У Мінску пенсіянерка стала ахвярай тэлефонных махляроў і страціла Br7,5 тыс. Пра гэта паведаміла БелТА.
У міліцыю звярнулася 67-гадовая пенсіянерка, якая расказала, што стала ахвярай махляроў. Жанчыне патэлефанавалі нібыта супрацоўнікі камунальнай службы. Падманам яны выманілі пашпартныя даныя мінчанкі.
Далей у месенджары праз відэасувязь з ёй звязаўся «праваахоўнік». Ён паведаміў, што яе асабістымі данымі нібыта скарысталіся зламыснікі і ажыццяўляюць незаконныя фінансавыя аперацыі. Каб не стаць фігурантам крымінальнай справы і пазбегнуць вобыску, трэба было задэклараваць наяўныя грошы.
Жанчына паверыла аферыстам, сабрала больш за Br7,5 тыс., загарнула ў пакет і паклала ў скрыню. Пасля гэтага з ёй перасталі выходзіць на сувязь, а мінчанка звярнулася ў міліцыю.
Па гэтым факце заведзена крымінальная справа.
Праваахоўнікі нагадваюць, што не варта паведамляць незнаёмцам свае асабістыя даныя, а таксама рэквізіты банкаўскіх карт. «Калі вам тэлефануюць невядомыя з патрабаваннем задэклараваць грошы, перадаць іх кур’еру або пакласці на банкаўскі рахунак, неабходна тэрмінова патэлефанаваць па нумары 102», — падкрэслілі ў міліцыі.