Top.Mail.Ru

Павелічэнне долі айчынных тавараў на ўнутраным рынку — стратэгічная задача і адзін з прыярытэтаў дзяржаўнай палітыкі

З імпартам на роўных

Рост даходаў насельніцтва і спажывецкага попыту ў Беларусі адкрывае перад айчыннымі вытворцамі новыя магчымасці. Аднак пакуль на паліцах крам увагу пакупнікоў часцей прыцягваюць імпартныя тавары, рост унутранага спажывання не ў поўнай меры працуе на нацыянальную эканоміку. А значыць, беларускім вытворцам ёсць куды расці і да чаго імкнуцца.

Патэнцыял для росту

Па выніках першага паўгоддзя 2026 года доля тавараў айчыннай вытворчасці склала 54,6 %. Пры гэтым, паводле звестак Камітэта дзяржаўнага кантролю, у студзені—верасні 2026 года яна знізілася ў 49 рэгіёнах са 129, па харчовых — у 80 рэгіёнах. Хоць відавочна, што галіны, якія выпускаюць спажывецкія тавары, маюць значны патэнцыял для росту. Для гэтага перад імі стаяць задачы, што патрабуюць паслядоўных намаганняў: абнаўленне вытворчага абсталявання, павышэнне эфектыўнасці выкарыстання рэсурсаў, укараненне лічбавых тэхналогій, паглыбленне лакалізацыі.

Нездарма яшчэ летась у Міністэрстве антыманапольнага рэгулявання і гандлю былі распрацаваны дакладныя рэкамендацыі для павелічэння прадстаўленасці прадукцыі беларускіх вытворцаў на ўнутраным рынку і забеспячэння насельніцтва бяспечнымі і якаснымі таварамі па прымальных цэнах. У дакуменце сфармулявалі задачы, якія павінны паставіць перад сабой вытворцы дзеля дасягнення гэтай мэты. Сярод іх, напрыклад, немалаважную ролю адыгрывае стварэнне больш гнуткага асартыменту прадукцыі. Адзначаецца таксама і тое, што ўкараняць імпартазамяшчальныя навінкі, безумоўна, трэба, але і здымаць з канвеера тавары, якія дзесяцігоддзямі карыстаюцца попытам на ўнутраным рынку, недапушчальна.

Дарэчы, умацоўвае пазіцыі ўнутры краіны, дае рэсурс для мадэрнізацыі і павышэння якасці поспех на знешнім контуры. Так, у асобных галінах, перш за ўсё ў харчовай прамысловасці, ужо сфарміраваны значныя вытворчыя кампетэнцыі і экспартны патэнцыял. Паводле звестак Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, у 2025 годзе Беларусь упершыню ў гісторыі суверэннай дзяржавы дасягнула рэкорднага экспарту прадуктаў харчавання і сельгассыравіны — 10 мільярдаў долараў. Прычым 40 % паставак у 116 краін свету склала малочная прадукцыя. Канкурэнтаздольнасць прадэманстравалі таксама мясныя тавары — іх доля склала 19 % паставак.

Тавары з беларускай прапіскай

Але запыт на далейшае паляпшэнне якасці прадукцыі, павышэнне пазнавальнасці і даверу да беларускіх брэндаў усё яшчэ ёсць. Мала проста выставіць тавар на паліцу, трэба выбудаваць яго пазіцыянаванне так, каб прадукт прадаваў сябе сам, што на дадзены момант удаецца далёка не кожнаму вытворцу.

Разам з тым адным з найбольш эфектыўных інструментаў стымулявання попыту на беларускія тавары застаецца праграма льготнага крэдытавання «На родныя тавары». Паводле даных Нацыянальнага банка, толькі за першае паўгоддзе 2026 года такіх крэдытаў выдадзена на 1 мільярд рублёў, што склала 14,6 % ад усяго рознічнага крэдытавання. Паказчык уражвае: аб’ём выдачы за шэсць месяцаў ужо перавысіў вынік усяго 2025 года. Дзякуючы гэтаму ўжо сёння фарміруецца плацежаздольны попыт, эквівалентны прыкладна 2 % абароту ўсяго рознічнага рынку.

Прычым хоць для спажывецкага крэдытавання і ўстаноўлены пэўны паказчык — не менш за дзясятую частку такіх пазык павінна прыпадаць на беларускія тавары, — куды важней, каб гэты інструмент заахвоціў нацыянальных вытворцаў нарошчваць лакалізацыю. Падыход нагадвае прынцып «прымусовых інвестыцый»: вытворца, які разлічвае на пашырэнне і дзяржаўную падтрымку, павінен укладвацца ў мясцовую рэсурсную базу. Выкарыстоўваць замежную сыравіну і камплектуючыя па-ранейшаму можна, але ў гэтым выпадку частка мер падтрымкі, у тым ліку фінансаванне збыту, становіцца недаступнай.

Замежны вопыт вырашэння пытання

Атрымліваецца, павышэнне канкурэнтаздольнасці айчынных спажывецкіх тавараў — задача комплексная, якая патрабуе спалучэння мноства мер. Пры гэтым асабліва важна, каб меры стымулявання попыту і меры развіцця прапановы працавалі разам. Гэта ў сваёй рабоце «Павышэнне канкурэнтаздольнасці спажывецкіх тавараў у Рэспубліцы Беларусь: адаптацыя кітайскага вопыту» адзначае кандыдат эканамічных навук, дацэнт, загадчык сектара фінансавай палітыкі аддзела макраэканамічнай і фінансавай палітыкі Інстытута эканомікі НАН Беларусі Вольга Шулейка. І менавіта таму, падкрэслівае эксперт, увагі заслугоўвае досвед Кітая.

У 2024 годзе там запусцілі палітыку «два новыя», якая прадугледжвала работу па двух узаемазвязаных кірунках. Першы — абнаўленне абсталявання: дзяржава падтрымлівае паскораную мадэрнізацыю вытворчых магутнасцяў праз інвестыцыйныя субсідыі, спецыяльныя дзяржаўныя аблігацыі, крэдытную падтрымку і субсідзіраванне працэнтных ставак па крэдытах. Прычым чым больш энергаэфектыўныя тавары, тым больш падтрымкі яны могуць атрымаць. Другі кірунак — стымуляванне спажывецкага попыту праз праграму абмену старых тавараў на новыя: аўтамабіляў, бытавой тэхнікі, асобных відаў лічбавай і іншай прадукцыі.

Вопыт, безумоўна, цікавы, аднак пераносіць яго на беларускія рэаліі без змен наўрад ці апраўдана. Відавочна, Кітай мае значна больш ёмісты ўнутраны рынак, маштабную вытворчую базу і істотна большыя фінансавыя рэсурсы дзяржавы. А Беларусь тым часам — малая адкрытая эканоміка з абмежаваным унутраным попытам і высокай залежнасцю ад знешняга гандлю, адзначае Вольга Шулейка. Таму важней, паводле яе слоў, адаптаваць самі прынцыпы такой палітыкі — сувязь попыту і прапановы, патрабаванні да якасці і энергаэфектыўнасці, празрыстыя механізмы падтрымкі. І ў выніку стварыць такія ўмовы, каб грошы беларусаў як мага менш сыходзілі за мяжу, а рост пакупніцкага попыту ішоў поплеч з пашырэннем выпуску канкурэнтаздольных айчынных тавараў — якасных, тэхналагічных і паспяховых не толькі ўнутры краіны, але і за яе межамі.

Аміна НАЗАРАВА

Фота з адкрытых крыніц

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю