Top.Mail.Ru

Патрыярх Кірыл узначаліў Божую літургію ў Свята-Уваскрасенскім саборы Брэста

Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл знаходзіцца з візітам у Брэсце. У дзень Сабора Беларускіх святых, які сёлета адзначаецца 21 чэрвеня, свяцейшы ўладыка ўзначаліў Божую літургію ў Свята-Уваскрасенскім саборы.



Свята-Уваскрасенскі сабор пабудаваны ў гонар 50-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Ён з’яўляецца самым велічным храмам Брэсцкай епархіі, гісторыка-культурнай каштоўнасцю. Набажэнства Патрыяршым чынам пачалося а 10-й гадзіне. Да гэтага часу сабраліся шматлікія вернікі. Для зручнасці вернікаў арганізавана прамая трансляцыя набажэнства на вялікіх экранах. Таксама гледачы могуць убачыць яе на YouTube-канале Беларускага Экзархата, на тэлеканале «Беларусь 3». 

Патрыярху служыць сонм архіерэяў Беларускай праваслаўнай царквы — Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, архіепіскапы і епіскапы, а таксама архірэі Рускай праваслаўнай царквы, у тым ліку Мітрапаліт Рыгор Васкрасенскі, кіраўнік спраў Маскоўскай Патрыярхіі. 

На святочным набажэнстве прысутнічалі намеснік Прэм’ер-міністра Наталля Пяткевіч, старшыня Брэсцкага аблвыканкама Пётр Пархомчык, памочнік Прэзідэнта — інспектар па Брэсцкай вобласці Аляксандр Ломскі, упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Аляксандр Румак, іншыя афіцыйныя асобы.

Патрыярх Кірыл прызнаўся, што ў Брэст прыязджае з асаблівымі пачуццямі. Прычын для гэтага некалькі — сямейная гісторыя і гераічная гісторыя гэтай зямлі. 

— Сёння я ўспамінаў маму, якая была добра адукаваным чалавекам. Яна скончыла філалагічны інстытут, была настаўніцай нямецкай мовы; была чалавекам глыбокай веры, якая, можа, яе і выратавала падчас Ленінградскай блакады, — расказаў уладыка.

Ён згадаў, што яго дзядзька Уладзімір служыў у Брэсцкай крэпасці. У дні перад пачаткам вайны ён быў накіраваны на граніцу, на бераг ракі, якая аддзяляла тагачасны Савецкі Саюз ад Польшчы, акупаванай фашысцкай Германіяй. 

— У той страшны дзень, 22 чэрвеня, роўна ў 4 гадзіны ён быў на тым рубяжы. Мама забараняла пра яго маліцца як пра памерлага, — адзначыў кіраўнік Рускай праваслаўнай царквы. 

У сям’і доўгі час маліліся аб без вестак зніклым сваяку. Праз час зразумелі, што ацалець у той мясарубцы пад націскам нямецка-фашысцкіх захопнікаў было малаверагодна. Сваякі прынялі, што, хутчэй за ўсё, абаронца загінуў.

— Таму для мяне наведванне гэтага месца звязана з такімі сямейнымі ўспамінамі, — растлумачыў Патрыярх Кірыл.

Прыйсці сёння ў храм палічылі неабходным жыхарка Брэста Валерыя з сынам-падлеткам і пляменнікам. 

— Такое бывае вельмі рэдка. Патрыярх да нас прыязджаў у 2015 годзе, тады не атрымалася прыйсці. Вырашылі сёлета не прапусціць. Мы вернікі, таму гэта вельмі важна для нас. Такое стаўленне да Бога мне прывілі бацькі, а я — свайму сыну, — падзялілася жанчына.

Аксана з Брэста расказала, што для яе сёння важная падзея, асаблівая ў жыцці царквы:

— Вера ў Бога займае асноўнае месца, гэта сэнс майго жыцця. Такое стаўленне мне прывілі маці і бабуля. Мы сёння прыйшлі ўсёй сям’ёй. 

Святкаванне Сабора Беларускіх святых устаноўлена ў 1984 годзе па ініцыятыве Мітрапаліта Філарэта і прыпадае на трэцюю нядзелю па Пяцідзясятніцы. 

Патрыярх Кірыл ноччу 22 чэрвеня на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу «Брэсцкая крэпасць-герой» прыме ўдзел у мітынгу-рэквіеме, прысвечаным Дню ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа. Чакаецца, што Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі адслужыць памінальную літыю па загінулых у гады вайны

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Фота БелТА
г. Брэст


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю