Прыём дакументаў у мэтавікоў ВНУ Беларусі пачнуць 27 чэрвеня. Рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Андрэй Кароль расказаў, як ВНУ рыхтуецца прымаць гэтую катэгорыю абітурыентаў, паведамляе БелТА.
«Універсітэт гатовы да старту прыёму дакументаў ад мэтавікоў. У гэтым годзе мы маем рост колькасці мэтавых месцаў па плане. Мы гатовыя прыняць 163 мэтавіка супраць 113-ці ў мінулым годзе, назіраем павелічэнне практычна ў 1,5 разы. Таксама ў гэтым годзе істотна пашырана лінейка спецыяльнасцяў для тых, хто паступае па гэтай траекторыі — 42 спецыяльнасці супраць 31 у мінулым годзе. Таксама мы істотна павялічылі колькасць педагагічных спецыяльнасцяў па натуральных навуках, цяпер іх 13, летась было восем. Таму, вядома ж, мы рыхтуемся да прыёму мэтавікоў. Экзамены для іх у нас пройдуць 8 і 9 ліпеня, да 12 ліпеня адбудзецца працэс залічэння», — расказаў Андрэй Кароль.
Акрамя таго, у БДУ 24 чэрвеня пройдзе незвычайны Дзень адчыненых дзвярэй. «Мы ўпершыню праводзім такі ўнікальны Дзень адчыненых дзвярэй, куды запрашаем усіх абітурыентаў і бацькоў для таго, каб паказаць перавагі навучання ў БДУ менавіта па педагагічных спецыяльнасцях. Бо асноўным трэндам гэтай прыёмнай кампаніі стане некторый стрэс-тэст — значнае павелічэнне колькасці бюджэтных месцаў па педагагічных спецыяльнасцях сярод прыродазнаўчых навук. Для параўнання магу сказаць, што па фізіцы ў гэтым годзе выдзелена 50 месцаў, у мінулым годзе іх было 10, гэта значыць мы бачым павелічэнне ў пяць разоў. Па матэматыцы ў плане стаіць 50 месцаў прыёму, летась было 20. Па хіміі таксама назіраецца рост прыкладна ў 1,5 разы. Таму трэба будзе вельмі карпатлівая работа па наборы абітурыентаў. Мы вельмі цесна работаем з выпускнікамі педкласаў, але не абмяжоўваемся толькі імі», — праінфармаваў кіраўнік ВНУ.