Год — юбілейны, узровень правядзення — найвышэйшы
Пад кіраўніцтвам Прэм’ер-міністра Аляксандра ТУРЧЫНА прайшло пасяджэнне арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і правядзенні пасяджэнняў VІІ Усебеларускага народнага сходу.
— Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, Старшыня Усебеларускага народнага сходу Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка даручыў склікаць трэцяе пасяджэнне VІІ Усебеларускага народнага сходу 17 і 18 снежня 2026 года ў горадзе Мінску, — адзначыў Прэм’ер-міністр.
Аляксандр Турчын нагадаў, што пастановай Прэзідыума УНС ад 11 лютага 2025 года створаны арганізацыйны камітэт па падрыхтоўцы і правядзенні пасяджэнняў VІІ Усебеларускага народнага сходу.
— Сёння (22 верасня. — «Зв.») мы якраз праводзім першае пасяджэнне нашага аргкамітэта ў бягучым годзе, — сказаў кіраўнік урада. — Як вам вядома, бягучы год з’яўляецца для Усебеларускага народнага сходу знакавым — спаўняецца 30 гадоў з даты яго першага пасяджэння, якое адбылося 19 і 20 кастрычніка 1996 года. У юбілейны год трэцяе пасяджэнне VІІ Усебеларускага народнага сходу павінна прайсці на самым высокім арганізацыйным узроўні.
Даслоўна
Начальнік Сакратарыята Усебеларускага народнага сходу, старшыня Беларускага рэспубліканскага саюза юрыстаў, заслужаны юрыст Валерый МІЦКЕВІЧ падчас размовы з журналістамі адзначыў, што сёлетняе пасяджэнне VІІ Усебеларускага народнага сходу пройдзе з элементамі ўрачыстасці з улікам 30-годдзя.
— Але ў любым выпадку, у адпаведнасці з Канстытуцыяй, сход будзе разглядаць усе тыя пытанні, якія ўваходзяць у яго кампетэнцыю. Таму гэта будзе чарговае рабочае пасяджэнне, але, вядома, мы ўлічым гэты момант — прайшло 30 гадоў, ёсць шмат дасягненняў, вынікаў развіцця краіны, — падкрэсліў Валерый Міцкевіч. — Акрамя таго, Прэзідэнтам падпісаны ўказ аб устанаўленні юбілейнага медаля «30 год Усебеларускаму народнаму сходу». Магчыма, з улікам прынятага рашэння нейкія элементы таксама будуць унесены.