Top.Mail.Ru

Пасяўная і экспарт. Лукашэнка заслухаў даклад кіраўніка Мінсельгасхарча

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 18 сакавіка заслухаў даклад міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Юрыя Горлава, паведамляе БелТА. 


Два асноўныя блокі пытанняў у дакладзе кіраўніку дзяржавы датычыліся пачатку веснавых палявых работ і перш за ўсё пасяўной кампаніі, а таксама продажаў айчынных прадуктаў харчавання на экспарт.

Кіраўніку дзяржавы даложана, што сяўбу ранніх яравых збожжавых культур пачалі ўжо ў большай частцы краіны, акрамя Віцебскай вобласці з прычыны прыродна-кліматычных умоў паўночнага рэгіёна. Забяспечана высокая гатоўнасць тэхнікі, што дасць магчымасць выканаць неабходныя аб’ёмы работы ў аптымальныя тэрміны.

У ходзе дакладу ў цэлым абмяркоўваліся і планы па сяўбе іншых культур. Асаблівая стаўка ў цяперашнім сезоне робіцца на кукурузу. Аляксандр Лукашэнка пацвердзіў раней пастаўленую перад аграрыямі задачу забяспечыць валавы збор зерня не ніжэй за ўзровень мінулага года.

Што да экспарту прадуктаў харчавання, тэндэнцыі, як было даложана, у гэтай сферы складваюцца станоўчыя. Адзначаецца рост да ўзроўню 2025 года. Устойлівым попытам карыстаецца як малочная, так і мясная беларуская прадукцыя. Як адзначыў міністр, з улікам цэнавай кан’юнктуры на сусветным рынку ў бягучым годзе ёсць усе шанцы прыбавіць да леташняга рэкорднага ўзроўню экспарту прадуктаў харчавання. 

Вядзецца актыўная работа па пашырэнні геаграфіі экспарту. Усяго на гэты момант беларускія прадукты пастаўляюцца ў 117 дзяржаў свету.


Горлаў: Сёлета перад аграрыямі Беларусі стаіць задача сабраць 11,5 млн тон збожжа

«У гэтым годзе кіраўніком дзяржавы пастаўлена задача намалаціць збожжа не менш за ўзровень мінулага года. Мы ўзялі за базіс 2025 год, калі намалацілі 11,1 млн т збожжа з улікам усіх фермераў і намалоту рапсу. Сёлета павінны атрымаць не менш. Задача стаіць — 11,5 млн т збожжа. Усё для гэтага ёсць. Аграрыі гатовы да таго, каб выканаць пастаўленыя задачы», — падкрэсліў міністр.

Паводле яго слоў, цяпер усе рэгіёны краіны, за выключэннем Віцебскай вобласці, пачалі ўжо сяўбу ранніх яравых збожжавых культур. «Віцебская вобласць на наступным тыдні пачне гэтыя мерапрыемствы, улічваючы размяшчэнне гэтага паўночнага рэгіёна і снежнага покрыва, які яшчэ сёння пераважна знаходзіцца на палях Віцебшчыны», — растлумачыў Юрый Горлаў.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю