Top.Mail.Ru

Пасяджэнне Савета дзелавога супрацоўніцтва Беларусі і Санкт-Пецярбурга прайшло ў Мінску

Перад гэтым Прэм’ер-міністр Беларусі Аляксандр ТУРЧЫН правёў сустрэчу з губернатарам Санкт-Пецярбурга Аляксандрам БЯГЛОВЫМ у фармаце «адзін на адзін». У рамках пасяджэння Савета бакі абмеркавалі пытанні супрацоўніцтва, уключаючы ўзаемадзеянне ў галіне прамысловасці, навукова-тэхнічнай сферы. У цэнтры ўвагі таксама — супрацоўніцтва ў адукацыйнай, культурнай сферах, сферы турызму і не толькі.


Практычныя і важныя пытанні

Папярэдняе пасяджэнне Савета дзелавога супрацоўніцтва адбылося амаль год таму ў Санкт-Пецярбургу. Падводзячы вынікі выканання рашэнняў, прынятых на гэтай сустрэчы, а таксама пяцігадовай праграмы ўзаемадзеяння ў гандлёва-эканамічнай, навукова-тэхнічнай і гуманітарнай сферах, Прэм’ер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын канстатаваў: сумесная работа дае адчувальныя вынікі.

— На працягу шэрагу гадоў Санкт-Пецярбург па аб’ёмах тавараабароту ўпэўнена займае верхнія радкі ў рэйтынгу рэгіёнаў Расіі, — адзначыў Аляксандр Турчын. — З 2021 года наш тавараабарот павялічыўся ў 1,5 раза. Задача ў 2,5 мільярда долараў, якую мы яшчэ нядаўна для сябе вызначалі, па выніках 2025 года паспяхова перавыканана. Бягучы перыяд мы таксама завяршаем з вельмі нядрэннымі паказчыкамі.

Парадак дня пасяджэння ахапіў практычныя пытанні, якія маюць прынцыповае значэнне для абодвух бакоў. Прэм’ер-міністр падкрэсліў, што прыярытэт па-ранейшаму за прамысловым сектарам. Дарэчы, для нарошчвання ўзаемадзеяння ў ім сёння ёсць усе перадумовы:

— За апошнія пяць гадоў у рамках рэалізацыі праграмы па абнаўленні парка пасажырскай тэхнікі Санкт-Пецярбурга набыта каля 2 тысяч адзінак пасажырскай тэхнікі беларускай вытворчасці, каля 700 адзінак дарожна-будаўнічай і камунальнай тэхнікі, не менш як пяць з паловай тысяч адзінак ліфтавага абсталявання. Наладжана належнае сэрвіснае абслугоўванне тэхнікі, сфарміраваны склады неабходных запасных частак, — расказаў Аляксандр Турчын.

Да таго ж, адпрацоўваюцца сумесныя кірункі супрацоўніцтва ў суднабудаванні, абмяркоўваецца пытанне стварэння Цэнтра беларускай тэхнікі. Добра вядомы ў Санкт-Пецярбургу і беларускія прадукты харчавання. Тавараправодныя сеткі для іх рэалізацыі пастаянна пашыраюцца — напрыклад, чарговы гандлёвы пункт адкрыўся ў рамках праекта «Беларуская вёска» на мінулым тыдні. Да таго ж, ва ўмовах заходніх санкцый, актыўнай пераарыентацыі турыстычных патокаў, асаблівую актуальнасць у беларуска-расійскім супрацоўніцтве набывае развіццё турызму.

У сваю чаргу, узаемадзеянне ў навукова-адукацыйнай сферы грунтуецца на моцных міжуніверсітэцкіх сувязях, адзначыў Аляксандр Турчын:

— У гэтым плане Санкт-Пецярбург, які з’яўляецца вядучым цэнтрам навукі і адукацыі Расіі, і Беларусь, якая назапасіла значны багаж тэорыі і практыкі фарміравання прафесійных кадраў, аб’ядноўвае імкненне да ўзаемадзеяння ў галіне падрыхтоўкі спецыялістаў дэфіцытных, вузкапрофільных кірункаў для розных галін.

Вытворчасць — у прыярытэце

Па словах міністра прамысловасці Беларусі Андрэя КУЗНЯЦОВА, у нашых прамысловых прадпрыемстваў склаліся цесныя сувязі з Санкт-Пецярбургам, у аснове якіх — прамысловая кааперацыя. Так, вось ужо больш за 10 гадоў паспяхова працуе сумесная расійска-беларуская вытворчасць «МЛМ Неўскі Ліфт». У наступным годзе прадпрыемства плануе выйсці на аб’ём у тысячу ліфтаў для патрэб як самога Санкт-Пецярбурга, так і іншых рэгіёнаў Расіі.

Акрамя таго, бакі супрацоўнічаюць у пастаўках беларускай пасажырскай тэхнікі. Як ужо было адзначана, на дадзены момант у Санкт-Пецярбургу працуе больш за дзве тысячы яе адзінак:

— Сёлета мы паставім яшчэ 106 адзінак нашай тэхнікі вытворчасці МАЗ — 20 аўтобусаў на газаматорным паліве і 86 тралейбусаў з аўтаномным ходам 25 кіламетраў, — адзначыў Андрэй Кузняцоў. — Мы таксама выкарыстоўваем прадукцыю, якую вырабляюць у Санкт-Пецярбургу. Гэта электрарухавікі, трактары Пецярбургскага трактарнага завода, што паспяхова працуюць у нашых палях.

Актыўна набывае паўночная сталіца Расіі і іншую беларускую тэхніку. Напрыклад, па заказе Санкт-Пецярбурга нашым «Пажснабам» была выраблена аўталесвіца вышынёй 52 метры — самая высокая сучасная спецтэхніка для выратавальных работ і тушэння пажараў на вялікай вышыні з тых, што сёння выкарыстоўваюцца ў рэгіёне. А ў «АМКАДОРа» горад заказаў новы від пагрузчыка, малыя габарыты якога добра ўлічваюць спецыфіку яго вузкіх вуліц і двароў. Тэхніку ўжо пратэсціравалі, і беларускія машыны атрымалі станоўчыя водгукі.

У планах — павелічэнне паставак

Увогуле супрацоўніцтва з паўночнай сталіцай Расіі выйшла на сур’ёзныя лічбы, адзначыў Генеральны консул Рэспублікі Беларусь у Санкт-Пецярбургу Мікалай РАГОЖНІК.

— Супрацоўніцтва развіваецца дастаткова эфектыўна ва ўсіх галінах: гэта і прамысловасць, і прадукцыя аграпрамысловага комплексу, новыя праекты, пастаўка тэхнікі, лагістыка і не толькі, — падкрэсліў дыпламат. — Санкт-Пецярбург з’яўляецца своеасаблівым транспартным хабам, выхадам да мора, які сёння запатрабаваны. І нашы грузаадпраўшчыкі, безумоўна, карыстаюцца гэтай лагістыкай.

Паводле слоў Мікалая Рагожніка, па харчовых пазіцыях штогадовы прырост у тавараабароце ў сярэднім складае 10–12 %. Акрамя таго, Санкт-Пецярбург штогод падпісвае з беларускім Мінсельгасхарчам планы паставак, а нядаўна бакі разгледзелі магчымасць павелічэння аб’ёмаў паставак плодаагародніннай прадукцыі. Гаворка ідзе ў тым ліку пра заключэнне доўгатэрміновых кантрактаў, каб расійскія партнёры маглі прымаць на рэалізацыю ў свае гандлёвыя сеткі бульбу, моркву і іншыя беларускія сельгаскультуры.

Пасля завяршэння пасяджэння быў падпісаны шэраг дакументаў, у тым ліку — Праграма («Дарожная карта») гандлёва-эканамічнага, навукова-тэхнічнага і гуманітарнага супрацоўніцтва паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Урадам Санкт-Пецярбурга Расійскай Федэрацыі на 2027–2031 гады. У ёй закладзены маштабныя планы, сумесная рэалізацыя якіх дасць магчымасць ажыццяўляць эканамічнае, сацыяльнае і культурнае развіццё абодвух бакоў.

Аміна НАЗАРАВА
Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю