Top.Mail.Ru

Пастаяннае прадстаўніцтва Беларусі пры ААН заклікала не палітызаваць барацьбу са злачынствамі супраць чалавечнасці

Беларусь заклікае не палітызаваць барацьбу са злачынствамі супраць чалавечнасці. З такой заявай выступіла Пастаяннае прадстаўніцтва Беларусі пры Арганізацыі Аб’яднаных Нацый на пасяджэнні камітэта Генеральнай Асамблеі ААН па прававых пытаннях, прысвечаным барацьбе са злачынствамі супраць чалавечнасці, паведамляе БелТА.


«Беларусь зноў пацвярджае прыхільнасць справе барацьбы з гэтай катэгорыяй крымінальных злачынстваў, прымае меры па іх прадухіленні і пакаранні за іх у рамках свайго нацыянальнага крымінальнага заканадаўства, гатова і ў далейшым падтрымліваць супрацоўніцтва ў гэтай сферы», — сказаў прадстаўнік беларускай дэлегацыі.

У Пастаянным прадстаўніцтве Беларусі адзначылі, што праекты артыкулаў аб папярэджанні злачынстваў супраць чалавечнасці і пакарання за іх, падрыхтаваныя Камісіяй міжнароднага права, сталі важным крокам у кадыфікацыі, канкрэтызацыі і развіцці існуючага ўніверсальнага міжнародна-прававога рэгулявання ў гэтай галіне.

«У той жа час мы лічым вельмі важным падкрэсліць, што далейшая міждзяржаўная работа ў гэтай галіне патрабуе дэпалітызаванага, транспарэнтнага падыходу, які ўлічвае інтарэсы ўсіх дзяржаў, — заявілі ў дыпмісіі. — Цяпер ёсць сур’ёзнае разыходжанне пазіцый дзяржаў у меркаваннях па ключавых пытаннях гэтай тэмы, такім як вызначэнне паняцця „злачынствы супраць чалавечнасці“, прымяненне ўніверсальнай юрысдыкцыі, імунітэты службовых асоб ад замежнай крымінальнай юрысдыкцыі, механізмы ўрэгулявання спрэчак, узаемасувязь будучай канвенцыі і існуючага нацыянальнага заканадаўства».

У той жа час у Пастаянным прадстаўніцтве Беларусі падкрэслілі, што дзейнасць па барацьбе са злачынствамі супраць чалавечнасці, на жаль, становіцца ўсё больш і больш схільнай да відавочнай палітызацыі. Асабліва гэта заўважна ў дзейнасці Міжнароднага крымінальнага суда, чыя палітычная ангажаванасць дыскрэдытуе ідэі незалежнага і бесстаронняга міжнароднага крымінальнага правасуддзя.

«У сваёй практыцы МКС неаднаразова парушаў як палажэнні ўласнага статута, так і агульнапрызнаныя нормы міжнароднага права, у тым ліку аб імунітэтах службовых асоб суверэнных дзяржаў, неабгрунтавана пашыраў уласную юрысдыкцыю. Нярэдка мае месца адвольнае палітычна матываванае зніжэнне парога прылічэння тых ці іншых дзеянняў да злачынстваў супраць чалавечнасці, калі ігнаруюцца крытэры шырокамаштабнасці і сістэматычнасці. Палітызацыя гэтых пытанняў, як і самі злачынствы супраць чалавечнасці, могуць ствараць пагрозу міжнароднаму міру і бяспецы», — звярнулі ўвагу ў Пастпрадстве.

Прадстаўнік беларускай дэлегацыі таксама падкрэсліў узрастаючую важнасць універсальнага падыходу і згуртаванасці ўсёй міжнароднай супольнасці ў барацьбе з найбольш цяжкімі крымінальнымі злачынствамі і іх прадухіленні.

«Недапушчальная рэгіянальная фрагментацыя міжнароднага права, якая правакуе міжнародна-прававыя калізіі, рознагалоссі і канфлікты. Недазваляльна выкарыстоўваць тэмы злачынстваў супраць чалавечнасці для звядзення палітычных рахункаў і аказання ціску на суверэнныя дзяржавы. Улічваючы, што далёка не ўсе дзяржавы з’яўляюцца ўдзельнікамі Рымскага статута, а таксама прымаючы да ўвагі шырокі пералік існуючых пытанняў і прэтэнзій да дзейнасці МКС, важна прадоўжыць дэталёвае вывучэнне праектаў артыкулаў без устанаўлення канкрэтных прадпісанняў і часовых рамак. Усе бакі павінны праяўляць адказны падыход, праводзіць шырокія кансультацыі, умацоўваць паразуменне, дзейнічаць паступова і ўпарадкавана і прымаць узважаныя рашэнні», — заклікалі ў беларускай дыпмісіі.

Такі падыход, лічаць там, дасць магчымасць больш дакладна прааналізаваць і супаставіць праекты артыкулаў з нормамі нацыянальнага заканадаўства і палажэннямі міжнародна-прававых дакументаў у гэтай сферы.

«Беларусь зноў звяртае ўвагу, што паспешны пачатак перагавораў па праектах дакументаў пры адсутнасці базавага кансенсусу часта прыводзіць да супрацьлеглага выніку. Такія перагаворныя працэсы або заходзяць у тупік, або нараджаюць міжнародныя дагаворы з малой колькасцю ўдзельнікаў, чыя эфектыўнасць сумнеўная. Перакананы, што на гэтым этапе Шосты камітэт — эфектыўная і дастатковая пляцоўка для разгляду бягучага пункта парадку дня. Не падтрымліваем ідэі стварэння дадатковых пляцовак у форме рабочых груп або іншых механізмаў, якія не наблізяць нас да дасягнення згоды, а толькі фрагментуюць працоўны працэс», — рэзюмавалі ў Пастаянным прадстаўніцтве Беларусі.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю