Top.Mail.Ru

Павялічваецца колькасць пажараў, на якіх гінуць людзі

На нетыповы для гэтай пары ўсплёск пажараў у жылым фондзе, безумоўна, паўплывала зусім не майскае надвор’е

Людзі працягваюць паліць у печы, каб сагрэцца, выкарыстоўваюць электраабагравальнікі. Пры гэтым грэбуюць элементарнымі правіламі бяспекі і эксплуатацыі электрычных прыбораў. Не абыходзіцца і без аматараў шкодных звычак, якія, будучы, як правіла, у нецвярозым стане, кураць у хаце, — менавіта такая катэгорыя ў асноўным і папаўняе трагічную статыстыку.

Цыгарэта-забойца

Як паведаміў афіцыйны прадстаўнік Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Яўген БАРАНОЎСКІ, на пагаршэнне сітуацыі паўплывала халоднае надвор’е: «Людзі пачынаюць грэцца, што павышае рызыку ўзнікнення пажараў. Грамадзянам трэба быць больш уважлівымі да гэтай праблемы. Пры выкарыстанні печаў і цеплагенерыруючых прылад, электраабсталявання 

выконваць правілы бяспекі, эксплуатацыі. Катэгарычна забараняецца курыць у памяшканні, асабліва ў стане алкагольнага ап’янення».

На пажары ў ноч на 13 мая ў Баранавічах загінулі тры чалавекі. Трагедыя адбылася ў прыватным сектары. Па прыбыцці на месца здарэння ратавальнікі вынеслі з хаты гаспадыню і яе дачку, якія знаходзіліся ў беспрытомным стане. Пасля правядзення рэанімацыйных мерапрыемстваў медыкі канстатавалі смерць жанчын. Таксама супрацоўнікі МНС знайшлі ў хаце загінулага мужчыну. Па папярэдняй версіі, да няшчаснага выпадку магло прывесці неасцярожнае абыходжанне з агнём пры курэнні.

Мяркуецца, што менавіта па гэтай прычыне ўспыхнуў пажар і ў Маладзечанскім раёне. У дадзеным выпадку, на шчасце, абышлося без ахвяр. Падраздзяленні МНС, якія прыбылі да месца выкліку, выявілі дым з акна кватэры на другім паверсе. На балконе знаходзіўся чалавек. Пры дапамозе ратавальнага капюшона супрацоўнікі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях вывелі сына гаспадыні кватэры 1990 года нараджэння. Да прыбыцця ратавальнікаў сусед пацярпелых выратаваў з палаючай кватэры яго маці. Жанчыну шпіталізавалі. У выніку пажару агнём знішчана маёмасць у пакоі, закураны сцены і рэчы па ўсёй плошчы кватэры

Дзякуючы пільнасці суседзяў быў выратаваны мужчына і на пажары ў Чэрвеньскім раёне. Не чакаючы прыезду пажарнай службы, суседзі кінуліся на дапамогу. Калі прыехалі ратавальнікі, дом ужо быў ахоплены полымем.

Толькі ў Мінскай вобласці з пачатку года ад гэтай згубнай звычкі, якая прывяла да ўзгарання, загінулі 32 чалавекі. У прыватнасці, трагічны выпадак у пачатку красавіка здарыўся ў Слуцкім раёне. У доме, дзе адбыўся пажар, пражываў беспрацоўны грамадзянін. Яго жонка таксама нідзе не працавала. Абое загінулі на пажары: іх моцна абгарэлыя целы ратавальнікі дасталі з-пад завалаў. Па папярэдняй версіі, да трагедыі прывяло неасцярожнае абыходжанне з агнём пры курэнні.

Супрацоўнікі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях нагадваюць, што курыць варта ў строга адведзеных месцах. Тушыць недакуркі трэба ў попельніцы ці бляшанцы, напоўненай вадой. Катэгарычна забараняецца кідаць непатушаныя цыгарэты з балконаў ці лоджый, на падлогу, у ніжнія пралёты лесвічнай клеткі ці шахту ліфта. І нарэшце, забудзьцеся аб курэнні ў ложку: гэта нічым добрым не заканчваецца.

Сігнал бяды

Больш за палову пажараў з гібеллю адбываецца, калі чалавек спіць. Пажар небяспечны найперш высокай тэмпературай і моцным задымленнем. Дым змяшчае вялікі пералік таксічных рэчываў, якія шкодныя і могуць прывесці да смерці на працягу некалькіх хвілін.

Своечасова з прыкметамі атручэння чадным газам ва ўстанову аховы здароўя звярнулася сям’я са Стаўбцоўскага раёна. Як высветлілася, раніцай перад прыездам унукаў з Мінска гаспадыня хаты растапіла ў печы. Вечарам адна з дзяўчынак паскардзілася на дрэннае самаадчуванне — бацькі выклікалі хуткую дапамогу. Усе дзеці былі шпіталізаваны. На наступны дзень іх выпісалі дахаты. Прычынай няшчаснага выпадку стала дачаснае закрыццё засланкі печы.

Своечасова выявіць узгаранне, а, адпаведна, пазбегнуць матэрыяльнай шкоды, траўміравання і гібелі можна і трэба, устанавіўшы ў кватэры ці доме аўтаномны пажарны апавяшчальнік. Такіх прыкладаў, калі гэта невялікая і танная прылада выратавала жыццё, дастаткова. Днямі аб пажары ў суседняй кватэры мужчына даведаўся менавіта дзякуючы сігналу аўтаномнага пажарнага апавяшчальніка. На паведамленне аб пажары ў шматкватэрным жылым доме па вуліцы Янкі Купалы ў Брэсце аператыўна выехалі ратавальнікі. Прыбыўшы на месца выкліку, супрацоўнікі МНС у кватэры на другім паверсе пяціпавярховага дома выявілі нязначнае задымленне. Высветлілася, што да прыбыцця ратавальнікаў мужчына, які пражывае на чацвёртым паверсе дома, дапамог пенсіянерцы. Адчуўшы пах дыму ў сваёй кватэры, ён выйшаў у пад’езд, дзе пачуў гук аўтаномнага пажарнага апавяшчальніка, які даносіўся з кватэры на другім паверсе. Мужчына зайшоў унутр і выратаваў з задымленага пакоя гаспадыню. Самастойна справіўся з узгараннем. Пенсіянерку 1941 года нараджэння шпіталізавалі. Агонь пашкодзіў маёмасць, у пакоі закураны сцены і столь.

Рызыка ад электрапрыбораў

Парушэнне правіл эксплуатацыі электрасетак і электраабсталявання таксама пагражае трагічнымі наступствамі. Напрыклад, ад фельчара хуткай медыцынскай дапамогі Мінскага раёна ратавальнікам паступіла паведамленне аб тым, што па канкрэтным адрасе знойдзены загінулы мужчына. 

У пакоі, дзе яго знайшлі, прысутнічалі сляды гарэння. Праведзеная экспертыза паказала: пажар узнік з-за парушэння правіл эксплуатацыі электрасетак і электраабсталявання.

«Многія нашы грамадзяне — аматары засынаць пад прагляд тэлевізара, — звяртае ўвагу начальнік сектара інфармацыі і грамадскіх сувязяў Мінскага абласнога ўпраўлення МНС Алена НЕМАГАЙ. — Некаторыя, адыходзячы з дому, пакідаюць тэлевізар „у рэжыме чакання“ або ўключаны на падзарадку тэлефон. Грамадзяне не бачаць нічога страшнага ў тым, што ненадоўга выходзяць з дому ў той час, калі працуе пральная машына. Усё гэта павялічвае рызыку ўзнікнення пажару».

Верагоднасць узнікнення пажару, па словах начальніка сектара інфармацыі і грамадскіх сувязяў Мінскага абласнога ўпраўлення МНС, залежыць яшчэ і ад іншага не менш важнага фактару — стану электрасеткі. «Апошнім часам нагрузкі на электрасетку ў жылым сектары моцна павялічыліся, — канстатуе Алена Немагай. — З-за вялікай нагрузкі ў сетцы ўзнікае так званы аварыйны рэжым работы. У гэты час дастаткова будзе дрэннага кантакту ў разетцы або апараце, які падключаны да сеткі ў вашай кватэры, каб заіскрыла. У асенне-зімні перыяд да гэтага дадаюцца абагравальнікі. Пры перагрузцы аўтаматы засцярогі адключаюць электрычнасць, калі такія адсутнічаюць — рызыка пажару значна ўзрастае»

Каб не трапіць у непрыемную сітуацыю або не стаць ахвярай чарговага няшчаснага выпадку, ратавальнікі настойліва рэкамендуюць, выходзячы з дому, заўсёды выключаць усе электрапрыборы, якія могуць прывесці да ўзнікнення пажару. Пазбягайце перагрузкі электрасеткі, не ўключайце некалькі магутных спажыўцоў энергіі адначасова. Сачыце, каб электрычныя сеткавыя фільтры ці падаўжальнікі не былі прыціснуты прадметамі мэблі і выкарыстоўваліся па прызначэнні. Карыстайцеся электрапрыборамі, выконваючы правілы бяспекі, пазначаныя ў заводскай інструкцыі, своечасова рамантуйце іх (пры гэтым рамонт давярайце толькі спецыялістам). Калі электрапрыбор загарэўся, варта абясточыць яго ці жыллё, і толькі тады прыступаць да тушэння, выкарыстоўваючы шчыльную тканіну, пясок, пральны парашок, соль ці нават крупы.

Фота прэс-службы Мінскага абласнога ўпраўлення МНС

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю