Геаграфічнае становішча Беларусі, таксама структура эканомікі прымушае нас актыўна гандляваць. Экспарт забяспечвае ў значнай ступені наш дабрабыт. А ажыццяўляць яго без імпарту складана, а часам нават і немагчыма. Таму наша рэспубліка традыцыйна з’яўляецца прыхільнікам разбурэння бар’ераў у міжнародным гандлі і далучаецца да інтэграцыйных аб’яднанняў і ініцыятыў. Нам патрэбны знешнія рынкі, неабходна адкрываць і свае граніцы для чужых тавараў. Прынцып узаемнасці непазбежны. Але імпарту стала на нашых паліцах зашмат. Не, імпарт не з’яўляецца абсалютным злом. І справа тут не толькі ў якасці, цане і функцыянале нашых тавараў. Былі б ужо зусім непрыдатныя, іх бы не пастаўлялі ў больш за сто краін свету. У пэўнай ступені адбіваецца наша касмапалітычная культура спажывання, і таксама пэўны бытавы эканамічны нігілізм. Выгады ацэньваюцца ў моманце — тут і цяпер без увязкі невідавочных на першы погляд бенефіцый і страт эканомікі ў цэлым і ўплыву гэтых з’яў на асобна ўзятую дамашнюю гаспадарку.
Эканоміка — навука складаная і простая адначасова. Яна ўяўляе сабой надзвычай мудрагелістае па ўзоры павуцінне. Усё ў ёй узаемазвязана: пацягні лёгенька за адзін кончык, уся карцінка зменіцца. Так і ў эканоміцы дзейнічае амаль бясконцая колькасць узаемасувязяў. І іх наяўнасць трэба разумець. Прафесіяналы ж ламаюць галаву, акрамя ўсяго іншага, як гэтыя сувязі ўладкаваны ў падрабязнасцях, наколькі гнуткія і эластычныя, спрабуюць апісаць іх матэматычнымі мадэлямі.

І здаровы сэнс, і мадэлі паказваюць: унутраны рынак — адзін з самых выгадных каналаў збыту з пункту гледжання эканомікі ў цэлым. Каб выйсці на экспартныя рынкі, нават у самыя аддаленыя краіны, даводзіцца прыкладаць істотныя намаганні (у тым ліку фінансавыя): прасякаць сабе дарогу да спажыўца скрозь шчыльныя шэрагі канкурэнтаў; выбудоўваць лагістычныя ланцужкі, пераадольваючы розныя бар’еры, на якія сёння багаты сусветны гандаль ва ўсіх плоскасцях і разрэзах; вывучаць далёкія рынкі і іх спецыфіку. У кожнай краіне ў спажыўца свой набор капрызаў і плацёжаздольнасць для іх задавольвання.
Родныя сцены пазбаўляюць ад гэтых шматлікіх затрат і выдаткаў. Пакупнік — вось ён, побач, свой, родны. Трэба толькі яго ўважыць, спытаць, чаго ён жадае. Або пераканаць, што мясцовая прадукцыя — самая лепшая, якасная і валодае бясконцай колькасцю іншых эпітэтаў. Але, мабыць, самае галоўнае — упэўніць пакупніка ў тым, што, набываючы родны тавар, ён і нацыянальнай эканоміцы дапамагае, і свой дабрабыт паляпшае. Не тое, каб зусім напрамую, але праз ускосныя эканамічныя ўзаемасувязі.
Тут ужо пытанне не столькі выбару, колькі спажывецкай культуры. Калі наша шакаладка па цане, інгрэдыентах і смаку супастаўная з імпартнай, то, магчыма, больш выгадна прыгледзецца да сваёй. Няхай какава-бабы ў пераважнай большасці сусветныя вытворцы (і ў тым ліку беларускія) імпартуюць з паўтузіна краін Заходняй Афрыкі і Паўднёвай Амерыкі. Аднак цукар — беларускі, упакоўка — таксама. Цукровыя заводы і паліграфічныя камбінаты плацяць заробак сваім работнікам, фарміруючы плацёжаздольны попыт. А ён, у сваю чаргу, з’яўляецца крыніцай даходу шырокага спектра бізнесу. Больш за тое, цукровая галіна набывае сыравіну ў аграрыяў, а яны, зноў жа, з’яўляюцца спажыўцамі шырокага спектра прадукцыі: машынабудаўнічай, хімічнай (напрыклад, угнаенняў). Так, крок за крокам і фарміруецца ланцужок дабаўленай вартасці. І чым ён даўжэйшы, тым больш устойлівыя галіны і, ўвогуле, унутраны попыт. Каля 45 — 47 працэнтаў ВУП (валавога ўнутранага прадукту) ідзе на аплату працы. І гэтыя даходы фарміруюць попыт. У тым ліку і ў галінах, якія далёкія і ад сельскай гаспадаркі, і ад машынабудавання, і ад вытворчасці ўгнаенняў. Скажам, у тым жа сегменце паслуг: таксі, кавярні і гэтак далей.
Так уладкавана эканоміка. У ёй ніхто не можа быць цалкам незалежным у поўнай меры. Поспехі і прабуксоўкі адной галіны нязменна адбіваюцца на астатніх відах дзейнасці. Няхай не адразу, не імгненна.
Але ў гэтым і тоіцца падвох: імпульс ад змен у адным канцы павуціння адчуваецца на іншых праз пэўны часавы адрэзак. Нярэдка праз месяц-другі, часам — праз паўгода — год ці нават больш. Але ваганні адной струны абавязкова перададуцца ўсёй эканамічнай сістэме. І гэту аксіёму, на жаль, мы да канца не заўсёды адчуваем і разумеем. А яна ёсць. Пры куплі айчыннага прадукту нейкая частка ад заплачанай цаны вернецца нам у кішэню. Па такім прынцыпе пры пэўным спрашчэнні працуе сістэма кэш-бэку праграм лаяльнасці банкаў. Банкі і рытэйл дзеляцца нейкай доляй сваёй маржы з пакупніком. Так і ў макраэканоміцы, толькі ўзаемасувязі больш доўгія і разнастайныя.
Уладзімір ВАЛЧКОЎ