Вогненныя трагедыі, на жаль, не знікаюць са стужак навін. І хоць адзінкавыя няшчасныя выпадкі, якія адбыліся па прычыне няправільнай эксплуатацыі пячнога ацяплення, усё ж такі здараюцца, асноўнай прычынай узгаранняў у жылым фондзе па-ранейшаму застаецца неасцярожнае абыходжанне з агнём пры курэнні.
У ложку курыць — жыццё загубіць
Адна справа — курыць у прыватным доме, пры гэтым падвяргаць небяспецы толькі сябе і максімум сваю сям’ю. Іншая — рабіць гэта ў шматпавярховіку, што прадугледжвае значна большыя наступствы. Толькі пра гэта, на жаль, мала хто думае.
Так, у Маладзечне ратавальнікі днямі тушылі пажар у кватэры на пятым паверсе, а задымлены быў увесь пад’езд. Падчас разведкі супрацоўнікі МНС знайшлі ў калідоры на падлозе 34-гадовага сына гаспадыні кватэры, якога вынеслі на свежае паветра. Пацярпелы быў перададзены брыгадзе хуткай дапамогі і дастаўлены ў бальніцу. Усё ўказвае на тое, што прычынай узгарання стала неасцярожнае абыходжанне з агнём пры курэнні.
Аналагічнае здарэнне адбылося ў Брэсце. У кватэры на трэцім паверсе дзевяціпавярховага жылога дома ратавальнікі, якіх выклікалі суседзі, выявілі шчыльнае задымленне. На падлозе ў адным з пакояў без прытомнасці знаходзіўся гаспадар кватэры. Пацярпелага вынеслі на вуліцу і перадалі медыкам. Мужчыну 1971 года нараджэння, які, дарэчы, з’яўляецца беспрацоўным, шпіталізавалі. Агонь пашкодзіў маёмасць кватэры. На шчасце, абышлося без ахвяр. Паводле папярэдняй інфармацыі, да здарэння магло прывесці неасцярожнае абыходжанне з агнём пры курэнні.
Ад забавы да бяды
Вельмі сумна заканчваюцца і дзіцячыя забавы з запалкамі, іншымі небяспечнымі рэчамі. У канцы студзеня пра трагедыю ў аграгарадку Бастынь Лунінецкага раёна даведалася ледзь не ўся краіна — пажар забраў жыццё маленькай дзяўчынкі.
Устаноўлена, што ў момант узгарання ў доме, дзе адбылося няшчасце, знаходзіліся трое непаўналетніх дзяцей. Іх маці ў гэты час займалася гаспадарчымі справамі ў двары. Раптам яна ўбачыла, як двое яе сыноў, 2019 і 2021 гадоў нараджэння, выбеглі на вуліцу. Дзеці расказалі маме, што здарыўся пажар. Калі жанчына падбегла да хаты, увайсці туды ўжо было немагчыма, паколькі полымя з неверагоднай хуткасцю ахоплівала пакой за пакоем. Ратавальнікі, якія прыбылі на месца здарэння, знайшлі ў доме загінулую дзяўчынку — дзіцяці не было і двух гадоў. Папярэдняя прычына пажару — дзіцячае свавольства з агнём. Супрацоўнікамі МНС аказана псіхалагічная дапамога сваякам дзіцяці.
«Вельмі страшна, калі бацькі губляюць дзяцей, — заўважае псіхолаг сектара ідэалагічнай працы і кадравага забеспячэння Пінскага гаррайаддзела па надзвычайных сітуацыях Сяргей ГЕНЮШ. — Адразу ў іх узнікае пачуццё страху, крыўды, адмаўлення, усведамленне безвыходнасці і глыбіні страты, а далей — крыкі, слёзы, плач... Так было і ў гэтай гісторыі, якая падзяліла іх жыццё на „да“ і „пасля“. Таму важна было падтрымаць сваякоў, паразмаўляць з імі, супакоіць. Мама была ў цяжкім псіхалагічным стане, але яна змагла расказаць, як усё адбылося, змагла выплюхнуць эмоцыі. А з дзеткамі мы прайгралі сітуацыю, якая склалася (арт-тэрапія), каб знізіць іх псіхаэмацыянальнае напружанне і пачуццё страху».
Пажарныя апавяшчальнікі і іх выратаванцы
Парушэнне правілаў эксплуатацыі электрасетак і электраабсталявання магло прывесці да эвакуацыі жыхароў аднаго з інтэрнатаў у Магілёве. Аднак абышлося без гэтага: дзякуючы своечасовай спрацоўцы сістэмы пажарнай сігналізацыі дзяжурны персанал інтэрната зрэагаваў хутка і правільна. Калі ратавальнікі прыехалі да месца здарэння, узгаранне ўжо было ліквідавана.
Як высветлілася, калі спрацавала сігналізацыя, вахцёр інтэрната паднялася на трэці паверх, дзе ў адным з пакояў выявіла задымленне і ачаг гарэння. Выкарыстоўваючы спадручныя сродкі, яна хутка ліквідавала пажар.
У пакоі, дзе адбылося ўзгаранне, пражываў пенсіянер, які пасля інцыдэнту звярнуўся па медыцынскую дапамогу. Яго шпіталізавалі з лёгкім атручэннем прадуктамі гарэння. У выніку пажару былі пашкоджаны сцяна, штора, электрычны чайнік. Эвакуацыя жыхароў інтэрната не праводзілася: дзякуючы хуткай рэакцыі персаналу сітуацыя была своечасова ліквідавана.
Прычынай пажараў можа быць і звычайная няпамятлівасць людзей, асабліва гэта датычыцца асоб пажылога ўзросту. У канцы студзеня ратавальнікі тушылі агонь у прыватным жылым доме ў Слаўгарадзе. Полымя аператыўна ўтаймавалі, але яно паспела пашкодзіць маёмасць, сцены на першым і другім паверхах. Як пасля расказаў муж гаспадыні дома, які цудам застаўся жывым, ён паставіў на пліту гатавацца абед, а сам пайшоў у іншы пакой, дзе і заснуў. Разбудзілі мужчыну гукі аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў. Кінуўшыся на кухню, з дапамогай вады ён спрабаваў справіцца з агнём, але, усвядоміўшы марнасць спроб, пакінуў задымленае жыллё і даверыўся спецыялістам.
Пажарны апавяшчальнік выратаваў сям’ю і ў Буда-Кашалёўскім раёне. У момант узнікнення пажару ў доме знаходзілася ўся сям’я — муж, жонка і двое дзяцей 2010 і 2024 гадоў нараджэння. Мужчына своечасова (а гэта было ноччу) пачуў гук аўтаномнага пажарнага апавяшчальніка, адчуў пах дыму і вывеў сям’ю на вуліцу. Ратавальнікі ліквідавалі пажар. Паводле папярэдняй версіі, узгаранне справакавала кароткае замыканне электраправодкі.
— Устаноўка апавяшчальніка не патрабуе спецыяльных ведаў і навыкаў, — звяртае ўвагу намеснік начальніка цэнтра ўзаемадзеяння з грамадскасцю і СМІ МНС Анастасія ШВАЙБОВІЧ. — У камплекце да яго прыкладаецца падрабязная інструкцыя, якая ўтрымлівае ўсю неабходную інфармацыю аб прыборы, яго мантажы і правілах эксплуатацыі. АПА зусім не псуе інтэр’ера, яго крапежная пляцоўка замацоўваецца пры дапамозе шруб, а ўжо ў яго ўсталёўваецца сам прыбор паварочваннем па гадзіннікавай стрэлцы да ўпору. Працуе апавяшчальнік ад адной батарэйкі тыпу «Крона». Рэкамендуецца раз у год чысціць АПА ад пылу з дапамогай пыласоса і кожны месяц правяраць яго працаздольнасць шляхам націску на тэставую кнопку.
Гэты невялікі прыбор варты таго, каб яму ўдзялілі ўвагу: за ім — тысячы выратаваных жыццяў.