Top.Mail.Ru

Патрабуючы адраджаць айчыннае садаводства, Прэзідэнт клапоціцца не толькі аб эканамічнай мэтазгоднасці, але і аб здароўі нацыі

«Сваё, сваё беларускае, і яшчэ раз сваё»


Сёння ўжо нікога не здзівіш айчыннымі яблыкамі, якія круглы год прапаноўваюцца спажыўцам у крамах краіны. Умеюць беларусы вырошчваць і ягады, а таксама кавуны, грушы, іншую садавіну, якая складае канкурэнцыю замежным аналагам. Напэўна, дагэтуль так і куплялі б безальтэрнатыўна дарагія польскія яблыкі, калі б не асаблівая ўвага кіраўніка дзяржавы да развіцця айчыннага садаводства.

Сёння беларусы здольныя забяспечыць уласнай садавіной не толькі ўнутранага спажыўца, але і замежнага пакупніка: як мы ведаем, зробленае — а значыць, і вырашчанае — у Беларусі ва ўсім свеце карыстаецца вялікім попытам. Невыпадкова Аляксандр Лукашэнка патрабуе адраджаць сады, а таксама прытрымлівацца строгага выканання тэхналогій у вырошчванні плодаагародніннай прадукцыі, закладанні інтэнсіўных садоў і стварэнні належных умоў для захоўвання сабранага ўраджаю.

«Трэба павыкарчоўваць старое»

Аб неабходнасці абнаўляць сады і ствараць вытворчасць новых відаў фруктаў Аляксандр Лукашэнка гаварыў падчас наведвання Баранавічаў у сакавіку 2019 года. Гэта пытанне было закранута падчас гутаркі з мясцовымі жыхарамі.

«Старыя сады — трэба даць каманду губернатарам і жорстка спытаць, — адзначыў беларускі лідар. — Трэба павыкарчоўваць гэта старое. Самыя добрыя ўрадлівыя землі занялі, а ў выніку — чорт нагу зломіць. Няма ўжо там ніякіх садоў і няма там ніякага яблыка — таго, якое было ў савецкія часы».

Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што ў Беларусі напрацаваны выдатныя тэхналогіі ў сферы садаводства, у прыватнасці, гэта датычыцца яблыкаў.

«І сарты раянаваныя, і сваіх хапае, і з палякамі працавалі, —удакладніў ён. — І ў рэгіёнах краіны шмат такіх садоў пасаджана. Таму трэба абнаўляць сады або на гэтым месцы ствараць вытворчасць якіх-небудзь новых фруктаў. Або проста ў севазварот запускаць гэтыя землі па 50–100 гектараў».

«Садоўніцтва ўвогуле не церпіць парушэння тэхналогій»

У жніўні 2022 года Аляксандр Лукашэнка наведаў адну з узорных гаспадарак краіны — вытворчы кааператыў імя В. І. Крамко. Кіраўнік дзяржавы пабываў у фруктова-ягадным садзе, дзе азнаёміўся з інтэнсіўнымі тэхналогіямі пры вырошчванні ягад і садавіны. Прэзідэнту падрабязна расказалі пра тэхналогію вырошчвання: вопыт гаспадаркі запатрабаваны пры закладцы падобных садоў і ў іншых рэгіёнах краіны.


Пасля знаёмства з сучасным фруктова-ягадным садам беларускі лідар правёў нараду па пытанні закладкі садоў і забеспячэння ўнутранага рынку садавіной і агароднінай.

«Маё глыбокае перакананне: хлеб, мяса, малако, агародніна і, зразумела, садавіна, якая расце ў нас, на стале па максімуме павінна быць айчыннай вытворчасці, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Сваё, сваё беларускае, і яшчэ раз сваё».

Па словах Прэзідэнта, нельга сядзець і чакаць, пакуль у краіну прывязуць яблыкі з Польшчы ці Малдовы. Аляксандр Лукашэнка арыентаваў на тое, што трэба вырошчваць самім. «І, як мы бачылі, пры гаспадарскім падыходзе і выкананні тэхналогій гэта выдатна атрымліваецца, — адзначыў ён. — Прычым не толькі на Гродзеншчыне».

Кіраўнік дзяржавы расказаў: яго пераконваюць у тым, што цудоўныя сады ёсць ва ўсіх рэгіёнах краіны. Але іх, відавочна, не хапае. «З году ў год я даручаю ўраду і аблвыканкамам павялічыць плошчы закладкі прадукцыйных сартоў пладова-ягадных культур, патрабую адраджаць сады», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнта праінфармавалі, што галіна пладаводства ў поўным аб’ёме забяспечана ўласным матэрыялам пладовых і ягадных культур. «Акрамя таго, распрацаваны і тэхналагічныя рэгламенты апрацоўкі, проста іх трэба выконваць! — акцэнтаваў увагу беларускі лідар. — Мы пастаянна гаворым аб тым, што тэхналогіі ўсюды. А садоўніцтва ўвогуле не церпіць парушэння тэхналогій».


Па словах Прэзідэнта, старэйшыя людзі нават не маглі ўявіць, што ў нашым клімаце будуць расці кавуны, дыні, персікі, буякі. «А сёння — калі ласка. І на асабістых падворках, і ў фермерскіх гаспадарках, — канстатаваў ён. — Трэба больш актыўна падцягвацца таксама вялікім прадпрыемствам».

На нарадзе кіраўнік дзяржавы казаў не толькі аб тым, як вырасціць сваю садавіну, а яшчэ і як яе захаваць. «Зімовых сартоў у нас дастаткова, — заўважыў ён. — І жыхары Беларусі з задавальненнем купяць айчыннае па разумнай цане. А на пастаўках за мяжу мы можам добра зарабіць».

Прэзідэнтам была пастаўлена задача максімальна запоўніць сховішчы краіны плодаагародніннай прадукцыяй, каб у першую чаргу забяспечыць патрэбы ўнутранага рынку. «Мы павінны спажываць сваю бульбу, а не егіпецкую, — заўважыў ён. — Я нічога не маю супраць Егіпта. Але з Егіпта месяц трэба везці бульбу, вырашчаную ў цяпліцах».

«У кожнай школы павінен быць свой прысядзібны ўчастак, дзе можна пакалупацца і па зямлі пахадзіць»

У красавіку 2024 года падчас рэспубліканскага суботніка кіраўнік дзяржавы закладваў яблыневы сад на сваёй малой радзіме. Падчас размовы з журналістамі Прэзідэнт расказаў, што яблыневы сад перададуць пад апеку мясцовых школьнікаў.

«Мы гэта робім, каб потым школьнікам перадаць, — патлумачыў Аляксандр Лукашэнка. — Каб яны тут даглядалі і вынікі сваёй працы забіралі сабе. Як я казаў, у кожнай школы павінен быць свой прысядзібны ўчастак, дзе можна пакалупацца і па зямлі пахадзіць, рукамі дакрануцца. Каб дурноты было менш у галаве. Гэтыя школьнікі ў якасці свайго прысядзібнага ўчастка будуць працаваць тут».


Прэзідэнт патлумачыў, што раней на землях пад закладзеным садам былі сялянскія надзелы. Але цяпер ужо вясковыя сядзібы выкарыстоўваюцца ў асноўным як дачы, а цяперашнія ўладальнікі і спадчыннікі адводзяць пад агароды толькі невялікую частку зямлі.

«Гэта была пустка, — расказаў кіраўнік дзяржавы. — Мы яе разрабілі. Каб не прападала, вырашылі асобнымі сартамі высадзіць яблыні».

Беларускі лідар прызнаўся, што ніколі не займаўся раней садоўніцтвам. «Ужо будучы Прэзідэнтам, я пачаў трошкі ў гэта ўнікаць, — сказаў ён. — Таму што завозім яблыкі па імпарце, асабліва польскія. А ў яго (адным з удзельнікаў прэзідэнцкага суботніка быў Ігар Абрамчык, кіраўнік сялянскай фермерскай гаспадаркі „Спартан-Агра“ Маладзечанскага раёна. — „Зв.“) яблыкі лепшыя за любыя польскія. Але галоўнае, што яны чысцейшыя. Таму што ён ведае, што, калі гадасць на рынак паставіць, мы з яго спытаем. А спытай ідзі ў палякаў!»

Падчас рэспубліканскага суботніка Ігар Абрамчык запрасіў Аляксандра Лукашэнку наведаць «Спартан-Агра». Кіраўнік дзяржавы запрашэнне прыняў. Сказана — зроблена.

«Галоўнае, каб мы перасталі кланяцца імпартнаму яблыку»

У верасні 2024 года кіраўнік дзяржавы наведаў сялянскую фермерскую гаспадарку «Спартан-Агра» ў Маладзечанскім раёне, якая займаецца вырошчваннем яблыкаў і сельгаспрадукцыі. Апрацоўка яблыкаў у гаспадарцы арганізавана па самых перадавых тэхналогіях — тут усё камп’ютарызавана: ад метэастанцыі да паліву і падкорму дрэў.

Прэзідэнт падрабязна цікавіўся не толькі станам гаспадаркі на цяперашнім этапе, але і планамі развіцця, перспектывамі прадпрыемства. «Галоўнае, каб мы перасталі кланяцца імпартнаму яблыку, — падкрэсліў беларускі лідар. — Трэба, каб быў свой яблык, каб людзі былі забяспечаны. Патрэба ў нас вялікая».


Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што неабходна актыўна падтрымліваць развіццё пладаводства ў краіне, у тым ліку выдзяленне гэтай гаспадарцы дадатковых зямель. Пры гэтым Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што спецыялістам «Спартан-Агра» трэба дзяліцца вопытам з калегамі. Па яго словах, было б нядрэнна, каб яны паспрыялі развіццю садаводства і ў іншых рэгіёнах.

«Каб ты дапамог людзям закласці сад, — паставіў задачу беларускі лідар кіраўніку прадпрыемства. — Галоўнае ж — закласці. І будуць паўтараць. Як ты даглядаеш, так і яны».

Ігар Абрамчык расказаў, што на базе гаспадаркі рэгулярна праходзяць семінары, на якія прыязджаюць фермеры-садаводы з усёй краіны.

Прэзідэнт адзначыў, што работа над вырошчваннем садавіны павінна ісці больш актыўна. «Зараз санкцыі: вязуць — не вязуць, — канстатаваў ён. — А ў цябе раздолле. Заўтра пачнецца гэта канкурэнцыя, можа быць, па-іншаму. Санкцыі — гэта час магчымасцяў. Трэба хутчэй гэта зрабіць». Аляксандр Лукашэнка паставіў задачу — не толькі забяспечыць патрэбы краіны ў яблыку, але і пастаўляць яго на экспарт.


Кіраўнік дзяржавы ў чарговы раз зрабіў акцэнт на тым, што трэба развіваць высокаэфектыўнае садаводства. Старыя сады, якія не даюць патрэбнага выніку, неабходна выкарчоўваць і закладваць новыя.

Візіт Прэзідэнта работу на прадпрыемстве не спыніў — уборка ўраджаю была ў самым разгары. «Вы для нас арыенцір, — звярнуўся кіраўнік дзяржавы да супрацоўнікаў гаспадаркі. — Будзем на вас раўняцца, каб беларусы не завозілі яблыкі з Польшчы і з іншых краін».

«Мы б Мінск цалкам яблыкам забяспечылі»

На нарадзе з кіраўніцтвам Савета Міністраў, якая адбылася 5 мая 2026 года ў Палацы Незалежнасці, Аляксандр Лукашэнка прапанаваў закласці пад Мінскам добры сад. На погляд кіраўніка дзяржавы, пад гэту задачу можна задзейнічаць меліяраваныя землі, якія адносяцца да агракамбіната «Дзяржынскі».

«Прыгожа — я і сёння, і ўчора паглядзеў, — даў ацэнку тэрыторыі Прэзідэнт. — Толькі я думаю, што на гэтых землях нам лепш апрацоўваць. Я ведаю, што нам трэба пад Мінскам. Я сад заклаў бы. Добры сад, мы ўмеем гэта рабіць».

У гэтай сувязі беларускі лідар нагадаў пра кіраўніка фермерскай гаспадаркі «Спартан-Агра», які мае добры досвед у гэтым кірунку. «Ён дапамог бы яму, калі трэба», — дадаў кіраўнік дзяржавы. Прэзідэнт таксама ўдакладніў, што для закладкі саду тут ёсць і неабходныя водныя рэсурсы. «Там рэчка працякае, бяры вады колькі хочаш, — заўважыў ён. — А для сада, для паліву патрэбна вада. Я там сад пасадзіў бы. І мы Мінск цалкам яблыкам забяспечылі б».

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю