Top.Mail.Ru

Пасведчанне дэпутата — гэта дакумент, які пацвярджае, што заўважана твая папярэдняя работа на карысць людзям

Уражанне мае значэнне


Такой думкі прытрымліваецца намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах, дэпутат Віцебскага абласнога Савета, начальнік галоўнага ўпраўлення гандлю і паслуг аблвыканкама Ірына Ляўковіч. Абавязкі на першых дзвюх пасадах, выбарчых, яна выконвае на грамадскіх пачатках. На апошняй, сваім пастаянным месцы работы, курыруе сферу гандлю, грамадскага харчавання, бытавога абслугоўвання, цэнаўтварэння і абароны правоў спажыўцоў ва ўсёй Віцебшчыне.

Кіламетры гандлёвых радоў

На бягучы момант асноўныя намаганні Ірыны Ляўковіч і усёй яе вялізнай каманды скіраваны на тое, каб годна арганізаваць святочны гандаль у дні XXXV Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску». Здавалася б, існуе шматгадовая напрацаваная практыка, але арганізатары не расслабляюцца, імкнучыся, каб публіка засталася задаволенай не толькі разнастайнасцю якасных тавараў і страў, але і ветлівым абслугоўваннем. Уражанне мае вялізнае значэнне.

Падумаць толькі: агульная працягласць гандлёвых радоў на ўсіх пляцоўках складзе больш за 5 кіламетраў!

У зоне правядзення фестывальных мерапрыемстваў, уключаючы сярэднюю пляцоўку Летняга амфітэатра, пешаходныя вуліцы ў цэнтры горада, плошчу Свабоды і іншыя лакацыі, будуць працаваць каля 40 аб’ектаў гандлю і грамадскага харчавання больш як на 3 тысячы пасадачных месцаў. Пры тым што звыш 3 тысяч пасадачных месцаў маецца ў кафэ і рэстаранах толькі ў цэнтры Віцебска.

Кірмаш на кірмашы

— Падчас фестывалю разгорнуцца восем кірмашоў, — распавяла Ірына Ляўковіч. — І ўсе яны папулярныя: XXVІІ міжнародны ўніверсальны кірмаш «Славянскі калейдаскоп», знакаміты «Задзвінскі кірмаш», рэспубліканскі ўніверсальны кірмаш «Малы бізнес у фестывальным Віцебску». Яны сустрэнуць гасцей з боку чыгуначнага вакзала, паблізу ад Кіраўскага моста. За ім разгорнуцца ўніверсальны кірмаш, кірмаш рамёстваў «Горад майстроў» і жывапісу «Віцебскі вернісаж», праваслаўная выстава-кірмаш. Упершыню арганізуем гастранамічны кірмаш «Вулічная ежа Расіі».


Смачна есці!

Учора адбылася прэзентацыя прыгожа аформленай гастранамічнай карты фестывалю з указаннем адрасоў аб’ектаў грамадскага харчавання і пераліку страў у іх, а таксама «Фестывальнага сэту».

— «Фестывальны сэт» узнік па прапанове дырэкцыі «Славянскага базара» некалькі гадоў таму, — патлумачыла Ірына Ляўковіч. — Праз яго мы папулярызуем стравы беларускай кухні. Сёлета да стварэння сэтаў далучыліся каля 30 аб’ектаў харчавання, кожны з якіх прапануе свой набор страў, аднолькавы ў іх толькі кошт, 35 рублёў, — па ўзросце фестывалю.

Неад’емная частка беларускай гасціннасці заключаецца ў тым, каб смачна і якасна накарміць званых гасцей. Больш як 30 аб’ектаў будуць забяспечваць харчаванне ўдзельнікаў «Славянкі». Разлік у іх прадугледжаны па талонах — «васільках».

Не толькі фестываль

Дарэчы, звыклае багацце прадуктаў гарантаванае ў магазінах як абласнога цэнтра, так і ўсёй вобласці. Магазіны будуць працаваць па звычайным графіку, іх паліцы не збяднеюць.

На парадку дня Ірыны Ляўковіч адначасова такая сур’ёзная падзея, як сустрэча з дэлегацыяй Кашкадар’інскай вобласці Рэспублікі Узбекістан з мэтай заключэння дагавораў на экспарт і імпарт тавараў. Пэўныя намаганні трэба прыкласці па падрыхтоўцы да Дня работнікаў гандлю, які адзначаецца ў Беларусі ў апошнюю нядзелю ліпеня.

Падказала сэрца

Як сенатар і як жанчына Ірына Ляўковіч неабыякавая да праблем дзяўчат і дзяўчынак, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі і маюць патрэбу ў псіхалагічнай і медыцынскай дапамозе. Па закліку сэрца яна стала ініцыятарам праекта «Рука дапамогі», які рэалізуе на працягу некалькіх гадоў поплеч з галоўным урачом Віцебскага абласнога клінічнага цэнтра псіхіятрыі і наркалогіі Аленай Мартынавай. Сёлета, у Год беларускай жанчыны, гэты праект падхоплены ў Савеце Рэспублікі. У розных рэгіёнах ён набывае сваё напаўненне, нязменным жа застаецца тое, што мерапрыемствы накіраваныя на дапамогу тым, каму яна патрэбная.

— Мае сустрэчы з юнымі пацыенткамі дзіцячага аддзялення сталі сістэматычнымі, — расказвае Ірына Ляўковіч. — З размоў з дзяўчатамі я прыйшла да высновы, што, на жаль, нам не хапае дабрыні, увагі адно да аднаго. Насцярожваюць тэндэнцыі булінгу, тролінгу, іншых форм псіхалагічнага ціску ў дзіцяча-маладзёжным асяроддзі. На жаль, не ўсе юныя асобы здольныя расказаць пра свае праблемы нават самым блізкім, самастойна адолець душэўныя пакуты. Як вынік, даходзіць да самапашкоджанняў.

Права на шчасце

Мэта жанчыны-сенатара заключаецца ў тым, каб данесці: нават з самай крытычнай сітуацыі заўсёды ёсць выйсце. Шчырыя размовы з дзяўчатамі, якія атрымалі душэўныя траўмы, Ірына Ляўковіч арганізуе ў нязмушанай абстаноўцы, за кубкам гарбаты і з прысмакамі. Часам даводзіцца даверліва прызнацца: і ёй даводзілася перажываць крыўды, несправядлівасць, няўдачы. А ў каго такога не было? І ўсё роўна трэба падымацца і ісці далей!

Асабісты вопыт паспяховай жанчыны абуджае ў дзяўчат веру, што і яны ўсё пераадолеюць, у іх таксама ўсё атрымаецца. Яны заслугоўваюць шчасця. Аб гэтым нагадваюць падарункі, якія Ірына Ляўковіч абавязкова робіць сваім даверлівым суразмоўніцам — каб грэлі іх сэрцы.

Святлана ЯКАЎЛЕВА

Фота з адкрытых крыніц

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю