Top.Mail.Ru

Пацікавіліся, як уплывае на развіццё Чэрыкава інавацыйная гаспадарка

Чэрыкаў — сярэднестатыстычны раённы цэнтр Магілёўскай вобласці, у ім жыве каля 12 тысяч чалавек. З суб’ектаў гаспадарання — лясгас, «Жылкамунгас», ПМК № 280, тры сельгасгаспадаркі, плюс сацыяльная сфера, філіялы пошты, Белтэлекама і іншых ведамстваў. З прыватнага бізнесу да нядаўняга часу былі толькі фотаэлектрычная станцыя магутнасцю 4 мегаваты і некалькі прадпрымальнікаў, якія займаюцца перапрацоўкай лесу. З мінулага года штуршком для развіцця эканомікі раёна стала яшчэ і рыбная вытворчасць — участак прадпрыемства «Рыбгас «Палуж».


Гэта адзіны на ўсю краіну і ўнікальны ў маштабах СНД аб’ект па атрыманні аплодненай ікры вясёлкавай фарэлі і малька. Ён пабудаваны ў рамках рэалізацыі інвестпраекта «Адзін раён — адзін праект» і з’яўляецца складнікам агульнага з Краснапольскім і Хоцімскім раёнамі кластару. Якія перспектывы адкрываюцца для Чэрыкаўшчыны са з’яўленнем інавацыйнай вытворчасці?

Прарыўны праект

Для невялікага раёна, які пацярпеў ад аварыі на ЧАЭС і ўваходзіць у спіс разам з шасцю іншымі ў праграму развіцця паўднёва-ўсходняга рэгіёна Магілёўшчыны, гэта сапраўды прарыўны праект. Чэрыкавам ужо зацікавіліся і кадры, і маладыя спецыялісты, і будучыя дылеры. Праект, як вядома, цалкам імпартазамяшчальны. Раней паняцце «беларуская фарэль» было вельмі ўмоўным. За ікрой трэба было ехаць у Еўропу, тую ж Польшчу. Цяпер, як той казаў, усе шляхі вядуць у Чэрыкаў.


— Першая выпрабавальная партыя аплодненай ікры ўжо ёсць, — удакладняе начальнік вытворчага ўчастка Уладзімір ШТЫЛЁЎ. — Два нашых інкубатары дазваляюць мець адначасова 1,5 мільёна штук малька. Сёння ў нас ёсць сегалеткі, матачны статак і статак, які мы рыхтуем на першы квартал будучага года. Для нерасту ствараюцца ўмовы, набліжаныя да натуральных. Рыба знаходзіцца ў асобных басейнах, дзе за неабходнымі параметрамі — высокая якасць вады, гідрахімія, асвятленне — наладжаны строгі аўтаматычны кантроль.

На ўчастку тры вытворчыя цэхі — інкубатар і два для матчынага статка, у кожным з якіх фарэль нагульвае вагу, а напрыканцы дае патомства. Цікава, што з ікры першапачаткова з’яўляюцца на свет адны самкі. Самцоў тут атрымліваюць рэверсным метадам з дапамогай гарманальнага ўздзеяння.

Апроч усяго, прадпрыемства яшчэ і навукова арыентаванае, тут вядуцца даследаванні ў мэтах развіцця фарэлеводства.

— Шчыльна ўзаемадзейнічаем з навукова-даследчым цэнтрам Інстытута рыбнай гаспадаркі, — расказвае Уладзімір Штылёў. — Нядаўна яго супрацоўнікі ўзялі генетычны матэрыял для аналізу і правялі чыпіраванне. Па нумары чыпа можна адсачыць усю інфармацыю па кожнай рыбе: калі яна нераставала, якое патомства дала, а заадно папярэдзіць выпадкі роднасных сувязяў.




Чыпіраваннем сёння на прадпрыемстве займаюцца самастойна. Мікраэлектронную прыладу можна ставіць на плаўнік, але фарэль — рыба байцовая, у сутычках можа страціць яе. Таму чып уводзяць непасрэдна пад скуру. Чыпіруюць выключна дарослых асобін, якія дасягнулі вагі каля кілаграма.

Без права на памылку

Работа на вытворчым участку наладжана кругласутачная. Аўтаматыка кантралюе падачу корму, ачыстку вады. Дублюючы манітор, дзе можна адсочваць працэс работы ўсяго абсталявання, ёсць і ў пакоі рыбаводаў. Параметры кантралююцца ў тым ліку і ручным спосабам. Рыбаводы правяраюць тэмпературу вады, утрыманне ў ёй кіслароду. Штодзень ва ўласнай лабараторыі аналізуецца гідрахімія.

На ўчастку ўжо створана 16 працоўных месцаў, але штат яшчэ фарміруецца. Тут задзейнічаны як мясцовыя жыхары, так і прыезджыя. Усе работнікі вытворчага ўчастка забяспечваюцца спецаддзеннем, для іх прадугледжаны пакой для адпачынку, душавыя, пральня. 


З жыллём таксама праблем няма.

У тэму

Сапраўдны холдынг

Фарэлевая гаспадарка «Лахва» была створана ў Магілёўскай вобласці ў 2013 годзе і з’яўляецца на цяперашні час самым буйным прадпрыемствам у Беларусі па вырошчванні вясёлкавай фарэлі. Сёння тут перапрацоўваецца 500 тон рыбы ў год. Мадэрнізацыя аднаго з чатырох вытворчых участкаў, які знаходзіцца ў Быхаўскім раёне, дасць магчымасць істотна павялічыць аб’ёмы перапрацоўкі. На ўчастку ўстаноўлена новае абсталяванне, якое дазволіць у найбліжэйшым будучым рэалізаваць самыя амбіцыйныя планы.
— У вобласці працуе сапраўдны рыбны холдынг, які складаецца з фарэлевай гаспадаркі «Лахва» і рыбгаса «Палуж», — адзначыў падчас адкрыцця абноўленага ўчастка дырэктар рыбнай гаспадаркі «Лахва» Юрый КУКСЯНКОЎ. — Налета мы выходзім на магутнасць 2,5 тысячы тон, гэта значыць, павялічваем вытворчасць у 5 разоў. Стаіць задача перапрацоўваць каля 10 тон рыбы ў дзень.



Па словах дырэктара, фарэль у Беларусі — вельмі запатрабаваны прадукт. Прычым большы попыт на рыбу да кілаграма. Буйнейшую выгадна пускаць на перапрацоўку. Дзве рыбныя гаспадаркі Магілёўскай вобласці сёння здольныя забяспечыць ахалоджанай рыбай і рыбай на перапрацоўку не толькі сябе, але і пастаўляць карысны прадукт іншым перапрацоўшчыкам.

— Асабіста мы зацікаўлены ў перапрацоўцы, якая дае магчымасць пашырыць асартымент і закрыць імпартазамяшчэнне, — аргументуе Юрый Куксянкоў. — У нас няма нават замарозкі, усё ствараем з ахалоджанай сыравіны. Рыба добрай якасці, бо здабываецца з вады, якая бярэцца на глыбіні больш чым 100 метраў.

На сённяшні дзень прыкладна 98 % рыбы ў краіне ствараецца менавіта холдынгам Магілёўскай вобласці. На экспарт ідзе 30-40 %.

Нэлі ЗІГУЛЯ, Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю