Паветраны і сухапутны складнікі ваенных сіл каля граніц Беларусі зменшыліся. Аб гэтым у эфіры тэлеканала СТБ заявіў камандуючы Ваенна-паветранымі сіламі і войскамі проціпаветранай абароны Андрэй Лук’яновіч, паведаміла БелТА.
«Мы рэальна назіраем, што значная колькасць кантынгентаў, як паветраных (колькасць самалётаў уздоўж нашых заходніх граніц), так і сухапутных, зменшылася. Мы выконваем задачы па баявым дзяжурстве, гэта значыць кругласутачна кантралюем паветраную прастору і фіксуем значнае зніжэнне колькасці палётаў як баявой авіяцыі, так і разведвальнай уздоўж нашых граніц. Можам з упэўненасцю сказаць, што абстаноўка цяпер стабільная, пагроз няма», — сказаў Андрэй Лук’яновіч.
Ён адзначыў, што па аператыўнай службе ёсць пастаяннае ўзаемадзеянне з Польшчай, Літвой і Латвіяй. «Мы рэгулярна апавяшчаем іх аб палётах, і яны нас папярэджваюць аб палётах у прыгранічнай паласе. Адсутнічала ўзаемадзеянне толькі з Латвіяй, але апошнім часам з імі адноўлены дыялог па аператыўнай службе. Мы прадаўжаем узаемадзеянне нашых ваенна-паветраных сіл», — праінфармаваў камандуючы.
Андрэй Лук’яновіч таксама адзначыў, што Ваенна-паветраныя сілы і войскі проціпаветранай абароны Беларусі развіваюцца комплексна. Размова ідзе і аб паступленні сучасных узораў узбраення, спецыяльнай ваеннай тэхнікі, і аб падрыхтоўцы кадраў. «Атрымаць тэхніку — толькі палавіна працэсу. Неабходна перавучыць кадры, падрыхтаваць інфраструктуру для выкарыстання гэтай авіяцыйнай тэхнікі. Таму нашы асноўныя аэрадромы рэгулярна праходзяць капітальны рамонт узлётна-пасадачнай паласы, стаянкі, месцаў захоўвання тэхнікі. Наша авіяцыя гатова выканаць пасадкі як на аэрадромныя ўчасткі дарог, так і на падрыхтаваныя пляцоўкі. Ваенна-транспартная авіяцыя гтова выконваць узлёты-пасадкі на грунтавой узлётна-пасадачнай паласе», — канстатаваў ён.
Беларускія лётчыкі, у тым ліку маладыя, цяпер удзельнічаюць у аператыўна-тактычным вучэнні з баявой стральбой на палігоне ў Расіі. Там яны будуць выконваць пускі кіруемых ракет «паветра-паветра» па паветраных цэлях. Акрамя таго, на бягучым тыдні беларускія пілоты на самалёце Іл-76 забяспечваюць вучэнне «Імклівы арол» на тэрыторыі Кітая.