У БДУ Ніна Фральцова працавала з 1975 года. Уваходзіла ў штат выкладчыкаў кафедраў тэлебачання і радыёвяшчання, тэхналогій камунікацыі, тэорыі і метадалогіі журналістыкі. Пачынаючы з 2019 года і практычна да самага апошняга дня, працавала прафесарам кафедры медыялогіі. На працягу доўгіх гадоў вяла дысцыпліны «Тэорыя журналістыкі», «Тэорыя і практыка журналістыкі», «Тэорыя медыя», «Тэорыя медыя і масавых камунікацый».
Ніну Ціханаўну ведаюць і як аўтара, вядучую праграм, прысвечаных кінематографу і творчасці кінематаграфістаў, якія выходзілі на беларускім тэлебачанні. Прафесар уваходзіла ў Беларускі саюз кінематаграфістаў.
Паралельна з навукова-выкладчыцкай дзейнасцю Ніна Фральцова працавала саветнікам па кінематографе міністра культуры, памочнікам генеральнага дырэктара кінастудыі «Беларусьфільм» па творчых пытаннях, пэўны час выконвала абавязкі галоўнага рэдактара кінастудыі «Беларусьфільм». З’яўлялася членам Экспертнага савета па кінавідэамастацтве Міністэрства культуры. З 2001 да 2015 гг. была старшынёй Рэспубліканскай экспертнай камісіі па прадухіленні прапаганды парнаграфіі, гвалту і жорсткасці.
У 2003 — 2010 гг. Ніна Ціханаўна Фральцова з’яўлялася членам савета па абароне дысертацый у Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору НАН Беларусі. З 2003 г. па 2021 — намеснікам старшыні савета па абароне дысертацый пры Беларускім дзяржаўным універсітэце па спецыяльнасці «Журналістыка (філалагічныя навукі)». Пад яе навуковым кіраўніцтвам абаронены кандыдацкія дысертацыі беларускіх і замежных аспірантаў.
Уклад Ніны Ціханаўны ў айчынную журналістыку, мастацтвазнаўства і беларускі кінематограф вельмі значны. Аб гэтым сведчаць яе ўзнагароды: нагрудныя знакі Міністэрства культуры «За ўклад у развіццё культуры Беларусі», Міністэрства інфармацыі «Выдатнік друку Беларусі», «За заслугі» РУП «Нацыянальная кінастудыя «Беларусьфільм», шматлікія Ганаровыя граматы. У 2010 г. прафесар была ўдастоена ганаровага звання «Заслужаны работнік Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта».
Калектыў Выдавецкага дома «Звязда» выказвае шчырыя спачуванні родным і блізкім Ніны Ціханаўны Фральцовай.