Top.Mail.Ru

Прэзідэнт заслухаў даклад кіраўніка Мінсельгасхарча

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 18 сакавіка заслухаў даклад міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Юрыя Горлава, паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.



Два асноўныя блокі пытанняў у дакладзе кіраўніку дзяржавы датычыліся пачатку веснавых палявых работ і перш за ўсё пасяўной кампаніі, а таксама продажаў айчынных прадуктаў харчавання на экспарт.

Кіраўніку дзяржавы даложана, што сяўбу ранніх яравых збожжавых культур пачалі ўжо ў большай частцы краіны, акрамя Віцебскай вобласці з прычыны прыродна-кліматычных умоў паўночнага рэгіёна. Забяспечана высокая гатоўнасць тэхнікі, што дасць магчымасць выканаць неабходныя аб’ёмы работы ў аптымальныя тэрміны. 

У ходзе даклада ў цэлым абмяркоўваліся і планы па сяўбе іншых культур. Асаблівая стаўка ў гэтым сезоне робіцца на кукурузу. Аляксандр Лукашэнка пацвердзіў раней пастаўленую перад аграрыямі задачу забяспечыць валавы збор збожжа не ніжэйшы за ўзровень мінулага года. 

Што датычыцца экспарту прадуктаў харчавання, тэндэнцыі, як было даложана, у гэтай сферы складваюцца дадатныя. Адзначаецца рост да ўзроўню 2025 года. Устойлівым попытам карыстаецца як малочная, так і мясная беларуская прадукцыя. Як адзначыў міністр, з улікам цэнавай кан’юнктуры на сусветным рынку ў бягучым годзе ёсць усе шанцы прыбавіць да мінулагодняга рэкорднага ўзроўню экспарту прадуктаў харчавання. 

Вядзецца актыўная работа па пашырэнні геаграфіі экспарту. Усяго на гэты момант беларускія прадукты харчавання пастаўляюцца ў 117 дзяржаў свету.

Аб падрабязнасцях свайго даклада кіраўніку дзяржавы Юрый Горлаў расказаў журналістам. Па яго словах, пасяўная кампанія сёлета стартавала ў звыклым дынамічным рэжыме.  

«Год будзе кукурузным» 

Кіраўніком дзяржавы была пастаўлена канкрэтная задача — намалаціць збожжа не менш за леташні ўзровень. У 2025 годзе ён склаў 11,1 мільёна тон, а сёлета планка паднята да 11,5 мільёна. «Усё для гэтага ёсць. Аграрыі гатовы да таго, каб выканаць пастаўленыя задачы», — падкрэсліў Юрый Горлаў. Прыярытэт аддаецца культурам з высокай эканамічнай аддачай. Пры гэтым традыцыйна значная ўвага ўдзяляецца азімаму ячменю і азімай пшаніцы, якія паказваюць стабільную ўраджайнасць нават у складаных умовах надвор’я. 

Агульная плошча пад пасевы яравых збожжавых культур сёлета складае каля 2,3 мільёна гектараў, з якіх 573 тысячы прыпадае на раннія яравыя збожжавыя. Значнае месца адводзіцца кукурузе: плануецца высейваць яе на плошчы практычна 1,3 мільёна гектараў, з іх 376 тысяч гектараў плануецца аддаць пад кукурузу на зерне. Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання падкрэсліў, што ёсць падставы чакаць добры год для гэтай культуры, улічваючы прагнозы надвор’я. «Хутчэй за ўсё, год будзе кукурузным. Хаця загадзя казаць, можа, не зусім правільна і аб’ектыўна. Але, тым не менш, нейкія планы трэба будаваць, — адзначыў Юрый Горлаў. — Мінулы год паказаў, што лета і восень былі вільготнымі, ападкаў зімой было шмат у выглядзе снегу. Таму мяркуем, што гэты год будзе, хутчэй за ўсё, не такім вільготным, што істотна паўплывае на павышэнне ўраджайнасці кукурузы».  

Мінулы год, дарэчы, выдаўся для яе не самым удалым: ураджай зерня гэтай культуры склаў усяго 1,93 млн тон. Для параўнання, у 2024-м гэты паказчык дасягаў 2,5 млн тон. Таму ў гэтым сезоне на культуру робіцца асаблівая стаўка. «Мы вызначылі, што нам трэба мець як мінімум 2,5 млн тон зерня кукурузы, як мінімум 1 млн тон рапсу (гэта высокадаходная культура прыносіць добрую выручку і даход сельгаспрадпрыемствам) і не менш як 7,5-8 млн тон саміх збожжавых каласавых культур. З гэтага складаецца агульны валавы збор», — адзначыў Юрый Горлаў. 

Не спыняючыся на дасягнутым  

Сезон пачаўся пры спрыяльных умовах надвор’я, што дазволіла аграрыям без затрымак пачаць ключавыя этапы палявых работ. Як адзначыў Юрый Горлаў, у першую чаргу вядзецца вываз і ўнясенне арганічных угнаенняў, каб стварыць неабходную аснову для будучага ўраджаю: «На сённяшні дзень усе сельскагаспадарчыя арганізацыі пачалі падкормку азімых культур і азімага рапсу. На гэты момант мы падкармілі азотнымі ўгнаеннямі ўжо 21 % азімых збожжавых культур і 39 % азімага рапсу. Таксама ідуць падкормкі шматгадовых траў калійнымі ўгнаеннямі», — расказаў міністр. Выключэннем пакуль застаецца Віцебская вобласць, аднак і там, паводле слоў Юрыя Горлава, работы пачнуцца ўжо ў найбліжэйшыя дні: «Віцебская вобласць на наступным тыдні пачне гэтыя мерапрыемствы, улічваючы паўночнае размяшчэнне і снежнае покрыва, якое яшчэ сёння ляжыць на палях Віцебшчыны». 

Па ацэнках Мінсельгасхарча, гатоўнасць сельскагаспадарчай тэхнікі да работ ужо складае 95 %. У тым ліку энерганасычаных трактароў — 94-95 %, глебаапрацоўчых, пасяўных агрэгатаў, машын для ўнясення цвёрдых мінеральных угнаенняў — 96 %. «На гэтым мы, вядома, не спыняемся, — падкрэсліў кіраўнік Мінсельгасхарча. — Ставіцца задача кіраўніком дзяржавы выходзіць на 100-працэнтнае забеспячэнне рамонту нашай тэхнікі. Таму літаральна за лічаныя дні мы да гэтага падыдзем». Дарэчы, тэхнічныя магчымасці дазваляюць правесці сяўбу ранніх яравых культур прыкладна за 12–15 дзён. 


Міністр таксама адзначыў, што аграрны сектар забяспечаны ўсім неабходным для выканання пастаўленых задач. Дзякуючы дзяржпадтрымцы, гаспадаркі ў поўным аб’ёме забяспечаны палівам і працоўнымі рэсурсамі. Як расказаў Юрый Горлаў, штогод да пасяўной прыцягваецца каля 2,4 тысячы чалавек: работнікі прамысловых прадпрыемстваў, якія маюць адпаведны вопыт у сельскай гаспадарцы, супрацоўнікі іншых арганізацый, а таксама студэнты, дапушчаныя да сельгастэхнікі. «І ўсёй такой вялікай камандай, агульнай талакой мы дасягнём жаданага і патрэбнага выніку», — падкрэсліў міністр.  

Ён таксама нагадаў аб цяжкасцях мінулага года, калі замаразкі ў маі прывялі да страт. Па словах Юрыя Горлава, тады загінула каля 100 тысяч гектараў усіх культур, у тым ліку 11 тысяч гектараў збожжавых і 16 тысяч гектараў рапсу. Тым не менш, дзякуючы аператыўна прынятым мерам, удалося правесці перасяванне і захаваць агульны вынік. «Нельга сказаць, што сёння прырода моцна ўплывае на нашы вынікі, — адзначыў міністр. — Наадварот, мы павінны ўплываць на вынікі нашымі тэхналогіямі, нашымі ўменнямі, тактыкай, якая выбудавана і ў Міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчавання, і ва ўсіх рэгіёнах нашай краіны». 

«Не проста прадаём, а робім гэта з выгадай для сябе» 

У экспарце харчавання галіна дэманструе ўстойлівы рост. «У мінулым годзе мы дасягнулі рэкорднага выніку і прадалі нашу прадукцыю на агульную суму звыш 10 млрд долараў. Хоць 2024 год таксама быў рэкордным: мы тады прадалі на суму 9 млрд долараў, — падкрэсліў міністр. — Мы на гэтым не спыняемся і бачым, што наша прадукцыя запатрабавана на знешнім рынку, яна заўсёды адрознівалася і адрозніваецца высокай якасцю. Гэта адзначаюць і нашы калегі, з якімі мы працуем». 

Сельгаспрадуцыя айчыннай вытворчасці сёння пастаўляецца ў 117 краін свету. Ужо ў студзені бягучага года зафіксаваны рост экспарту на ўзроўні 121 % у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года, што сведчыць аб захаванні пазітыўнай дынамікі. Асноўным рынкам збыту айчыннай сельгаспрадукцыі (у першую чаргу — мяса-малочнай) з’яўляецца Расійская Федэрацыя, аднак актыўна развіваюцца і іншыя напрамкі. У ліку перспектыўных рынкаў, як паведаміў кіраўнік Мінсельгасхарча, — краіны Азіі і Афрыкі, асобныя тавары, са слоў міністра, прадаюцца ў ЗША. У прыватнасці, актыўна развіваецца супрацоўніцтва з Алжырам, які імпартуе значныя аб’ёмы сухога цэльнага малака — каля 500 тысяч тон. 

Таксама пашыраецца геаграфія паставак у іншыя краіны Азіі: у Бангладэш і Малайзію ўжо актыўна пастаўляецца беларуская малочная прадукцыя. «Самае галоўнае, што мы прадаём нашу прадукцыю выгадна. Не проста прадаём, каб прадаць, а робім гэта з выгадай для сябе. У гэтым плане ў нас ёсць выбар, куды прадаць. Мы разумеем, што наша прадукцыя канкурэнтаздольная і заўсёды будзе прысутнічаць на рынках тых краін, з якімі мы маем доўгатэрміновыя або нядаўнія адносіны», — падкрэсліў міністр.

Аміна НАЗАРАВА
Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю