Ёсць куды імкнуцца
Перад пачаткам пасяджэння ў пашыраным складзе кіраўнікі ўрадаў Беларусі і Азербайджана пагутарылі ў фармаце сам-насам. Аляксандр Турчын падзякаваў Алі Асадава за шчырую размову і цёплы, сардэчны прыём.
— Беларусь і Азербайджан звязвае стратэгічнае партнёрства, не пабаюся гэтага слова. Наша партнёрства праверана часам, і ўзаемаадносіны двух нашых лідэраў — яркае таму пацверджанне. Краевугольны камень нашых адносін — гэта гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва, якое ахоплівае самыя шырокія сферы і адрозніваецца высокай інтэнсіўнасцю,-сказаў прэм’ер-міністр Беларусі
За мінулы год узаемны тавараабарот дзвюх краін паказвае значны рост, адзначыў прэм’ер.
— Тым не менш, на мой погляд, нам ёсць яшчэ куды імкнуцца, таму ў нашай дэлегацыі ёсць шэраг кампаній, якія маглі б прапанаваць іншыя формы супрацоўніцтва, — звярнуў увагу кіраўнік беларускага ўрада.
Што датычыцца аднаўлення тэрыторый, Аляксандр Турчын падкрэсліў, што Беларусь гатова прапанаваць комплекснае рашэнне: жыллёвае будаўніцтва, развіццё вытворчай сферы, таму што людзям перш за ўсё патрэбны работа і зарплата.
— Гэта тыя рэчы, якія мы сёння гатовыя больш шчыльна абмеркаваць з азербайджанскім бокам, — акцэнтаваў ён.
Важна і развіццё прамысловай кааперацыі, звярнуў увагу прэм’ер-міністр, у тым ліку ў напрамках пажарнай, спецыяльнай, камунальнай тэхнікі. На думку беларускага прэм’ера, можна разгледзець далейшае пашырэнне наменклатуры гэтай тэхнікі.
Праграма знаходжання ўрадавай дэлегацыі насычаная, і кіраўнік беларускага ўрада выказаў упэўненасць, што адносіны Беларусі і Азербайджана будуць толькі развівацца.
— Думаю, што нашы сустрэчы павінны стаць рэгулярнымі, таму мы з задавальненнем чакаем вас у нашай краіне. У нас ёсць новыя напрамкі для руху наперад, — запэўніў Аляксандр Турчын
Развіццё па ўсіх напрамках
У сваю чаргу Алі Асадаў звярнуў увагу, што Азербайджан накіраваны на далейшае паглыбленне ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва з Беларуссю.
— Сёння ў нас адбыўся грунтоўны і канструктыўны дыялог тэт-а-тэт па найважнейшых пытаннях, якія будуць спрыяць нашаму далейшаму ўзаемадзеянню. Мы дамовіліся па ўрадавай лініі нарасціць сумесныя намаганні па рэалізацыі падпісаных пагадненняў і даручэнняў кіраўнікоў дзяржаў, — сказаў Алі Асадаў
Ён дадаў, што ў Беларусі і Азербайджана напрацаваны салідны багаж практычнага супрацоўніцтва, які падмацаваны вельмі шырокай дагаворна-прававой базай — паміж краінамі падпісана больш за 170 дакументаў.
Дзякуючы сумесным намаганням прэзідэнтаў Ільхама Аліева і Аляксандра Лукашэнкі беларуска-азербайджанскае партнёрства развіваецца па ўсіх напрамках і носіць ўсёабдымны характар, адзначыў Алі Асадаў.
— Эфектыўнаму ўзаемадзеянню шмат у чым спрыяюць узаемныя візіты і сустрэчы на вышэйшым узроўні, — дадаў ён. — Пацвярджэннем гэтаму з’яўляецца 2024 год. Летась Аляксандр Лукашэнка двойчы наведваў Азербайджан. Падчас афіцыйнага візіту ў маі 2024 года быў падпісаны салідны пакет дакументаў, над рэалізацыяй якіх мы працуем
Ён падкрэсліў, што супрацоўніцтва дзвюх краін развіваецца добрымі тэмпамі і ў многіх напрамках. Ключавым напрамкам супрацоўніцтва Беларусі і Азербайджана прэм’ер-міністр назваў прамысловую кааперацыю.
— Асаблівай увагі заслугоўвае ўзаемадзеянне паміж Гянджынскім аўтамабільным заводам і вядучымі машынабудаўнічымі прадпрыемствамі Беларусі. Праект стварэння завода па зборцы ліфтаў паспяхова рэалізаваны. Мы стабільна развіваем партнёрства ў сферы сельскай гаспадаркі. Прадукцыя беларускіх вытворцаў карыстаецца добрым попытам на азербайджанскім рынку, — распавёў ён
Ёсць значны патэнцыял для павелічэння ўзаемных паставак сельскагаспадарчай прадукцыі, лічыць кіраўнік урада Азербайджана.
— Мы гатовыя працаваць у гэтым кірунку, — запэўніў ён.
Па матэрыялах БелТА.
Кампетэнтна
«Мы гарантуем якасць ліфтаў, якія вырабляем. Для нас гэта вялікі поспех»
Дырэктар «Магілёўліфтмаш» Руслан Страхар распавёў, што Беларусь і Азербайджан развіваюць сумесныя ініцыятывы ў розных галінах, адной з якіх з’яўляецца вытворчасць ліфтаў.
У прыватнасці, у Баку Аляксандр Турчын наведаў сумесную зборачную пляцоўку прадпрыемства «Vertus Engineering».
Вытворчасць была адкрыта ў 2022 годзе, а летась падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве з ААТ «Магілёўліфтмаш».
На плошчах азербайджанскага прадпрыемства арганізавана вытворчасць асобных дэталяў і вузлоў, у далейшым партнёры пачалі закупляць камплектуючыя для зборкі ліфтаў на базе беларускіх камплектаў.