Top.Mail.Ru

Пастаянны прадстаўнік Беларусі ў ААН: любыя спробы запалохвання і пагроз у адрас Беларусі і яе кіраўніцтва недапушчальны

Любыя спробы націску або запалохвання, ультыматумы, пагрозы ў адрас Беларусі і яе кіраўніцтва недапушчальны. Аб гэтым заявіў пастаянны прадстаўнік Беларусі ў ААН Валянцін Рыбакоў на тэрміновым пасяджэнні Савета Бяспекі ААН, скліканым у сувязі з атакай беспілотніка на аўтобус з беларускімі грамадзянамі ў Бранскай вобласці Расіі, паведамляе БелТА.



«Беларусь не ўдзельнічае ва ўзброеным канфлікце. Любыя спробы націску або запалохвання, ультыматумы, пагрозы ў адрас Беларусі і яе кіраўніцтва недапушчальны. Пры гэтым мы настойліва рэкамендуем не выпрабоўваць далей цярпенне беларускага боку і ні ў якім разе не лічыць адсутнасць неадкладнай жорсткай рэакцыі праяўленнем слабасці, нерашучасці або баязлівасці», — падкрэсліў Валянцін Рыбакоў.
Дыпламат адзначыў, што публічныя, імпульсіўныя выказванні, якія нядаўна прагучалі ад кіраўніцтва Украіны, сведчаць толькі аб імкненні да далейшага абвастрэння канфлікту.

«Беларусь выступае катэгарычна супраць эскалацыі, заклікае да дыпламатыі, да перагавораў як адзіных інструментаў для выхаду з канфлікту. Паміж Мінскам і Кіевам прадаўжаецца прафесіянальны канфідэнцыяльны дыялог для абмену інфармацыяй і пошуку агульных інтарэсаў. Гэты дыялог дае свае вынікі і будзе прадоўжаны. Дастаткова сказаць, што ўсе абмены палоннымі і целамі загінулых паміж расійскім і ўкраінскім бакамі праходзяць пры нашым садзейнічанні на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Усё гэта неабходна ўлічваць, перш чым выносіць абвінавачанні ў публічную плоскасць і чыніць правакацыі», — заявіў пастаянны прадстаўнік Беларусі.

Ён таксама звярнуў увагу, што Беларусь знаходзіцца ў эпіцэнтры рэгіянальнага процістаяння. Як неаднаразова паведамлялася, у паветраную прастору краіны траплялі і прадаўжаюць трапляць беспілотныя лятальныя апараты. У выніку падзенняў БПЛА ёсць пашкоджанні і на тэрыторыі Беларусі.

«Ідзе вайна з масіраваным прымяненнем дронаў і сродкаў электроннай барацьбы. Адзін з нядаўніх выпадкаў — знаходжанне 17 чэрвеня 2026 года аналагічнага дрона (ідэнтычны таму БПЛА, які ў той жа дзень учыніў атаку на беларускі аўтобус у Бранскай вобласці) у Лельчыцкім раёне Гомельскай вобласці Рэспублікі Беларусь. Корпус гэтага дрона быў накіраваны фюзеляжам у паўночным і паўночна-ўсходнім напрамку палёту, гэта значыць з Украіны ў Расію праз Беларусь», — расказаў Валянцін Рыбакоў.

Ён растлумачыў, што наўмысна прыводзіць гэты прыклад, паколькі беларускімі следчымі ўстаноўлена, што беспілотнік, знойдзены ў Гомельскай вобласці, і беспілотнік, які выкарыстоўваўся пры атацы на беларускі аўтобус з дзецьмі ў Бранскай вобласці, забяспечаны аднолькавымі кампанентамі і ўяўляюць сабой адзін і той жа тып дронаў. Устаноўлена, што абодва БПЛА знаходзіліся, па стане на 17 чэрвеня, у межах зоны дасягальнасці сігналу для чатырох падраздзяленняў Узброеных сіл Украіны, размешчаных у Чарнігаўскай і Сумскай абласцях.

«Калі б Беларусь звярталася з просьбамі аб скліканні пасяджэнняў Савета Бяспекі па кожным інцыдэнце з БПЛА на сваёй тэрыторыі, такіх сустрэч магло б быць больш, чым рэгулярных штомесячных пасяджэнняў. У гэтай зале ўжо прагучалі і, можа быць, яшчэ прагучаць асобныя правакацыйныя заявы ў адносінах да Беларусі. Мы не бачым сэнсу чарговы раз на іх рэагаваць, паколькі Рэспубліка Беларусь ужо неаднаразова і на ўсіх узроўнях падрабязна рабіла свае публічныя каментарыі. Лічым абсалютна непатрэбным узнімаць гэтыя тэмы на сённяшнім пасяджэнні, якое прызначана для абмеркавання зусім іншай праблемы», — падкрэсліў беларускі дыпламат.

Паводле яго слоў, абвінавачанні ў адрас Беларусі ў саўдзеле ў канфлікце гучаць асабліва цынічна з боку дзяржаў, якія трацяць мільярды долараў на пастаўку Украіне ўзбраенняў, падрыхтоўку ваеннаслужачых, перадачу разведвальных даных. Менавіта гэтыя краіны з’яўляюцца не проста саўдзельнікамі, а прамымі ўдзельнікамі вайны і робяць усё, каб яна прадаўжалася.

«Беларусь заўсёды паслядоўна выступала і выступае за няўхільнае выкананне норм міжнароднага права, абарону грамадзянскага насельніцтва, асабліва дзяцей, якія ніколі і ні пры якіх абставінах не павінны станавіцца мішэнню ва ўзброеных канфліктах. Беларусь заклікае да аб’ектыўнай і справядлівай ацэнкі ўчыненай атакі на аўтобус з беларускімі грамадзянамі з боку міжнароднай супольнасці. Такія злачынствы не павінны замоўчвацца, а вінаватыя не павінны ўхіляцца ад адказнасці», — рэзюмаваў Валянцін Рыбакоў.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю