Патэнцыял прамысловай кааперацыі Беларусі і Расіі яшчэ далёка не вычарпаны. Аб гэтым заявіў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі Юрый Селіверстаў, паведамляе БелТА.
У эфіры падкрэслілі, што беларуская стратэгія работы на расійскім рынку — гэта кааперацыя, кааперацыйныя праекты ў розных сферах. Так, у аснове прамысловай кааперацыі такія сферы, як авіябудаванне, станкабудаванне, мікраэлектроніка. На пытанне, як ідзе развіццё па гэтых праектах, ці ёсць запыт на нейкія новыя дэталі, пасол адказаў: «Вядома, ёсць. І мы, магчыма, не заўсёды можам паставіць тое, што хацелі б. І ў рамках гэтага вядзём работу па тэхпераўзбраенні. Інтэграцыйныя праекты менавіта і накіраваны на тое, каб пераўзброіцца і рабіць яшчэ больш дэталей, камплектуючых, новыя станкі, новыя дэталі для самалётаў. Ды і наогул цэлы новы самалёт распрацоўваюць калегі сумесна — гэта праект «Асвей».
«Гэта значыць намётак перспектыўных шмат. Але не ўсё, на жаль, ідзе так хутка. Можна сказаць, што з інтэграцыйных праектаў прафінансавана, напэўна, толькі палова, калі браць агульную суму. Па розных прычынах. Зразумела, што недзе і мы самі, і нашы калегі ідуць на патанненне, глядзяць, пераглядаюць базавыя першапачатковыя лічбы і спрабуюць недзе сэканоміць. Гэта, вядома, добра. Але ёсць і тое, дзе проста ідзе марудна. І (у такім выпадку. — Заўвага БелТА) пытанне патрабуе паскарэння і дадатковай работы», — падкрэсліў Юрый Селіверстаў.
Ён звярнуў увагу, што ёсць прыклады, дзе работа ўжо завершана. «Напрыклад, у Пінску вытворчасць помпаў з расійскімі калегамі. Ён (праект. — Заўвага БелТА) ужо рэалізаваны, вытворчасць ідзе. Аўтакампаненты, вы ведаеце, мы пастаўляем на розныя прадпрыемствы. Недзе мадэрнізуюць трамваі на базе старых цялежак, недзе бяруць новую тэхніку. Ёсць на самай справе ўзаемадзеянне даволі шырокае. Хоць яго перспектывы яшчэ далёка не вычарпаны. Ёсць яшчэ шмат месцаў, якія займаюць нашы азіяцкія таварышы. І часта таму, што ў нас няма такога тавару або яго няма ў такой колькасці, як трэба рынку, таму тут ёсць над чым папрацаваць», — падагульніў дыпламат.