Top.Mail.Ru

Патрыятычна-асветніцкі праект Палаты прадстаўнікоў выходзіць за рамкі парламенцкага дыялогу

Місія — выхаваць годных нашчадкаў пераможцаў


У другіх парламенцкіх чытаннях на тэму «Партызанскі рух і падпольная барацьба ў Беларусі: гераізм і стойкасць народа ў імя Перамогі», якія адбыліся ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, прынялі ўдзел прадстаўнікі навуковай супольнасці, моладзь. Гэтым разам размова ішла аб беспрэцэдэнтным подзвігу беларускіх падпольшчыкаў і партызан.

Больш за 1500 дыверсій — за тры гады

Загадчык аддзела найноўшай гісторыі Беларусі Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Сяргей ТРАЦЦЯК распавёў аб старонках партызанскага руху і падпольнай барацьбы на Міншчыне. «Найбольш шырокі размах набыла падпольная антыфашысцкая дзейнасць у Мінску, якую праводзіць менавіта тут было складаней за ўсё, — адзначыў ён. — Барацьбу супраць акупантаў узначальваў падпольны гаркам КП(б)Б, створаны ў лістападзе 1941 года на нарадзе прадстаўнікоў падпольных арганізацый і груп. У 1942-м адбыліся два правалы, былі арыштаваны сотні падпольшчыкаў, у тым ліку і некалькі кіраўнікоў гарадскога падполля. Але тым не менш антыфашысцкая барацьба працягвалася. Выдаваліся ўлёткі і газета „Звязда“. Падтрымлівалася цесная сувязь з падпольшчыкамі іншых населеных пунктаў».

Толькі ў 1943 годзе з Мінска ў партызаны, па словах гісторыка, сышлі звыш 6,5 тысячы чалавек. «З іх 1,5 тысячы сталі камандзірамі і камісарамі брыгад і атрадаў, узначалілі разведку, групы падрыўнікоў, — удакладніў ён. — Падпольшчыкі збіралі і перадавалі партызанам зброю, боепрыпасы, медыкаменты, абмундзіраванне, радыёпрыёмнікі, пішучыя машынкі і іншае, неабходнае ў барацьбе, папярэджвалі аб падрыхтоўцы карных аперацый. На пачатак 1944 года Мінскі падпольны гаркам КП(б)Б кіраваў дзейнасцю 120 падпольных арганізацый і груп».

Мінскае падполле аб’ядноўвала больш за 9 тысяч чалавек. «За тры гады акупацыі мінскімі падпольшчыкамі было праведзена больш за 1500 дыверсій, перапраўлена да партызан не менш як 2200 ваеннапалонных і каля 10 тысяч сем’яў грамадзянскага насельніцтва», — звярнуў увагу Сяргей Траццяк.

Высокую мужнасць партызаны і падпольшчыкі праявілі і ў дні баёў за вызваленне Мінска. «Яны змагаліся ў вулічных баях плячо ў плячо з чырвонаармейцамі, бралі пад ахову адміністрацыйныя будынкі, склады маёмасці і прамысловыя аб’екты, — канстатаваў гісторык. — Разам з воінамі Чырвонай Арміі размініравалі і не далі фашыстам падарваць пры адступленні Дом урада, будынак ЦК КПБ, гасцініцу „Беларусь“, іншыя важныя аб’екты горада Мінска».

Ген няскоранасці і непераможнасці

Пад непасрэдным кіраўніцтвам партыйнага падполля дзейнічала Мінскае камсамольска-маладзёжнае падполле. Член Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Сяргей КЛІШЭВІЧ акцэнтаваў увагу на гераічных учынках юных падпольшчыкаў і партызан, многія з якіх заплацілі за Перамогу самым каштоўным — уласным жыццём. На часова акупаванай тэрыторыі нашай краіны дзейнічалі 10 падпольных камсамольскіх абкамаў, 14 гарадскіх і 189 раённых камітэтаў ЛКСМБ. За гэты час у тыле ворага было сфарміравана каля трох тысяч падпольных камсамольскіх аб’яднанняў, у якія ўваходзіла каля 19 тысяч хлопцаў і дзяўчат.

«Сакратар Пінскага падпольнага абкама ЛКСМБ Нордман асаблівую ўвагу акцэнтаваў на дзейнасці падполля мястэчка Старобін і вёскі Сяльцы, — спасылаючыся на архіўныя дакументы, канкрэтызаваў Сяргей Клішэвіч. — Там маладыя хлопцы і дзяўчаты сабралі 1570 патронаў, 29 гранат, якія пасля перадалі ў партызанскі атрад. Старобінскія патрыёты, калі гаварыць сучаснай мовай, здзейснілі інфармацыйна-псіхалагічную аперацыю. Яны падклалі партызанскія ўлёткі ў кішэню кіраўніку паліцаяў Старобіна, яго калегам-здраднікам, здолелі падкласці гэтыя ўлёткі ў папкі з дакументамі з усімі выцякаючымі наступствамі для паліцаяў».

Толькі ў Мінску з лютага па кастрычнік 1943 года было створана 20 падпольных камсамольскіх арганізацый, якія ажыццявілі шэраг гучных дыверсій. «Іх справы грымелі на ўвесь Савецкі Саюз, — падкрэсліў парламентарый. —

8 жніўня падарвалі два паравозы. На хлебазаводзе „Аўтамат“ спалілі тры аўтамашыны, вывелі са строю канвеер па падачы цеста для булак, якія пякліся для немцаў, знішчылі цестамясілку і цеставыкідальнік. Здзейсніў гэты подзвіг вядомы ўсім нам Мікалай Кедышка, імя якога носіць вуліца ў сталіцы».

З першых дзён нямецка-фашысцкай акупацыі камсамольцы Беларусі ўключыліся і ў партызанскую барацьбу. «Па даных ЦК ЛКСМБ, на кастрычнік 1942 года звыш 26 % ад агульнай колькасці партызан БССР складалі камсамольцы, — праінфармаваў Сяргей Клішэвіч. — Некаторыя партызанскія атрады непасрэдна ствараліся камсамольцамі. Так, Сяргей Шыпанаў быў адным са стваральнікаў партызанскага атрада імя Чапаева ў Брэсцкай вобласці і камандаваў ім аж да злучэння з часцямі Чырвонай Арміі. У Бялыніцкім раёне арганізатарамі партызанскіх атрадаў з’яўляліся сакратар райкома камсамола Карней Калакустаў і камсамолец Аляксандр Шалдаеў.

У Мірскім раёне Баранавіцкай вобласці камсамольцы-падпольшчыкі ў чэрвені 1942 года стварылі партызанскі атрад імя Ленінскага камсамола. У 1943-м гэты атрад быў пераўтвораны ў брыгаду».

Шырока вядомыя ў краіне подзвігі герояў-камсамольцаў партызан Міхаіла Белуша, Міхаіла Сільніцкага, піянераў-герояў Марата Казея, Колі Гойшыка і сотняў іншых маладых людзей, якія аддалі свае жыцці ў барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі.

Як расказаў Сяргей Клішэвіч, падчас падрыхтоўкі да выступлення ў яго ўзнікала пытанне: «А ці зможа наша сучасная моладзь таксама гераічна абараняць сваю Радзіму і адстойваць свае каштоўнасці і ідэалы, як гэта рабілі камсамольцы 1940-х?» І сумненні адразу ж зніклі, калі прыгадаў прыклады подзвігаў, здзейсненых ужо падчас мірнага жыцця: лётчыкамі Андрэем Нічыпорчыкам і Мікітам Куканенкам, афіцэрам Дзмітрыем Федасюком, 12-гадовым падлеткам Раманам Кагадоўскім...

«У нас з вамі, у нашай моладзі закладзены ген няскоранасці, непераможнасці, — рэзюмаваў парламентарый. — У гэтай сувязі на нас (на бацьках, настаўніках, грамадскіх дзеячах і, вядома ж, на дэпутатах) ляжыць вялізная адказнасць, місія — выхаваць нашу моладзь такім чынам, каб яны рабілі так, як тыя героі, аб якіх ішла размова».

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю