У Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі стартавала III Школа маладога вучонага, паведаміла БелТА.
Мерапрыемства будзе праходзіць з 20 па 22 студзеня. Цэнтральнай падзеяй стала панэльная дыскусія «Будучыня навукі і тэхналогій Беларусі», якая адбылася сёння. Эксперты абмеркавалі ролю міждысцыплінарнасці, фінансаванне даследаванняў і кар’еру вучонага ў сучасных рэаліях.
Школа маладога вучонага — штогадовае мерапрыемства, накіраванае на павышэнне прафесійных кампетэнцый маладых вучоных, развіццё пераемнасці навуковых пакаленняў, а таксама стымуляванне навукова-інавацыйнай актыўнасці моладзі. Ключавая асаблівасць III Школы — кантакт удзельнікаў з экспертамі вышэйшага ўзроўню. Сваім вопытам падзеляцца эксперты з Парка высокіх тэхналогій, Беларускага рэспубліканскага фонду фундаментальных даследаванняў і інш.

У бягучым годзе Школа маладых вучоных сабрала больш за 300 удзельнікаў, сярод якіх студэнты, магістранты, аспіранты і маладыя вучоныя ўсіх ВНУ.
Міністр адукацыі Андрэй Іванец палічыў сімвалічным, што Школа маладога вучонага пачынае работу напярэдадні Дня беларускай навукі.
«Сёння ў нашай краіне многае робіцца для развіцця навукі, падтрымкі маладых вучоных, стварэння неабходных умоў для развіцця інтэлектуальнага патэнцыялу. Прэзідэнт у лістападзе на нарадзе з навуковай грамадскасцю падкрэсліў, што сёння задача навукі — не проста забяспечваць навуковае суправаджэнне ўсіх галін, а быць наперадзе. Без пераемнасці пакаленняў зрабіць гэта будзе даволі складана. Менавіта таму штогод назначаюцца стыпендыі Прэзідэнта для найбольш паспяваючых аспірантаў, гранты для выканання навуковых даследаванняў, стыпендыі для маладых вучоных, кандыдатаў, дактароў навук, і гэта дае свае вынікі. Сёння толькі вузаўская навука аб’ядноўвае больш за 3 тыс. маладых вучоных», — падзяліўся міністр.

Рэктар БДУІР Вадзім Богуш расказаў, што праграма Школы маладых вучоных абяцае быць насычанай. Так, усіх удзельнікаў чакаюць лекцыі і майстар-класы ад экспертаў.
«Будзе магчымасць пагутарыць з ганаровымі гасцямі: прадстаўнікамі розных органаў дзяржкіравання, якія так ці інакш вызначаюць і рэалізуюць элементы дзяржаўнай палітыкі па развіцці навуковай сферы. Ад маладых вучоных будзе залежаць не толькі эканоміка нашай краіны, але і будучыня Беларусі ў цэлым. Сёння па большасці навуковых напрамкаў выйграе той, хто ўмее працаваць у камандзе. Таму Школа маладога вучонага — вельмі добрая пляцоўка, каб усвядоміць: каманда — гэта заўсёды значна больш, чым сукупнасць яе ўдзельнікаў, ёсць магчымасць не толькі набыць асабістыя знаёмствы, але і стварыць дадатковыя міждысцыплінарныя сувязі», — падкрэсліў ён.
Старшыня Савета маладых вучоных пры Міністэрстве адукацыі Аляксей Рагінскі адзначыў, што маладыя вучоныя — гэта не проста патэнцыял, гэта дзеючая сіла, якая здольна рэалізоўваць розныя праекты, вырашаць праблемныя пытанні і ў цэлым умацоўваць беларускую эканоміку. «Але для развіцця гэтага патэнцыялу нам неабходны сапраўдныя і сучасныя інструменты, таксама падтрымка і ўзровень, што мы будзем атрымліваць на гэтых мерапрыемствах», — дадаў эксперт.