Палітычны раскол ужо не першы год «кроіць» Польшчу. Да парламенцкіх выбараў засталося менш як год, але ніводная з палітычных сіл не здольная дабіцца большасці. Як паказваюць апытанні, супрацьстаянне лібералаў і правых рызыкуе перарасці ў палітычную анархію. Рэйтынгі ключавых партый — кіруючай «Грамадзянскай платформы» і апазіцыйнай «Права і справядлівасць» — знаходзяцца на гістарычна нізкіх рэйтынгах. Нядаўні крызіс вакол Канстытуцыйнага трыбунала прывёў абывацеляў у пэўную прастрацыю. Баталіі эліт пачалі надакучаць грамадству, якое чакае ад палітыкаў вырашэння канкрэтных праблем, а не вечнага супрацьстаяння.
Парламенцкія выбары адбудуцца ў Польшчы толькі ў кастрычніку наступнага года. Але палітычныя сілы паступова пачынаюць падрыхтоўку да гэтай значнай падзеі. А вось людзей вечны палітычны крызіс пачынае стамляць. Згодна з апошнімі даследаваннямі польскага агенцтва ІBRіS, толькі 59 % выбаршчыкаў маюць намер прыйсці на перадвыбарчыя ўчасткі, а 41 % плануе застацца дома. На мінулых парламенцкіх выбарах у 2023 годзе яўка склала 74 %.
Прычыны дрэннага настрою электарату вытлумачальныя. Польшча ўсё глыбей апускаецца ў даўгавы і бюджэтны крызіс. Грошай у казне на выкананне сацыяльных абавязацельстваў катастрафічна не хапае, таму зніжаюцца выдаткі на ахову здароўя, адукацыю. Напрыклад, на зімовы семестр Сілезскі ўніверсітэт у Катавіцэ знізіў стыпендыі больш, чым у два разы. Прычына — скарачэнне бюджэтных датацый. Паралельна разгараецца энергетычны крызіс: даражэюць усе віды пячнога паліва, жыллёва-камунальныя паслугі, бензін. У мінулыя гады падобныя праблемы ўрад у Варшаве заліваў субсідыямі, але сёння бюджэт не вытрымлівае нагрузкі. Па дынаміцы росту дзяржаўнага доўгу Польшча займае першае месца ў Еўропе, якая, у цэлым, грашыць неймавернымі запазычаннямі. Таму відавочна, што гэты эканамічны крызіс усім сваім цяжарам ляжа на плечы грамадзян. Між тым палітычныя эліты замест вырашэння надзённых праблем выбаршчыкаў займаюцца перадзелам улады.
Зусім неадназначна ўспрынялі ў краіне апошні канстытуцыйны крызіс. З аднаго боку, прэзідэнта Караля Наўроцкага і, адпаведна, пазіцыю кангламерату правых партый на чале з «Правам і справядлівасцю» падтрымліваюць 28,7 % рэспандэнтаў, у той час як іх візаві на чале з «Грамадзянскай платформай» прэм’ера Дональда Туска — 26,6 %. Розніца знаходзіцца ў межах матэматычнай хібнасці, і можна сцвярджаць, што ні ў аднаго з бакоў няма перавагі ў вачах простых палякаў.
З другога боку, 38,6 % удзельнікаў апытання заявілі, што ні адзін з бакоў не мае рацыі, прычым сярод людзей ва ўзросце ад 18 да 29 гадоў гэты паказчык роўны 64 %, а сярод рэспандэнтаў ад 30 да 39 гадоў такіх і зусім 72 %. Гэта значыць, моладзь і людзі сярэдняга ўзросту, мякка кажучы, далёка не ў захапленні ад зладжанай палітыкамі бойкі за права прызначаць суддзяў Канстытуцыйнага трыбунала.
Электаральныя апытанні ІBRіS паказваюць: 29 % грамадзян, калі б выбары адбываліся заўтра, аддалі б свой голас за «Грамадзянскую платформу» Дональда Туска. Апазіцыйная партыя Яраслава Качыньскага «Права і справядлівасць» набрала б толькі 16,5 % галасоў. Гэта адзін з самых нізкіх рэйтынгаў партыі за ўсю гісторыю даследаванняў ІBRіS. Такім чынам, ні адна з палітычных сіл не валодае ў Польшчы нават уяўнай большасцю.
Дзеля справядлівасці трэба адзначыць: страта даверу да палітыкаў адбылася далёка не ўчора. На папярэдніх выбарах «Грамадзянская платформа» і «Права і справядлівасць» вялі барацьбу ў кааліцыях — ліберальнай і правай адпаведна. Нягледзячы на чысты пройгрыш у індывідуальным заліку, у камандным, як паказваюць апытанні і эксперты, у правых ёсць шанц на выйгрыш, але з вельмі мінімальнай перавагай. Акрамя ўсяго іншага, кааліцыйныя аб’яднанні вельмі гнуткія і няўстойлівыя.
І патэнцыяльна кожная партыя з аб’яднанняў можа прэтэндаваць на самастойную ролю, калі для гэтага будуць магчымасці. На жаль, палітычны раскол у суседняй краіне рызыкуе ператварыцца ў анархію. Выбаршчыкі пачынаюць ужо блытацца ў парадку дня. Тым больш што ні адна палітычная сіла не прапануе выразных і рэалістычных рашэнняў ключавой грамадскай праблемы — вывядзення эканомікі з крызісу.
Уладзімір ВАЛЧКОЎ