ля фантана

Адно з любімых месцаў адпачынку магіляўчан — набярэжная ракі Дубровенкі. Гэта камфартабельная зона з сучаснымі пешаходнымі і веласіпеднымі дарожкамі, утульнымі месцамі для сямейнага баўлення часу.

Галоўнае ўпрыгожванне набярэжнай — унікальны музычна-светлавы фантанавы комплекс непасрэдна ў рэчышчы Дубровенкі. Гэта складанае гідратэхнічнае збудаванне, якое не мае аналагаў у нашай краіне.

Фантан здзіўляе сваімі тэхнічнымі магчымасцямі і маштабам — больш за дзве сотні магутных помпаў і каля 500 фарсунак ствараюць эфект струменяў, якія «танцуюць» і здольныя ўздымацца на вышыню да 25 метраў. З надыходам цемры ўключаецца маляўнічая ілюмінацыя, сінхранізаваная з гукавым суправаджэннем.

Музей Славы і сафары

Магілёў багаты на музейныя прасторы. Тут можна пабачыць рэдкія шэдэўры выяўленчага мастацтва і дакрануцца да старажытнай гісторыі. Галоўнай культурнай падзеяй апошняга часу стала адкрыццё новага Музея Славы Магілёўшчыны, які знаходзіцца каля Мемарыяльнага комплексу «Буйніцкае поле».

Унікальны будынак музея зроблены ў выглядзе ордэна Айчыннай вайны. Менавіта гэтай узнагародай Магілёў адзначаны за мужнасць гараджан. Тут амаль няма звычайных таблічак — тэксты і інфармацыя транслююцца на мультымедыйных экранах. Залы абсталяваны тэхналогіямі дапоўненай рэальнасці, інтэрактыўнымі пляцоўкамі, трохмернымі дыярамамі і панарамамі.

Экскурсію ў Музей Славы Магілёўшчыны раім аб’яднаць з наведваннем заасада і комплексу «Беларуская этнаграфічная вёска XІX стагоддзя», якія знаходзяцца праз дарогу.

Галоўная прывабнасць заасада — сафары па чыгунцы. Ад такога падарожжа ў захапленні і дарослыя, і дзеці. Невялікі адкрыты цягнік вязе вас па тэрыторыі, на якой можна блізка пабачыць статкі зуброў і казуль. І такая вандроўка стане выдатным фінальным акордам насычанага дня.

А калі вы не паспееце за адзін дзень пазнаёміцца з Магілёвам — не сумуйце. Гэта значыць толькі адно — сюды абавязкова трэба вярнуцца!

Марыя КАЛІНА
Фота аўтара


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю