Пасля ўстанаўлення станоўчых тэмператур насякомыя, а менавіта яны нясуць найбольшую пагрозу дрэвам, абуджаюцца ад спячкі і адразу пачынаюць шукаць ежу. То-бок шкодзіць садовыя расліны. Зайдзіце ў сад у перыяд набракання пупышак і ўважліва агледзьце свае дрэвы. Убачылі нераскрытыя, ды яшчэ і з празрыстымі кроплямі? Пачынайце біць трывогу: гэта прыкмета з’яўлення яблычнага кветаеда — даволі небяспечнай пагрозы ўраджаю.
У чым небяспека?
Яблычны кветаед лічыцца адным з найбольш злосных шкоднікаў яблыні, . Кветаед невялікага памеру (дарослы жук дасягае ў даўжыню не больш 3-5 мм), шэра-бурай або карычневай афарбоўкі. Шкоду раслінам (а ласуецца ён не толькі яблынямі, але і глогам, грушамі, вішнямі і іншымі пладовымі дрэвамі) наносяць і дарослыя асобіны, і іх лічынкі. Пасля спарвання (гэта адбываецца, калі паветра прагрэецца да 10 °С) самка яблычнага кветаеда прагрызае нераскрыты бутон і адкладае там адно яйка. Праз 4-10 дзён з яго з’яўляецца лічынка і пачынае выгрызаць усё змесціва бутона, які ў выніку засыхае і не распускаецца. За сезон адна самка можа адкласці ад 50 да 100 яек, пазбавіўшы вас 50-100 яблыкаў. Такім чынам, калі своечасова не пачаць барацьбу са шкоднікам, то ён распладзіцца і пакіне вас зусім без садавіны. Таму бароцца з ім трэба пачынаць ранняй вясной, у ідэале — да пачатку лета і адкладання яек.
Народныя спосабы барацьбы
Адразу адзначым, што гэтыя спосабы — хутчэй прафілактычныя меры, бо сур’ёзнага ўздзеяння на насякомых яны не аказваюць. І ўсё ж... Варта апырскваць дрэвы настоямі, водар якіх адпуджвае шкодніка, напрыклад з цыбульнай шалупіны. Прыгатаваць яго нескладана: трохлітровую ёмістасць на 1/3 запоўніце высушанай цыбульнай шалупінай. Затым дадайце два літры вады, накрыйце крышкай і дайце настаяцца два дні. Па заканчэнні гэтага тэрміну настой працадзіце і дадайце ў яго 50 г здробненага гаспадарчага мыла. Усё старанна змяшайце. Перад апырскваннем развядзіце настой з вадой у прапорцыі 1:10.
Другі прафілактычны настой — з рамонку лекавага. Сухія кветкі рамонкаў (300-350 г) заліце 3 л гарачай вады і пакіньце на 10-14 гадзін. Затым працадзіце, дадайце здробненага гаспадарчага мыла (40-50 г) і дабаўце вады да 10 л.
Таксама можна выкарыстаць адвар палыну. 400 г высушанай травы (можна замяніць 1 кг свежай) заліце вядром кіпячонай вады і пакіньце на суткі настойвацца. Затым пастаўце на агонь і кіпяціце на працягу 30 хвілін. Працадзіце, дадайце 50 г
гаспадарчага мыла.
Механічныя спосабы барацьбы
Калі колькасць насякомых невялікая, а тэмпература паветра не перавышае 5–7 °С (у такіх умовах яблычны кветаед шэрхне і няздольны лётаць), можна паспрабаваць справіцца са шкоднікам механічным спосабам. Раніцай расцяліце пад яблыняй плёнку ці любую тканіну і патрасіце дрэва альбо пастукайце па ім доўгай палкай. Здранцвелыя жукі пачнуць абсыпацца на тканіну, а вам застанецца толькі сабраць іх і знішчыць. Калі дазваляе надвор’е, пажадана правесці такую працэдуру хоць бы тройчы. Пры надыходзе цяпла вышэй 10 °С устрэсваць яблыні ўжо няма сэнсу — шкоднікі проста пераляцяць на іншае дрэва.
Яшчэ адзін механічны спосаб барацьбы з кветаедам — устаноўка лоўчых паясоў. Насякомыя зімуюць на зямлі або каля яе (у апалай лістоце, у верхнім пласце глебы, у кары дрэва), а пры павышэнні тэмпературы да 5 °С пачынаюць падымацца ўверх, у крону. У момант «пераходу» іх змогуць спыніць клеявыя лоўчыя паясы, размешчаныя ў ніжняй і сярэдняй частках ствала. Жукі па шляху наверх прылепяцца да іх, і вам застанецца толькі час ад часу іх выдаляць.
Хімічныя сродкі
Калі ж вы ўпусцілі момант і колькасць насякомых стала пагрозлівай, прыйдзецца выкарыстоўваць хімічныя сродкі барацьбы — інсектыцыды.
Яны падзяляюцца на два віды: біялагічныя і хімічныя. Першыя бяспечныя, але і дзеянне іх непрацяглае, таму апрацоўкі прыйдзецца паўтараць некалькі разоў. Хімічныя інсектыцыды даволі эфектыўныя супраць яблычнага кветаеда, аднак выкарыстоўваць іх варта да цвіцення.
Лепшыя памочнікі — птушкі
Птушкі ў садзе — гэта не толькі аб’едзеныя плады, як лічаць многія, але яшчэ і надзейная абарона. І не толькі вясной, а круглы год. Асабліва карысныя ў садзе сінічкі. За суткі кожная з гэтых птушак з’ядае столькі насякомых, колькі важыць сама. Яны ўвесь год чысцяць пладовыя дрэвы і ягадныя кусты ад шкоднікаў. Лічыцца, што адна пара сініц з патомствам можа захаваць ад шкоднікаў да 40 пладовых дрэў.
Сарокі і вароны на дачным участку зімой, здаецца, нічога карыснага не робяць. Але на самай справе яны выдатна адпужваюць больш буйных шкоднікаў. Напрыклад, зайцоў, якія часцяком забягаюць на дачныя ўчасткі, каб паласавацца карой маладых дрэўцаў. Таму калі ваш сад стане родным домам для птушак, у ім не спатрэбіцца выкарыстоўваць хімікаты.