Top.Mail.Ru

«Пацвярджэнне курса на адкрытасць нашай краіны знешняму свету»

Амерыканскі блогер Марыа Наўфал, які ўзяў у Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі паўтарагадзіннае інтэрв’ю, зрабіў справядлівую выснову аб тым, што беларускі лідар — унікальны і вельмі моцны палітык, які шчыра жадае міру. Пра гэта разважаюць нашы эксперты.


«Яно класнае, дае адказы на многія пытанні»

У эфіры ток-шоу «Будні» на «Альфа Радыё» міністр інфармацыі Марат Маркаў адзначыў, што ў сваім рэзанансным інтэрв’ю Аляксандр Лукашэнка агучыў пасылы, з якімі беларусы добра знаёмыя:

— Але нам патрэбны быў прарыў на амерыканскую і сусветную аўдыторыю. Першыя каментарыі, якія пайшлі ноччу, паказалі, што амерыканскія карыстальнікі не ведаюць, хто справакаваў Расію на канфлікт, хто спрыяў блакіроўцы мірных пагадненняў.

На думку Марата Маркава, выбар інтэрв’юера быў вельмі правільным:

— Марыа Наўфал, па-першае, малады чалавек — яму 30 гадоў, па-другое — паспяховы, па-трэцяе — прадстаўнік новай фармацыі бізнесменаў. Актыўны, дасведчаны, з добрай адукацыяй, які сустракаецца з лідарамі краін, мільярдэрамі. У сацыяльнай сетцы Х досыць маладая і актыўная аўдыторыя — гэтыя людзі прасоўваюць бізнес, спрыяюць прыняццю важных рашэнняў, у тым ліку палітычных. Праграма Марыа Наўфала «Круглы стол» у Х мае шматмільённыя прагляды. Вельмі важна, як амерыканскі блогер ахарактарызаваў інтэрв’ю з нашым Прэзідэнтам. Ён назваў Аляксандра Лукашэнку ўнікальным, наймагутнейшым палітыкам і выказаў перакананасць у тым, што свет павінен пра яго ведаць. Блогер пераканаўся ў тым, што беларускі лідар шчыра хоча міру і заўсёды пра гэта казаў. Паслядоўнасць крокаў нашага Прэзідэнта вельмі важная.

Марат Маркаў заклікаў абавязкова паглядзець рэзананснае інтэрв’ю:

— Яго не сорамна рэкламаваць, таму што яно класнае, дае адказы на многія пытанні і бачанне Прэзідэнта.

Прыкмета сапраўднага незалежнага лідара

Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Дзмітрый Баскаў, у сваю чаргу, адзначыў:

— Інтэрв’ю кіраўніка дзяржавы амерыканскаму блогеру Марыа Наўфалу чарговы раз прадэманстравала, што Аляксандр Рыгоравіч — чалавек шчыры і смелы. Наш прэзідэнт не баіцца называць рэчы сваімі імёнамі, адкрыта гаворыць аб існуючых праблемах і, самае галоўнае, дэманструе гатоўнасць і здольнасць іх вырашаць. Калі б усе сусветныя лідары былі таксама сумленныя ў сваіх словах і рашэннях, упэўнены, што многіх канфліктаў атрымалася б пазбегнуць ці хаця б мінімізаваць іх наступствы. Мы ўбачылі сумленныя адказы нават на нязручныя пытанні — гэта і ёсць прыкмета Сапраўднага незалежнага лідара: гатоўнасць адказваць за свае словы і рашэнні.

Ключавыя сэнсы — заклікі да нармалізацыі беларуска-амерыканскіх адносін

— Інтэрв’ю Прэзідэнта амерыканскаму блогеру Марыа Наўфалу пацвярджае курс на адкрытасць нашай краіны знешняму свету, — звяртае ўвагу аналітык аддзялення БІСД па Брэсцкай вобласці Сяргей Жук. — Мы працягваем выкарыстоўваць усе магчымасці, у тым ліку і новыя медыя, для артыкулявання пазіцыі на міжнароднай арэне. Для нас першасны не столькі фармат або пляцоўка для камунікацыі, колькі перспектывы данясення да аўдыторыі сістэмаўтваральных для Беларусі сэнсаў.

Аналітык звярнуў увагу на тое, хто менавіта выступіў інтэрв’юерам:

— Марыа Наўфал з’яўляецца не проста паспяховым бізнесменам і публічнай персонай, але чалавекам, які, паводле ацэнак шэрагу СМІ, звязаны з Іланам Маскам. Яго падкаст «69 хвілін» з’яўляецца адным з папулярных сярод прыхільнікаў кансерватыўнай партыі медыяпрадуктаў. Таму можна з упэўненасцю сказаць, што пасылы Прэзідэнта Беларусі накіраваны не толькі на амерыканскае грамадства, але і на палітычныя эліты ЗША.

Падзяліўся аналітык і яшчэ адным назіраннем. 

У адрозненне ад папярэдніх інтэрв’ю, якія Аляксандр Лукашэнка даваў заходнім СМІ, цяперашні дыялог ашаламляльна адрозніваўся танальнасцю інтэрв’юера, яго жаданнем зразумець пазіцыю Беларусі і погляд на глабальныя геапалітычныя працэсы.

— Ключавымі сэнсамі інтэрв’ю сталі заклікі Прэзідэнта Беларусі да нармалізацыі беларуска-амерыканскіх адносін, сумеснага руху Усходу і Захаду наперад, зніжэння ўзроўню эскалацыі на сусветным узроўні, перш за ўсё за кошт вырашэння ўкраінскага крызісу. Першым крокам павінна стаць спыненне агню і пачатак паўнавартасных мірных перагавораў. Прычым у сувязі з культурнай блізкасцю беларусаў, расіян і ўкраінцаў у якасці пляцоўкі зноў прапанаваны Мінск, — звярнуў увагу Сяргей Жук.

Разам з тым Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв’ю актуалізаваў пазіцыю Беларусі аб неабходнасці паскарэння фарміравання новай сістэмы міжнароднай бяспекі, якая б адлюстроўвала баланс сіл, што склаўся ў свеце, і ўключала ў сябе інтарэсы малых і сярэдніх дзяржаў.

— Несумненна, ключавую ролю ў гэтым павінны адыграць моцныя гэтага свету — Расія, ЗША і Кітай. Меседж Прэзідэнта аб Беларусі як аб адказным суб’екце міжнародных адносін, еўрапейскай краіне, апоры традыцыйных каштоўнасцяў і адным з цэнтраў хрысціянскай цывілізацыі адлюстроўвае наша пазіцыянаванне на міжнароднай арэне, што важна ў тым ліку для дзеючага кіраўніцтва ЗША, — падкрэсліў аналітык аддзялення БІСД па Брэсцкай вобласці.

«Лукашэнку чуюць на Захадзе»

Старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах Сяргей Рачкоў адзначыў:

— Заўсёды заўважаюць інтэрв’ю нашага Прэзідэнта, асабліва прафесіяналы, якія займаюцца пытаннямі міжнароднай палітыкі, і абсалютна ўсе лідары вядучых дзяржаў Захаду. Інтэрв’ю для амерыканскага блогера ў першую чаргу разышлося па ўсіх сацыяльных сетках. Наколькі я ведаю, за некалькі гадзін яно набрала пад мільён праглядаў. І вельмі шырокія станоўчыя водгукі людзей з усяго свету. Гэтыя водгукі датычацца тых тэм, якія заходнія СМІ трактавалі не так, як варта было б, фактычна ўводзячы ў зман заходнюю грамадскасць.

Шырокая тэматыка, якую закрануў Прэзідэнт.

— І, самае галоўнае, яна актуальная не толькі для Еўропы, але і для ЗША, і глабальнага Поўдня ў тым ліку, — адзначыў парламентарый. — Прэзідэнт Беларусі трымае тую лінію, якую ён яшчэ пазначыў і да пачатку ваеннай фазы канфлікту, і калі ўжо пачалася СВА. Рэспубліка Беларусь прадставіла сваю тэрыторыю для правядзення трох раўндаў перагавораў і фактычна была пасрэднікам паміж Расіяй і Украінай. І цяпер Прэзідэнт Беларусі бачыць, што ў Трампа ёсць імкненне спыніць гэты канфлікт і вырашыць усе спрэчныя пытанні мірным дыпламатычным метадам. Пляцоўкай для абмеркавання, для мірных перагавораў можа стаць Беларусь, Мінск.

Парламентарый упэўнены, што інтэрв’ю Аляксандра Лукашэнкі ўжо чуюць і яно будзе яшчэ доўга абмяркоўвацца.

— Насамрэч не так шмат сёння сусветных палітыкаў выказваюцца па гэтай тэме. Акрамя таго, мала такіх палітыкаў, якія моцна паглыбляюцца ў тэматыку гэтага канфлікту і разумеюць, што адбываецца і паміж Расіяй і Украінай, у цэлым у Еўрапейскім рэгіёне. Аляксандр Рыгоравіч аналізуе і прапаноўвае свае рашэнні па многіх еўрапейскіх праблемах ужо вельмі даўно, і ўсе яго прагнозы, як паказвае жыццё, апраўдваюцца.

Па паведамленнях нашых карэспандэнтаў і БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю