Top.Mail.Ru

«Трэба варушыцца, трэба ўпірацца, трэба працаваць»

У Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі кіраўнік дзяржавы наведаў сельгаспрадпрыемства «Гавяды-агра»

У працяг вялікай камандзіроўкі ў Магілёўскую вобласць Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка наведаў ААТ «Гавяды-агра» Шклоўскага раёна, азнаёміўся з перспектывамі сельгаспрадпрыемства. Кіраўніку дзяржавы далажылі аб выкананні даручэнняў, зробленых ім пры міннулым наведванні гаспадаркі, а таксама аб далейшых перспектывах. Фінальным акордам стала як заўсёды шчырая размова з жыхарамі аднайменнага аграгарадка.



Гаспадарка «Гавяды-агра» — гэта яшчэ адзін пункт правядзення рэспубліканскага семінара аб сучасных падыходах да рэгіянальнага развіцця на прыкладзе Шклоўскага раёна. Нагадаем, у верасні бягучага года Прэзідэнт ужо наведваў гэтае сельгаспрадпрыемства. Прычым гэта быў фактычна незапланаваны і непадрыхтаваны прыезд. У гаспадарцы ў той дзень відавочна не чакалі беларускага лідара і навесці лоск, натуральна, не паспелі. Не ўсё з убачанага тады Аляксандру Лукашэнку спадабалася.

«Каб да 7 лістапада тут комплекс быў у ідэальным стане», — запатрабаваў тады кіраўнік дзяржавы. І, як і абяцаў, 7 лістапада зноў прыехаў сюды, каб на свае вочы пераканацца, што ўсе недахопы ліквідаваны.

«Выгадна, нявыгадна — мясам мы будзем займацца»

У ААТ «Гавяды-агра» кіраўнік дзяржавы перш за ўсё прыехаў на МТК «Чорнае», дзе яму падрабязна далажылі аб рабоце і фінансава-эканамічных паказчыках комплексу. Сёння тут утрымліваецца 1200 галоў буйной рагатай жывёлы.

«Усіх са святам. Думаю, нічога страшнага, калі папрацуем», — адразу па прыездзе адзначыў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся ў гаспадарцы, што цяпер з цэнамі на мяса, ці не стратны менавіта мясны кірунак у вытворчасці. Прэзідэнту далажылі, што рэнтабельнасць на малацэ вышэйшая — даходзіць да 80 %. А вось на мясе толькі да 5 %.


У гэтых лічбах, безумоўна, ёсць яшчэ і нюансы бухгалтарскага ўліку, бо можна па-рознаму адносіць тыя ці іншыя выдаткі ў гаспадарцы, але Аляксандр Лукашэнка арыентуе на галоўнае — каб не звялі на нішто развядзенне і адкорм мясных парод буйной рагатай жывёлы.

«Мяне цікавіць, ці выгадна займацца ў цэлым мясам. Рэнтабельнасць — гэта бухгалтэрыя, так? Бухгалтэрыя. А мяне тут хвалююць цэны: быка завёз на мясакамбінат — грошы атрымаў. Вось мяне што хвалюе, — акцэнтаваў кіраўнік дзяржавы. — І чаму раптам не выгадна?»

Прэзідэнту далажылі, што мясны кірунак, безумоўна, выгадны, калі ўсё арганізаваць па тэхналогіі і штодня атрымліваць высокія прывагі. Ёсць попыт на гэтую прадукцыю і за мяжой.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што мясным кірункам у краіне будуць працягваць займацца нягледзячы ні на што. «Я вам проста хачу сказаць, мужыкі: выгадна, нявыгадна — мясам мы будзем займацца. Таму што людзі хочуць не толькі малака і малочных прадуктаў, але мяса і мясных прадуктаў. І я бачу, што цяпер рана гаварыць пра тое, што трэба дзесьці скачкападобна падняць цэны на мяса. Па-першае, гэта недапушчальна і немагчыма. Гэта не наша палітыка ў адзін момант падняць цэны на ялавічыну, каб мы ахалі і вохкалі як ад даходу ад малака. Гэтага не будзе, — звярнуў увагу беларускі лідар. — Спачатку трэба выціснуць тэхналогію, якая адаб’ецца на прыбаўленні. Кілаграм прыбаўлення — пытанняў няма. А там бухгалтэрыя ў вас будзе: куды вы адносіце выдаткі на дагадоўванне цялушак, бычкоў, асемяненне — гэта ваша справа. Там таксама трэба з сабекоштам працаваць».

Аляксандр Лукашэнка заклікае зніжаць сабекошт і больш атрымліваць прыбытку. Тады, паводле яго слоў, у працэнтах будзе нармальная рэнтабельнасць. «Мы не можам увесь час падымаць цэны. Гэта ўсё кантралявана. Так, дзесьці будзе прырост. Але трэба забяспечыць рост зарплаты, каб людзі не крыўдзіліся», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.


Дарэчы, у частцы забеспячэння заработнай платы сітуацыя ў краіне цалкам спрыяльная, у адрозненне ад многіх іншых дзяржаў свету. Як паведаміў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрый Крутой, рэальны заробак у Беларусі за мінулы год вырас на 9 %, сёлета — на 7 %. «Лічы, 20 % за два гады. Ніводная краіна гэтага не мае, — заўважыў беларускі лідар. — Бунты ў Еўропе з-за гэтага».

«Я хачу паказаць вам, у якім кірунку трэба рухацца»

Кіраўнік дзяржавы таксама расказаў, чаму цяпер удзяляе такую пільную ўвагу развіццю Шклоўскага раёна і стварэнню на яго базе ўзору для іншых рэгіёнаў. Паводле яго слоў, прычына не ў тым, што гэты раён — яго малая радзіма. Але ён тут усё дэталёва ведае, а таму можа асабіста ацаніць і пракантраляваць тыя ці іншыя пераўтварэнні.

«Чаму ў Шклове? Таму што я ведаю тут усё, — заявіў Аляксандр Лукашэнка, падкрэсліўшы, што дзякуючы гэтаму яго тут ніхто не зможа падмануць. — Кожную ферму я не памятаю. Але я памятаю гэтыя гаспадаркі, і як Прэзідэнту мне гэтага дастаткова. Таму я хачу, каб людзі прыехалі, паглядзелі: «А, значыць, трэба так (рабіць і дзейнічаць далей. — „Зв.“)».

Больш за тое, Шклоўскі раён далёка не першы, развіццю якога Аляксандр Лукашэнка надаў увагу на прэзідэнцкай пасадзе. «Калі глыбока капнуць, я не з малой радзімы пачынаў. Я пачынаў з Палесся. І ў Астравецкім раёне, калі будавалі атамную станцыю, мы туды мільярды долараў увалілі. Паўднёвы ўсход Магілёўскай вобласці, Гомельская вобласць. А другі мой крок быў — гэта чарнобыльскія раёны, — пералічыў беларускі лідар. — І цяпер мы рэалізуем праграму не толькі ў Шклоўскім раёне, хоць гэта сапраўды асобная праграма, узор, як павінна быць. Едзь і глядзі. Вось так аб’ядноўвалі гаспадаркі. Вось так раз’ядноўвалі. Вось такія комплексы павінны быць. Усе землі павінны быць у севазвароце. Вось для чаго гэта трэба».


Выказаўся беларускі лідар і наконт былой мэблевай фабрыкі, якую ён наведваў у пятніцу. «Чаму я ўпёрся ў гэтую мэблевую фабрыку? Што, яна мне ўжо так на ўсю краіну праблема вялікая? Ды не. Трэба, каб старшыня райвыканкама прыехаў сюды разам са старшынёй аблвыканкама, сказаў: „Ведаеце, вось тут разбураная была старая мэблевая фабрыка, мы яе аднавілі“. Гэта адпавядае маёй палітыцы. Не трэба нічога губіць, не трэба нічога разбураць. Тым больш каркас гэтай мэблевай фабрыкі добры. Мы да розуму давядзем і будзе там да канца года выдатны завод, — канстатаваў кіраўнік дзяржавы. — Побач там яшчэ нейкія ў вас адрыны і іншае — гэта ўжо вы самі даводзьце да розуму. І глядзіце: прымушайце людзей варушыцца, каб яны (прыватнікі і іншыя) не дачаснікамі былі. Вось гэта для мяне галоўнае».

Прэзідэнт яшчэ раз падкрэсліў, што ўкладвацца ён пачынаў у чарнобыльскія раёны і Палессе. «Я адтуль пачынаў гэта. А сюды я ўжо, вось бачыце, прыйшоў пад канец свайго прэзідэнцкага жыцця. Вы будзеце працаваць. Вы, моладзь. І я хачу паказаць вам, у якім кірунку трэба рухацца. Калі вам не спадабаецца, я ўжо гаварыў, — рабіце па-свойму. Народ вам скажа або дзякуй, або плявацца пачне", — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

«Канцэптуальна, па-філасофску мы павінны ўскочыць на новую прыступку»

Кіраўнік дзяржавы падкрэслівае, што галоўнае — гэта вынік: «Вынік ёсць. Таму канцэптуальна, па-філасофску мы павінны ўскочыць на новую прыступку. Не 10 мільярдаў экспарт, а 20. Трэба да гэтага ісці».

Ён падкрэсліў, што ў свеце попыт на прадукты харчавання толькі расце. «Для нас — магчымасць. Вось і ўся філасофія, чаму я надаю столькі ўвагі сельскай гаспадарцы», — адзначыў Прэзідэнт.


Кіраўнік дзяржавы патлумачыў, чаму столькі ўвагу надае менавіта сельскай гаспадарцы. І справа тут не ў тым, што ён калісьці працаваў у сектары АПК і сам нарадзіўся і вырас у вёсцы. Паводле слоў беларускага лідара, аграпрамысловы комплекс — гэта вялізная, вельмі маштабная сфера, у якой трэба праводзіць своечасовыя пераўтварэнні, улічваць тэндэнцыі развіцця тэхнікі, тэхналогій, а таксама запыты насельніцтва, якія растуць. Таму, напрыклад, у краіне ідуць па шляху развіцця аграгарадкоў, дзе ёсць дастойная інфраструктура, створаны нармальныя ўмовы для жыцця. «Чаму я настойваю на тым, каб былі аграгарадкі? Гэта перспектыва развіцця», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што людзі сёння не будуць жыць у аддаленых хутарах. У лепшым выпадку — пабудуюць сабе там дачы. «І добра, і няхай яны на хутарах жывуць там, лецішчы будуюць. Самі па зямлі паходзяць і дзяцей хоць бы выпусцяць на зямельку гэтую, каб дурніца гэтая з галавы выйшла і яны адарваліся ад гэтых смартфонаў. А рабочыя людзі хочуць жыць, каб быў інтэрнэт, банкамат і гэтак далей. Усё павінна быць: і крамы, і цяпло — нармальныя ўмовы жыцця. Вось для гэтага патрэбныя аграгарадкі».

У той жа час на дадзены момант сацыяльная сфера абганяе па тэмпах прыросту вытворчую, звярнуў увагу Прэзідэнт. «Трэба, каб спецыялісты патрабавалі са сваіх падначаленых эфектыўную працу. Не таму, што я дыктую і дыктатар я тут. Так, мяне ж прымушае тэхналогія працаваць. Калі нармальная тэхналогія (выконваецца на вытворчасці. — „Зв.“ ), тады будзе і рэнтабельнасць. Вось уся філасофія ў сельскай гаспадарцы», — канстатаваў кіраўнік дзяржавы.

«Калі будзеш апускацца на зямлю, тады людзі цябе будуць шанаваць і будуць разумець»

У роўнай ступені гэта патрабаванне Прэзідэнта адносіцца і да сельгаспрадпрыемства «Гавяды-агра», куды прыехаў беларускі лідар.

Гэтым разам падрабязна абмяркоўвалася тэма кіравальнасці гаспадаркі, на якую Аляксандр Лукашэнка таксама звяртаў увагу падчас свайго папярэдняга візіту ў верасні гэтага года. Як далажыла памочнік Прэзідэнта — інспектар па Магілёўскай вобласці Надзея Каткавец, да гэтай гаспадаркі было далучана яшчэ чатыры сельгасарганізацыі, якія раней працавалі асобна адна ад адной. Пры гэтым на тэрыторыях далучаных некалі адасобленых гаспадарак не было начальнікаў участкаў, што вяло да страты кіравальнасці.

Высветлілася, што на гэтыя пасады так ніхто і не прызначаны, што выклікала справядлівую крытыку з боку Прэзідэнта. «Вельмі доўга падбіраеш. Гэта недапушчальна доўга. Заўтра трэба сеяць, а да пасяўной падрыхтаваць і насенне, і іншае. І чалавек каб у курсе быў. Таму трэба больш актыўна працаваць», — паставіў задачу кіраўнік дзяржавы перад кіраўніком «Гавяды-агра» Аляксеем Ладновым.


Аляксандр Лукашэнка не выключыў, што ў будучыні трэба будзе перагледзець структуру падзелу на вытворчыя ўчасткі і кіраванне імі. Бо плошчы велізарныя, і аднаму чалавеку справіцца з усім аб’ёмам задач на ўчастку, забяспечыць належны кантроль за працай людзей цяжка.

«Справа ў людзях. І ты хутка гэта адчуеш. Гэта велізарная гаспадарка. Ты кожны дзень усюды не пабываеш. Пачнецца пасяўная, ты забудзешся пра малочнатаварныя комплексы. А трэба прыехаць, паглядзець на людзей. Гэта я табе гавару як учарашні кіраўнік. Людзі цябе павінны бачыць, — арыентаваў Прэзідэнт дырэктара прадпрыемства. — Калі будзеш апускацца на зямлю, тады людзі цябе будуць шанаваць і будуць разумець. Я ў гэтым перакананы».

Закрануў беларускі лідар і такую важную тэму, як падзеж жывёлы, падкрэсліўшы, што гэта недапушчальна.

Прымаючы рашэнне аб аб’яднанні гаспадарак ці наадварот, трэба ісці ад жыцця, запатрабаваў Прэзідэнт: дзе ёсць неабходнасць і магчымасці — няхай будуць буйнатаварныя комплексы. Але і ад больш дробных нельга адмаўляцца.

«Каб была жалезная дысцыпліна. Гэта маё вельмі жорсткае патрабаванне»

Дэталёва абмяркоўвалася падчас дакладу Прэзідэнту фінансава-гаспадарчая дзейнасць прадпрыемства «Гавяды-агра», дзе выдаткі пакуль перавышаюць даходы. Намечаны план канкрэтных дзеянняў на перспектыву для фінансавага аздараўлення гаспадаркі і выхаду на эфектыўную работу. Каб яго рэалізаваць, патрэбна перш за ўсё вытворчая, тэхналагічная дысцыпліна, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка і запатрабаваў ад дырэктара сельгаспрадпрыемства патрабаваць з работнікаў яе няўхільнага выканання. А калі хтосьці не разумее, кіраўнік дзяржавы нагадаў пра вопыт накіравання нядбайных работнікаў у армію. «Каб была жалезная дысцыпліна. Гэта маё вельмі жорсткае патрабаванне, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Усіх сабраў — і наперад. Жалезабетонна. Там, дзе калектыў, патрэбна дысцыпліна. І нават не ў калектыве справа, а ў тэхналогіях».


На месцы кіраўніку дзяржавы дакладваў аб рабоце гаспадаркі не толькі дырэктар. Аляксандр Лукашэнка шмат размаўляў і з Аленай Марыуцэ, у якой пасля прыезду кіраўніка дзяржавы ў верасні гэтага года адбыліся істотныя змены ў кар’еры. Тады яна кіравала малочнатаварным комплексам (МТК) «Гавяды», а цяпер ужо трымала перад Прэзідэнтам адказ за ўсю гаспадарку на пасадзе намесніка дырэктара па жывёлагадоўлі.

Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з працай МТК «Чорнае». Тут нядаўна пабудавалі новы прафілакторый для цялят. «Вельмі добры хлеўчык. Тым больш гасспосабам пабудаваны. Малайцы», — ацаніў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнту далажылі, што цяпер з падзяжом у гаспадарцы ў цэлым праблем няма. Бачны парадак, жывёлы ўтрымліваюцца ў добрых умовах. «Вось як цяпер — павінна быць заўсёды. І патрабуй, нягледзячы ні на каго, — даручыў Аляксандр Лукашэнка. — Галоўнае, каб тут у цябе быў адказны чалавек. Усё залежыць ад чалавека, ад догляду. Парадак ёсць, дысцыпліна ёсць, чалавек робіць тое, што належыць па тэхналогіі, — будзе вынік».

«Вось прыклад таго, як горад сёння павінен дапамагаць сялу»

Прэзідэнт таксама наведаў МТК «Гавяды», куды прыязджаў у верасні. З пункту гледжання тэхналогіі ўтрымання жывёл і тады тут усё ў цэлым было нядрэнна, але на тэрыторыі не было парадку, а жывёлагадоўчыя памяшканні выглядалі вельмі «стомленымі». Як далажыла Алена Марыуцэ, за мінулыя два месяцы выкананы вялікі аб’ём работ. У тым ліку адрамантавана стойлавае абсталяванне, дах, замянілі вокны, абнавілі бетанаванне праходаў, не кажучы ўжо пра касметычны рамонт. Зараз на тэрыторыі МТК будуюць новы прафілакторый для цялят. З’явіўся і новы кормараздатчык, які абяцаў падарыць Аляксандр Лукашэнка.

У дапамогу для навядзення парадку прыцягвалі работнікаў гарадскіх прадпрыемстваў. «Вось прыклад таго, як горад сёння павінен дапамагаць сялу», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.


Тое, што даручаў і абяцаў Прэзідэнт, выканана. Цяпер на гэтым МТК і ў гаспадарцы ў цэлым трэба падтрымліваць цяперашні ўзровень і працаваць на больш высокі вынік. Аляксандр Лукашэнка таксама нагадаў аб галоўным падыходзе да падтрымкі сельскай гаспадаркі ў цэлым: дапамагаць толькі тым, хто дае аддачу.

Намеснік дырэктара па жывёлагадоўлі Алена Марыуцэ на развітанне ад усяго сэрца падзякавала кіраўніку дзяржавы за тую падтрымку, якую ён аказаў гаспадарцы. Яна падкрэсліла, што 18 верасня — дзень, які яна цяпер будзе заўжды помніць. У гэты дзень Прэзідэнт наведаў у першы раз гаспадарку. Акрамя таго, у гэты ж дзень у Алены Марыуцэ нарадзілася дачка. «Цяпер буду адзначаць двайное свята. Дзякуй вялікі і нізкі паклон», — звярнулася яна да кіраўніка дзяржавы.

Прэзідэнт запатрабаваў трымаць дысцыпліну, павялічваць удоі малака і не даводзіць комплекс да таго стану, у якім ён быў яшчэ зусім нядаўна. Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што іншыя сусветныя лідары ніколі так глыбока не ўнікаюць у праблемы тых ці іншых гаспадарак.

Кіраўнік дзяржавы заехаў і на мехдвор гаспадаркі, агледзеў майстэрні, дзе рамантуюць і абслугоўваюць тэхніку. «Ніякіх больш вам камбайнаў і трактароў (у выглядзе дзяржпадтрымкі. — „Зв.“ ) не будзе. Усё, што трэба, у вас ёсць. Думайце далей самі», — арыентаваў кіраўнік дзяржавы на самастойнае развіццё.

«Лепш працаваць, чым ваяваць»

Фінальным акордам чарговага працоўнага дня беларускага лідара ў Шклоўскім раёне стала шчырая размова з жыхарамі аграгарадка Гавяды. Кіраўнік дзяржавы падзяліўся ўражаннямі ад убачанага сёння: «Нядрэнная тэрыторыя. Землі тут самыя лепшыя ў Шклоўскім раёне. Таму я не мог дапусціць, каб тут было дрэнна. Як ва ўсім Шклоўскім раёне, гэта землі адны з самых лепшых. Ну, можа, там дзесьці вакол Гродна ў нас нядрэнныя глебы, а тут добрыя землі. Але аддачы недастаткова было. Таму яшчэ раз зрабілі крок буйны. Падключылі жыхароў Магілёва, пяць прадпрыемстваў (да рэканструкцыі шэрагу аб’ектаў. — „Зв.“). Яны прыехалі, дапамаглі навесці парадак. Зрабілі добрую справу. Мы ў даўгу перад імі не застанемся».

Цяпер справа за самімі вяскоўцамі. Неабходная аддача ад укладзеных сродкаў. «Гэта ваша жыццё. Гэта ваша праца. Гэта ваша зарплата. І не думайце, што вы кудысьці ўцячэце, і дзесьці ў горадзе вас чакаюць. Усё. Як у нас казалі ў вёсцы, дурніца скончылася. Проста так перамяшчэння ўжо няма. Трэба, каб урач, настаўнік і іншыя працавалі на месцах. Тут жа людзі жывуць. Тут дзеці, іх трэба вучыць, глядзець і гэтак далей. Але для таго, каб настаўнік, урач не імкнуўся кудысьці з’ехаць, трэба стварыць нармальныя ўмовы», — перакананы беларускі лідар.

Што датычыцца аграгарадка Гавяды, тут створаны ўсе ўмовы для таго, каб людзі маглі жыць, працаваць і зарабляць. Без сумненняў, многае было зроблена пры дапамозе дзяржавы. Прэзідэнт падкрэсліў, што больш не паедзе сюды «парадак наводзіць або грошы выдзяляць». «Мы зрабілі ўсё для таго, каб вы тут упіраліся і працавалі, — акцэнтаваў увагу кіраўнік дзяржавы. — Разумейце, як хочаце. Кажуць, Беларусь маленькая. Яна велізарная. І ўсюды чакаюць падтрымкі Прэзідэнта. Таму вы, вядома, мне родныя людзі, я тут жыў і працаваў... Але не менш роднымі мне сталі палешукі, у Гродзенскай вобласці людзі на самым крайнім захадзе, у Гомельскай вобласці, якая лічылася Чарнобыльскім краем ці паўднёвы ўсход Магілёўскай вобласці. Вы ведаеце, праграма ёсць па развіцці Палесся. Віцебская вобласць — нядаўна я там палётаў, пабываў, паглядзеў. Там жа таксама нешта трэба рабіць. Прынята рашэнне, якім шляхам будзем рухацца. Ну і ў вас таксама. Таму вы павінны разумець, што краіна вялікая, і лепш працаваць, чым ваяваць».

Таму, заклікае Аляксандр Лукашэнка: «Упірайцеся, пачынайце працаваць. Вашаму кіраўніку карт-бланш на ўсё. Ён сёння разумее, што для яго зроблена ўсё неабходнае. Трэба рухацца наперад. Мы не пацерпім больш расхлябанасці, таму што гэта выліваецца ў вялікія грошы, у страты».

«Прывучайце сваіх дзяцей да працы»

Кіраўнік дзяржавы таксама звярнуў увагу на неабходнасць правядзення добраўпарадкавання як у гаспадарцы, так і ў аднайменным населеным пункце. «Трэба паціху-паціху аднаўляць усё. У асноўным людзі павінны аднавіць свае вуліцы, дамы, абкасіць, падкасіць усё. Старыя гэтыя канторы, клубы — іх таксама трэба прывесці ў парадак, — арыентуе беларускі лідар. — Калі хтосьці не хоча працаваць, хоць людзей прыстойная колькасць тут, але бывае, не хочуць працаваць, — мы ў арміі чакаем іх. Нам трэба капаць зямлянкі, будаваць там, палаткі... Пажывуць пару месяцаў — залатыя людзі (становяцца такімі пасля вяртання. — „Зв.“). І ў вас ёсць такія. Таму вы не крыўдуйце. Я вам так па-вясковаму, па-старому, як землякам сваім гавару».


Аляксандр Лукашэнка заклікае суайчыннікаў працаваць на зямлі і прывучаць да гэтага дзяцей, садзіць градкі, каб забяспечыць саміх сябе «баршчовым наборам». «Я працую, ведаеце, ужо доўга Прэзідэнтам. Жыву ў вёсцы, я не прыжыўся ў горадзе, не магу ў горадзе жыць. Таму глядзіце, каб вашы дзеці былі здаровыя. Каб здаровымі быць, яны павінны на зямлі працаваць. Калі яны будуць басанож хадзіць, ды яшчэ рукамі зямельку гэтую перабіраць два разы на год: пасадзіць, а потым сабраць, — гэта будзе нядрэнна. Паверце, гэта вашым дзецям трэба будзе, — перакананы Прэзідэнт. — Наводзьце парадак у сваіх вёсках».

Беларускі лідар падкрэсліў, што з боку дзяржавы робіцца вельмі многае для павышэння якасці жыцця людзей. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што калісьці ў Савецкім Саюзе папяровых грошай не было — у магазінах выкарыстоўвалася талонная сістэма. Звярнуў увагу Прэзідэнт і на тое, што калісьці абяцаў людзям сярэдні заробак у 500 долараў, а сёння ён ужо значна вышэйшы.

«Усё, да мяне з заробкам не хадзіце. Мы ствараем умовы. Як? Мы даём вам вуду — ідзіце лавіце рыбу, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Рыбу ніхто не дасць, і гэта шкодна, калі пачынаем даваць рыбу. Вось мы надавалі рыбы сельскай гаспадарцы, а сёння думаем: слухай, раздаваць грошы — гэта няправільна. Мы пераходзім да таго, каб будаваць нешта дапамагаць вам. У крэдыт бераце, пабудавалі кароўнічак, карову паставілі, малако прадаеце і вярніце гэтыя грошы. З неба нічога не падае. Нават у часы пандэміі, калі было няпроста, я вам сказаў, што верталётных грошай не будзе. Трэба па-сялянску, па-гаспадарску акуратна працаваць. Ёсць чым займацца. Школы трэба ўтрымліваць, дзіцячыя садкі...»

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што сёння ва ўсёй Еўропе праходзяць акцыі пратэстаў. «З чаго пачалося ў Францыі, багатай ядзернай краіне? Настаўнікам перасталі плаціць зарплату. Палякі і літоўцы, у іх ужо папераджальныя пайшлі гэтыя бунты і забастоўкі. У 8 разоў танней нафту і газ атрымлівалі з Усходу. Не трэба было — возьмем у Амерыцы. Вазьміце — у 8 разоў даражэй», — расказаў кіраўнік дзяржавы пра цэны на нафту і газ на Захадзе.

«Я вам па-вясковаму гавару: нам людзі патрэбныя»

Прэзідэнт таксама паведаміў, што трэба рабіць, каб пазбегнуць любых праблем: «Трэба варушыцца, трэба ўпірацца, трэба працаваць. Без працы толку не будзе. Ну вы разумееце, пра што я гавару. Але трэба, каб вы дзяцей да гэтага прывучылі. Сядзець і тыцкаць у гэты тэлефон і думаць, што бульба і яблыкі вырастуць у айфоне, у гэтым тэлефоне... Гэта вялікая справа, гэта вялікая дапамога для чалавека — інтэрнэт, тэлефон. Але ў зямлі ўсё роўна корпацца трэба. І карову трэба даіць, каб было малако».


Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу і на дэмаграфічную сітуацыю ў свеце. «Насельніцтва ўсё менш і менш. І ў Еўропе, і ў нас усё менш становіцца. Жанчыны не хочуць нараджаць. Ну, што рабіць, мы ж іх не прымусім. Хоць ужо і на першага дзіця плацім, і за другога плацім. Тры дзіцяці — гэта наогул у нас сёння няма чаргі (на жыллё — „Зв.“) для шматдзетных. Калі такое было? Нават я паабяцаў, што трэцяе — гэта маё, і я буду глядзець за трэцім дзіцем, дапамагаць. Я выконваю свае абавязацельствы. Ну, вы варушыце сваіх мужыкоў, каб траіх... Таму я вам па-вясковаму гавару: нам людзі патрэбныя».

«Мы сваё адваявалі. А ліміт на рэвалюцыі ў нас скончыўся даўно»

У ходзе размовы з мясцовымі людзьмі кіраўніка дзяржавы павіншавалі з Днём Кастрычніцкай рэвалюцыі маленькія жыхары аграгарадка. Прэзідэнт выказаўся пра сваё стаўленне да гэтага свята. «Я не прыхільнік рэвалюцый, і як гісторык я не хачу, каб гэта паўтарылася ў нас», — заўважыў ён.

Тым не менш Аляксандр Лукашэнка захаваў гэтае свята хаця б таму, што яшчэ жывыя многія прадстаўнікі старэйшага пакалення, для якіх гэта была і ёсць вельмі значная дата. «Але рэвалюцый нам ужо не трэба. Пасля рэвалюцый загінулі мільёны людзей», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Ён звярнуў увагу, што калі ў Вялікую Айчынную ваявалі супраць фашысцкіх захопнікаў, то ў грамадзянскую вайну пасля рэвалюцыі забівалі адзін аднаго. «Нам гэта не трэба», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка разам з тым адзначыў і пазітыўныя бакі. Так, у выніку рэвалюцыі беларускія землі атрымалі шанц на незалежнасць: «Наступствы Вялікага Кастрычніка былі для Беларусі нядрэннымі. Там пачала зараджацца наша краіна, наш суверэнітэт, наша незалежнасць. Паступова. У 1921 годзе нас падзялілі — Заходняя Беларусь і Заходняя Украіна адышлі да Польшчы. Гэта мы ўсё ведаем, гэта ўсё было. Але паціху, крок за крокам зараджалася незалежнасць нашай краіны».

«Але галоўнае — гэта тое, што я не хачу старым наступаць на балючыя месцы. Пакуль людзі гатовыя яго святкаваць. І не ўсё дрэнна было пасля Кастрычніка. Вайну спынілі тады. Калектывізацыя, індустрыялізацыя і іншае — паднялі сельскую гаспадарку, прамысловасць. Нямала зрабілі. Тысячы і тысячы заводаў пабудавалі. Але былі і дрэнныя старонкі, — канстатаваў беларускі лідар. — Урокі я для сябе здабыў як Прэзідэнт. Вы іх памятаеце. Таму мы не дапусцім усяго дрэннага, каб гэта негатыўна паўплывала на нашых людзей».

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў 2020 годзе ў Беларусі была зроблена спроба перавярнуць краіну, зладзіць свайго роду рэвалюцыю. «Але мы гэтага не дапусцілі. І гэта наша выратаванне. А то сядзелі б у акопах і ваявалі. Мы сваё адваявалі. А ліміт на рэвалюцыі ў нас скончыўся даўно», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

«Заўсёды было справядліва. Гэта мой лозунг»

Адзін з мясцовых жыхароў — Віталь Елісеенка — працуе начальнікам службы аховы. У свой час ён праходзіў службу ў пагранічных войсках — там жа, дзе калісьці служыў Прэзідэнт. «Я як ваенны чалавек ведаю цану дружбы і цану міру. Таму хацеў бы вам падзякаваць за мірнае неба над галавой», — звярнуўся да беларускага лідара ён.

«Мы як ваенныя людзі сапраўды (ты правільна сказаў) ведаем цану міру. Мы, ваенныя людзі, рыхтуемся ваяваць заўсёды. Але мы больш за ўсё не хочам, каб была вайна. Таму што мы загінем першымі, а хацелася б жыць. І мы ведаем, як гінулі людзі тады і як цяпер. Таму мы не хочам ваяваць», — адказаў кіраўнік дзяржавы.

Віталь Елісеенка пацікавіўся, ці ёсць сапраўдныя сябры ў Прэзідэнта. «У Прэзідэнта наўрад ці ёсць сябры. Ёсць знаёмыя людзі, якія нямала для мяне зрабілі. Я гэта памятаю. Можа, у нейкага Прэзідэнта і сябры. Я пра сябе гавару. Ведаеце, сябры з часам пачынаюць ад цябе шмат патрабаваць. Быццам бы сябры і іншае... Вось, ты павінен яму там нешта зрабіць за кошт іншых. І гэта даходзіць да карупцыі, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. — Вы ведаеце — для мяне гэта непрымальна. Таму сяброў у мяне, напэўна, няма. Ёсць добрыя людзі, з якімі я магу пагутарыць, пагаварыць і гэтак далей. Але заўсёды памятаю, што я — Прэзідэнт. І для ўсіх я павінен быць не тое што аднолькавы — аднолькавы я не бываю... Я вельмі люблю людзей, якія працуюць, працаўнікоў».

Аляксандр Лукашэнка таксама расказаў, што справядлівасць — яго галоўны лозунг. Ён успомніў, як днямі ў аграгарадку Гарадзец у Шклоўскім раёне размаўляў з людзьмі, з многімі з якіх раней працаваў у сельскай гаспадарцы: «Жорсткія былі дысцыпліна і патрабаванні. Але заўсёды было справядліва. Гэта мой лозунг. Трэба зрабіць так, каб чалавек, нават у турму патрапіўшы, разумеў, што справядліва, сам вінаваты. Таму ў аснове павінна быць справядлівасць. І ў нас, усходніх славян, цяпер вельмі жорсткі запыт на справядлівасць. Людзі хочуць справядлівасці. У Заходняй Еўропе, я ведаю гэтых людзей, — у іх па-іншаму крыху. А нашы людзі ніколі не пацерпяць несправядлівасці».

Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што некаторыя ў асяроддзі чалавека, які становіцца Прэзідэнтам і атрымлівае ўладу, сапраўды могуць думаць, што цяпер ён ім чымсьці абавязаны, павінен праўдамі і няпраўдамі дапамагчы. «Гэта не праблема — дапамагчы. Але трэба разумець, што цябе бачыць маса людзей. І ўсе хочуць дапамогі», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Вяртаючыся да пытання аб сваіх сябрах, кіраўнік дзяржавы сказаў: «Цяжка нават сказаць, што гэта за людзі павінны быць. Ну, можа, сыны, якія ніколі табе не здрадзяць і якія зробяць так, як ты патрабуеш і як скажаш. Прынамсі, пра маіх сыноў не бачылі і не чулі, што яны ў кагосьці нешта адабралі і кудысьці не туды паклалі. Ці вас абабралі. Усюды так: прыйшоў да ўлады, значыць, і сябры, і сваякі, родныя — усе павінны быць багатымі. Гэта не да мяне. Я вырас, як і ўсе вы, у бядноце гэтай. Зусім недалёка. І я ведаю, што такое жыццё простага чалавека. Таму я стараюся дапамагчы».

Аляксандр Лукашэнка звярнуўся і да тэмы рэлігіі, адзначыўшы, што людзям з вялікай уладай нялішне памятаць пра гэта. «Усё ж у асноўным вернікі. Калі так, то Ён (Гасподзь. — „Зв.“) бачыць, хто чым займаецца. Гэта таксама трэба мець на ўвазе. Нам, людзям з вялікай уладай, патрэбны Ён, каб спытаў. Але каб з мяне не спытаў так, як з іншых, я стараюся быць справядлівым», — падкрэсліў Прэзідэнт.

«Перакананы, што жанчына — гэта аснова ўсяго»

Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Гавядскай сярэдняй школы Галіна Юрасава падзякавала кіраўніку дзяржавы за тую ўвагу і падтрымку, якую аказвае Прэзідэнт прыгожай палове чалавецтва. Яна таксама падзякавала беларускаму лідару за тое, што 2026-ы абвешчаны Годам беларускай жанчыны. У сувязі з гэтым Галіна Юрасава зачытала тэматычны верш уласнага сачынення, пасля чаго падзякавала Прэзідэнту за тое, што сёння простыя жанчыны могуць рэалізаваць сябе ва ўсіх сферах.

Кіраўнік дзяржавы ацаніў верш і прапанаваў надрукаваць яго ў раённай ці нават у рэспубліканскай прэсе, падкрэсліўшы, што калісьці сам спрабаваў пісаць вершы. «Добры верш. Так ужо нават песнаплёты нашы не пішуць», — даў станоўчую ацэнку ён.

«Перакананы, што жанчына — гэта аснова ўсяго», — рэзюмаваў беларускі лідар.

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Фота БелТА

Шклоўскі раён


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю