Top.Mail.Ru

Пажар вайны адлюстраваны ў прэм’ерным спектаклі Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек

Падчас прагляду спектаклю «Хутар» крык падступаў да горла. Нават калі даўно ведаеш гісторыю Сцепаніды і Петрака з аповесці «Знак Бяды», калі наогул добра ведаеш, што прынесла вайна на беларускія землі, то тэатральны твор можа ўзрушыць і прымусіць праз мастацтва перажыць шок, скіраваўшы ўвагу на сябе: а што маглі б вытрываць мы? Ці маглі б?.. Таму што гэты спектакль створаны не толькі дзеля расповеду... Ён у пэўным сэнсе псіхадэлічны і правакацыйны.


Зло не можа спарадзіць нічога апроч зла — такая думка гучыць у спектаклі (таксама як і ў аповесці Васіля Быкава «Знак бяды», паводле якой зрабіў інсцэніроўку рэжысёр-пастаноўшчык Яўген Карняг). Уся атмасфера спектаклю інфільтруецца злом — з першых жа разваг галоўных герояў пра тое, што адбываецца навокал, каго і як пакаралі ворагі, якія ўжо недалёка (раптам узнікаюць ногі павешаных, у паўзмроку сцэны гэта ўспрымаецца жудасна, ты ўжо не можаш аддзяліць сябе ад таго, што бачыш). Прыйшла вайна — і гэта татальная бяда для ўсіх. Па тварах гледачоў у зале пачынаюць бегаць промні асвятляльных прыбораў — нібыта шукаюць партызан-бандытаў ці тых, хто думае, што яго гэта не датычыцца. Не, усе мы ў адной прасторы, якая глыбока і надоўга атручана агульнай беларускай бядой. 

Не атрымаецца адсядзецца ціха на хутары, дзе два немаладых чалавека рупліва даглядаюць сваю гаспадарку — кароўку Бабоўку, курак, парсючка... Яны ўсё жыццё шмат працавалі — гэта зразумела па шэрых, быццам бы змораных тварах лялек, якія ўвасабляюць галоўных герояў: хударлявы Пятрок (яго «ажывіў» артыст Уладзіслаў Соладаў), але значна большая за яго Сцепаніда (яе ўвасабляе Наталля Кот-Кузьма). Гэта наогул ці не самая вялікая лялька на сцэне — і мы разумеем, што не проста так. 

Таксама вялікая лялька выяўляе нямецкага афіцэра, які прасоўваецца ў дзверы хаты — нібыта шкілет, на якім трымаецца галава монстра ці нямецкай машыны, якая нішчыць усё на сваім шляху. Ды і ворагі, якія з’яўляюцца на хутары — як механізмы, што стракочуць як аўтаматныя чэргі. Было б смешна глядзець на гэтую карыкатурнасць, калі б тут жа не матэрыялізаваўся вобраз чорных ботаў, якія топчуць нашу зямлю...

Іх прыспешнікі паліцаі, якіх гаспадары хутара даўно і добра ведаюць, — зусім маленькія лялькі. Бо маленькія людзі, нічога не вырашаюць, проста ж трэба некаму служыць ці карміць вялікую сям’ю... Праўда, з часам яны ператвараюцца ў вялікіх пачвар, падобных на Гужа, які служыць дзеля ўлады над іншымі і сілкуецца нянавісцю да актывісткі-Сцепаніды. 

Хутар1.jpg

За такія трапныя візуальныя характарыстыкі дзеючых персанажаў трэба падзякаваць мастаку-пастаноўшчыку спектакля «Хутар» Таццяне Нерсісян: маштаб і выяўленне кожнай лялькі — гэта своеасаблівы знак ці гаваркі сімвал таго, што адбываецца. Усе разам яны дапамагаюць перадаць атмасферу напружання, у якой існуюць галоўныя героі — немаладыя мірныя людзі. Здавалася б: ну, жывуць немцы ў іх хаце, гаспадароў выселілі ў істопку, але ж не забілі... Кароўку застрэлілі (на месцы, куды Сцепаніда выдаіла малако, каб не карміць немцаў, вырастае «малочная» трава), пухнатых курак пастралялі, але ж гаспадары самі жывыя... Тым не менш змрок паступова становіцца больш канцэнтраваным (асабліва, калі гіне бяскрыўдны пастушок Янка). А ў маленькім чалавеку ўзрастае вялікая лютасць. 

Прынамсі, пра гэта спявае жанчына за раялем (Кацярына Кошалева). Тыя думкі, якія ў аповесці прапісаны словамі аўтара, але ў спектаклі праз герояў іх агучыць немагчыма, атрымалі нечаканае выяўленне — праз музыку (аўтар — Кацярына Аверкава). Але нечаканае яно толькі для тых, хто яшчэ не ведае, якую нагрузку мае музычная частка ў спектаклях Яўгена Карняга. У дадзеным выпадку гэта не толькі дадатковая эмацыйная фарба: зробленыя ў стылі нямецкага кабарэ музычныя эпізоды быццам бы дапамагаюць падкрэсліць ненатуральны, пачварны характар таго, што адбываецца. А праз словы, што гучаць з вуснаў спявачкі, раскрываецца логіка паводзінаў герояў. 

Хутар2.jpg

Бо яны не надта гаваркія людзі, хоць у душы — вір думак і пачуццяў. Нават у Петрака, які зразумеў, што немагчыма прывыкнуць да новага ладу жыцця, нягледзячы на тое, што яму вярнулі скрыпку; што ніякая гарэлка не здолее задаволіць ненасытных здраднікаў-забойцаў, іх наогул немагчыма задаволіць: зло сілкуецца злом і памнажае яго. 

Вір думак круціцца і падчас з’яўлення прывідаў з мінулага, што не адпускаюць Сцепаніду і прымушаюць яе сумленне прасіць прабачэння. Так паступова яна нібыта падводзіць рысу пад мінулым жыццём і падыходзіць да галоўнага выбару... Знікае Пятрок — і вось тая мяжа, калі для яе жыццё сярод ворагаў немагчымае. Адзін чалавек — галава! (падчас вайны гэта той, хто мае магутную зброю) — дапамагае жанчыне з выбухоўкай. 

Але яе шлях іншы: яна ахвяра, у душы якой палыхаў пажар гневу, а пасля перакінуўся на хату. А колькі такіх хат палала па ўсёй Беларусі... 

Хутар3.jpg

«Хутар» — гэта сімвал нескаронай Беларусі, якая палала ад гневу і ўнутранага супраціву таму, што адбывалася на яе зямлі. І гэтае вострае адчуванне жудаснай несправядлівасці засталося ў людзях, а вогнішчы пажараў (нібыта далёкіх) дагэтуль абпальваюць нас, засведчыў спектакль. Таму што публіка, ведаючы аўтарскі падыход Карняга і гатовая бясконца глядзець на тое, ЯК ён вырашае тэму, трапіла ў пастку з-за таго, ШТО перажыла ў зале: больш за дзве гадзіны без перапынку ( а хіба ён быў на вайне?) нібыта ў аблозе з уласнымі думкамі пра тое, якія выпрабаванні мы здольныя былі б вытрымаць цяпер. Бо вайна — не нешта абстрактна-далёкае, яна мае розныя абліччы, у тым ліку ідзе ў душы чалавека, выпальваючы яе знутры выбарам: як паводзіць сябе, апынуўшыся сярод ворагаў, ці трэба выжыць любой цаной, альбо застацца сумленным чалавекам? Кожны з нас — частка чалавечага выбару, здзейсненага кімсьці на мяжы жыцця і смерці дзеля найвышэйшай справядлівасці — права на існаванне па ўласных правілах. А пра цяжкі выбар — і расповед няпросты (спектакль вельмі складаны тэхнічна і па-акцёрску, нездарма падрыхтаваныя два склады выканаўцаў). Адгукаецца, бо ў кожным з нас — іскрынка нескароных душ, якія ўвасобленыя на сцэне полымем пажараў. 

Хутар4.jpg

Хутар5.jpg

Ларыса ЦІМОШЫК

Фота: аўтара, дадзена тэатрам

Хутар6.jpg


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю