Літаральна праз некалькі дзён, кіруючыся адной з самых добрых і аб’ядноўваючых традыцый, беларусы выйдуць на рэспубліканскі суботнік. Але гэта зусім не азначае, што людзі сядзяць і чакаюць менавіта гэтай агульнай талакі, каб навесці парадак на сваёй зямлі. Добраўпарадкаванне ва ўсіх куточках нашай краіны пачалося, як толькі сышоў снег. Гэта таксама наша спрадвечная традыцыя: пасля зімы павінна быць усё чыста і дагледжана, тады і праца на зямлі будзе спорыцца, і сама зямля аддзячыць ураджаем.
Як наводзяць парадак на месцах, нашы карэспандэнты пацікавіліся непасрэдна ў рэгіёнах.
Падрыхтоўка да юбілею аб’ядноўвае
Сёлета аграгарадок Зембін у Барысаўскім раёне Мінскай вобласці адзначае сваё 500-годдзе. Старшыня Зембінскага сельскага выканаўчага камітэта Людміла ГАРАДНІЧУК расказала, што суботнік у мясцовых жыхароў штотыдзень. «Як толькі сышоў снег, мы прыступілі да ўборкі тэрыторыі, — падзялілася Людміла Якаўлеўна. — Спачатку сумеснымі намаганнямі наводзілі парадак на тэрыторыі новага стадыёна. Вакол яго пракладзена бегавая дарожка, а ў цэнтры — альтанкі, лаўкі. Мы прыбіралі галінкі, лісце, каб з надыходам цёплай пары там маглі праводзіць камфортна час дзеці і дарослыя. Школа, бальніца, дзіцячы садок, Зембінскі цэнтр культуры — усе гэтыя ўстановы таксама далучыліся да вясенніх работ».
Напярэдадні Радаўніцы жыхары аграгарадка ўзяліся за навядзенне парадку на могілках, воінскіх пахаваннях, дадала старшыня Зембінскага сельвыканкама.
Сёлета ў Зембіне таксама запланавана рэалізацыя грамадзянскай ініцыятывы — будзе створана культурна-гістарычная прастора «Сквер Памяці, Веры і Адзінства». «У гэтым кірунку мы таксама паступова рухаемся наперад, — сказала Людміла Гараднічук. — На гэтай тэрыторыі праводзяцца падрыхтоўчыя ўборачныя работы».
Акрамя таго, дзякуючы спонсарскай дапамозе ў аграгарадку займаюцца ачысткай прыбярэжнай тэрыторыі каля возера. А яшчэ наводзіцца парадак паблізу гандлёвых аб’ектаў.
«Падрыхтоўка да юбілею аграгарадка сапраўды нас усіх аб’ядноўвае, — адзначыла старшыня Зембінскага сельвыканкама. — Стараемся падтрымліваць чысціню, каб усюды было прыгожа і акуратна».
Дзеля прыгажосці і памяці
На вёсцы суботнік кожны дзень, — жартуе старшыня Хваставіцкага сельсавета дэпутатаў Глускага раёна Магілёўскай вобласці Галіна ЛЯСУН. У яе падпарадкаванні 20 населеных пунктаў, дзе пражывае 1339 чалавек, з улікам 173 пастаяльцаў Веснаўскага дома-інтэрната для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Большасць жыхароў — пенсіянеры. Але калі старшыня сельсавета запрашае іх падтрымаць сваім удзелам добрую справу, ніколі не адмаўляюць. Галіна Лясун можа пра кожнага добрае сказаць, але асноўная сіла і падтрымка — гэта мясцовыя фермеры і раённыя арганізацыі.
Нядаўна наводзілі марафет у Дуброве, там, дзе сёння праводзіцца рэканструкцыя МТК. У вёсцы жыве 74 чалавекі. Падчас навядзення парадку маладзейшае насельніцтва таксама працавала, пенсіянеры больш словам падтрымлівалі. Шмат у чым дапамог фермер Аляксандр Сокал, уладальнік гаспадаркі «Дуброўская гародніна» — даў трактар і трактарыста, які дапамагаў яшчэ і смецце грузіць.
Дэпутат удакладняе, што ў сельсавеце шмат дамоў выкарыстоўваецца пад дачу і людзі пастаянна там не жывуць. Падчас суботнікаў даводзіцца і каля іх прыбірацца. Мясцовыя пенсіянеры імкнуцца асвяжыць карцінку каля дамоў. Напрыклад, агароджу пафарбаваць у вясёлы колер.
— Якая б я сямідзеліха ні была, без людзей не справілася б, — удакладняе дэпутат. — Дзесьці падключаем арганізацыі — і талакой наводзім чысціню. Прыборкі пачаліся са студзеня. І нават зімой сучча выразалі. Яшчэ і пяць старых дамоў у Дуброве знеслі. У вёсцы Даколь на пустуючых месцах стаялі агароджы. Як толькі снег сышоў, адразу ж там парадак навялі. Дзесьці агароджу падрамантавалі, або, як кажуць у вёсках — перасыпалі, дзесьці нешта знеслі, або, наадварот, умацавалі.
У Хваставіцкім сельсавеце дзевяць грамадзянскіх могілак. На двух з іх драўляныя агароджы, на астатніх — жалезабетонныя.
— Дзесьці іх часткова фарбуем, дзесьці рамантуем, — кажа суразмоўніца. — Хаця могілкі і перададзены камунальнікам на абслугоўванне, але мы ўсё роўна дапамагаем іх даглядаць. Калі трэба смецце вывезці, тэлефануем, і яны спяшаюцца прыехаць. Калі тэма больш складаная, звяртаемся да старшыні райсавета Рамана Аляксандравіча Тычыны і разам знаходзім выйсце.
У сельсавеце ідзе комплекснае добраўпарадкаванне, а дзесьці і замена помнікаў на воінскіх пахаваннях.
— Усе яны замацаваны за раённымі арганізацыямі, — кажа дэпутат. — На Веснаўскіх могілках, напрыклад, ёсць пахаванне партызан. За парадак на ім адказвае Веснаўскі дом-інтэрнат. Як і за воінскае пахаванне ў Бараціне.
Сёлета сельсавет плануе замяніць помнікі на шэрагу воінскіх пахаванняў. У панядзелак адзін з іх з’явіўся на магіле невядомаму салдату, што знаходзіцца паблізу ад вёскі Карніца ў лясным масіве. «Наш абавязак — зберагчы памяць аб гэтых гераічных людзях і перадаць яе нашчадкам», — кажа суразмоўніца.
На парадку дня — генеральная ўборка
У Талачынскім раёне Віцебскай вобласці склаліся ўстойлівыя традыцыі адносна навядзення парадку на зямлі. Так, непарушнае правіла, каб, акрамя рэспубліканскага і абласных суботнікаў, праводзіць тры раённыя: у сакавіку, чэрвені і верасні, а таксама далучацца да акцыі «Чысты чацвер».
Сёлета ўмовы надвор’я спрыялі таму, што да першай масавай уборкі калектывы і насельніцтва прыступілі
28 сакавіка. Гэта дата стала пачаткам месячніка добраўпарадкавання, які працягнецца да 1 мая.
— Першачарговая ўвага — тэрыторыям прадпрыемстваў і арганізацый: парадак наўкола дысцыплінуе і трымае ў рабочым тонусе. Не менш важныя памятныя месцы: у раёне знаходзіцца 77 воінскіх пахаванняў і шэсць пахаванняў ахвяр вайны. Сёлета з мясцовага бюджэту на іх рамонт выдзелена 30 тысяч рублёў. Але фактычна ўкладанні ў падтрыманне іх у належным стане будуць большыя, таму што за кожным мемарыялам і брацкай магілай замацаваны шэфскія арганізацыя, якія вынаходзяць грашовыя сродкі і чалавечыя рэсурсы, каб на месцах памяці было прыстойна, — паведаміў старшыня Талачынскага райсавета дэпутатаў Георгій МУРАШКА.
Кіраўнік дэпутацкага корпуса расказаў аб тым, што ў раёне склалася практыка замацавання арганізацый і за сельскімі населенымі пунктамі, і грамадзянскімі могілкамі. Дзякуючы гэтаму па стане на 13 красавіка, на 40 % пагостаў пабывалі працоўныя дэсанты, якія рамантавалі агароджы, вычышчалі кантэйнерныя пляцоўкі, высякалі хмызнякі, выграбалі мінулагоднюю траву на падыходах.
Старшыня райсавета адзначыў, што прадстаўнікі дэпутацкага корпуса і старэйшыны вёсак выступаюць у ролі рухавікоў ініцыятыў, скіраваных на падтрыманне чысціні і парадку. Яны натхняюць аднавяскоўцаў на ўзорнае ўтрыманне сваіх сядзіб уласным прыкладам, вядуць вялікую тлумачальную і арганізацыйную работу.
— Цяпер асноўнае на парадку дня — генеральная ўборка населеных пунктаў, у тым ліку сельскіх, — засяродзіў увагу старшыня райсавета. — Вялізную ролю ў ёй выконваюць дарожнікі, камунальнікі, арганізацыі. Спадзяёмся, што прыбрацца на сядзібах пажылых бацькоў дапамогуць іх дзеці, якія прыедуць на працяг-лыя выхадныя. Наогул, калі б кожны ўзяўся за граблі, мятлу, пэндзаль і фарбу, малаток і цвікі, зрабіў, што па сілах, — наколькі б пахарашэлі нашы гарадкі і вёскі!
Паводле нашых карэспандэнтаў